Закон захавання кахання

Text
From the series: Жаночыя лёсы
Read preview
Mark as finished
How to read the book after purchase
Font:Smaller АаLarger Aa

5

Першы дзень заняткаў, сонечны і цёплы, парадаваў курсантаў і выкладчыкаў. Лекцыі былі ўводныя, усё толькі пачыналася, але Ада з Эмай, якія сядзелі за першым сталом, старанна запісвалі ўсё, што казаў лектар, з выглядам вучаніц-выдатніц. У час перапынкаў хлопцы выходзілі пакурыць, да іх далучаліся некаторыя з дзяўчат, абмяркоўвалі навіны літаратуры і геапалітыкі, апошняе слова ўваходзіла ў моду. Асабліва яго палюбіў Гоша Строма і выкарыстоўваў пры кожным зручным выпадку. Ён з першага дня не сыходзіўся ў меркаваннях і поглядах на геапалітыку Расіі і Украіны з азербайджанцам Эльханам Мамедам Задэ, і пычыналася бясконцая спрэчка, якую нельга было давесці да лагічнага канца, бо ў кожнага была свая праўда. Добра, што звінеў званок і пачыналася новая лекцыя.

Ада прыглядалася да аднакурснікаў. Сярод мужчын вылучыла афганца Латыфа, смуглявага з непрагляднымі чорнымі вачамі і правільнымі рысамі твару. Вельмі прыгожы быў Грыша Вепраў, светлавалосы, па-юначы стройны, які ведаў на памяць процьму вершаў і мог у любы момант па-майстэрску пачытаць што-небудзь, сваё ці чужое. Да паступлення на курсы ён працаваў у Сібіры ў нейкай філармоніі як спявак і чытальнік. Сімпатычнай выдавала Агнія Дымава, у вельмі акуратна пашытай уласнымі рукамі сукенцы. Ада высока ацаніла яе выраб, бо іншы раз таксама нешта бралася сабе шыць, але ці швы ў яе аказваліся занадта перацягнутымі, ці нешта кроілася не надта ўдала. Рэдка калі заставалася задаволеная тым шытвом.

Эма яе проста зачаравала выхаванасцю і ўвагаю. І ў першы ж дзень прапанавала наведаць Чыстыя Пруды, дзе некалі жыў Міхаіл Булгакаў. Пасля заняткаў яны няспешна пайшлі па вуліцы. Ада заўважыла галантарэйную лаўку і прапанавала зайсці. Памяшканне было маленькае, але набітае розным дробным таварам: ніткамі, стужкамі, напарсткамі, іголкамі. Ада звярнула ўвагу на карункі, прыцанілася, набыла два метры і сказала:

– Куды-небудзь прышыю.

Выйшлі з крамы і сутыкнуліся з Наінай Андрыянаўнай.

– Гуляеце, дзяўчаты? – спытала яна.

– А вы куды? – пацікавілася Эма.

– У гастраном купіць якіх харчоў.

– Ахвота вам цягнуць адсюль харчы, у вас жа Басманны рынак пад бокам.

– Ніколі не хаджу на рынак. У тым раёне мой былы муж жыве, не хачу з ім сустракацца.

– Чаму вы развяліся? – спытала Ада.

– Смешная гісторыя. Мы з ім жылі і не мелі дзяцей. Дактары казалі, што ён бяздзетны. І раптам ягоная сакратарка зацяжарыла. Ён паверыў і сышоў да яе. Вось і ўсё. З таго часу мы з Віктарам не бачыліся.

– Вы вельмі перажывалі? – спачувальна спытала Эма.

– Спачатку трохі бедавала, а пасля палюбіла і ацаніла волю. Куды хачу паеду, куды хачу пайду, калі хачу вярнуся. Можа, толькі трохі шкадавала, што не мела сваіх дзяцей. Але ў мяне столькі было курсантаў, бездаможных, як дзеці, што ім я аддавала душу і вольны час. Шмат хто з былых выхаванцаў тэлефануе мне, заязджае, гэта прыемна. З працаю мне пашанцавала. Я ж нават дысертацыю напісала. Магла б падацца ў выкладчыкі, лекцыю прачытала – і вольная! А мне гэтага мала. Хацелася працаваць з людзьмі і для людзей. Тое мне Бог і даў… Ну, шчасліва. Мне на той бок, – сказала Наінай Андрыянаўнай, узмахнула рукою на развітанне і пашыбавала да перахода.

Эма вяла Аду па старых вуліцах, расказвала пра маскоўскае жыццё, распытвала пра Бабруйск.

– У мяне там засталася маці, – сказала Ада. – Жыве яна на ўскраіне горада ў сваёй хаце. Бацька загінуў у аварыі, разбіўся на матацыкле з сябрам, малады яшчэ быў. Вось так мы і маемся нібы ў горадзе, але па-вясковаму: садзім грады, трымаем курэй, парася, іншы год дык і качак разводзім, але яны занадта пражорлівыя.

– А муж? Ты ж замужам, Наіна Андрыянаўна казала.

– Муж аб’еўся груш. Не пускаў мяне сюды, мы пасварыліся, а што будзе далей, час пакажа.

– Муж ды жана – адна сатана. Перамелецца…

– Ды я не бядую, жыву адным днём. Мне добра тут. І гэтага дастаткова. Між іншым, Чыстыя Пруды ў сярэднявечча называліся Паганым Стаўком, мусіць, тут былі язычніцкія капішчы. Таму і ўбачыў Булгакаў тут розную нечысць.

Эма здзіўлена зірнула на Аду і спытала:

– Адкуль ведаеш?

– Чытала… У сярэдзіне XVI стагоддзя тут знаходзіўся Літоўскі двор, куды прыязджалі прадстаўнікі Вялікага Княства Літоўскага. Яго тэрыторыя была агароджана высокім плотам, ахоўвалася царскімі вартаўнікамі, так што жыццё паслоў трохі нагадвала існаванне вязняў. Нашы купцы прывозілі тавары на знарок створаныя Панскія і Смаленскія іншаземныя гандлёвыя рады, бо і Смаленск тады быў яшчэ ў складзе ВКЛ. Туды наведваліся не толькі маскавіты, але з’язджаўся люд і з ваколіц. У лютым 1584 года сюды прыбыў дваццацісямігадовы Леў Сапега на чале вялікага пасольства, згодна са звычаямі таго часу прывёз у падарунак Івану Грознаму пародзістых коней з пазалочанай збруяй, пістолі, срэбны посуд і іншыя скарбы. Зараз ужо дакладна не помню, што там было яшчэ. Дамову падпісаў, дзякуючы прыроднаму розуму, эрудыцыі і выхаванасці…

– Цікавішся гісторыя?

– Наша гісторыя мала вывучаная. Найчасцей яе пісалі гісторыкі суседніх дзяржаў, пры гэтым заўсёды «цягнулі коўдру на сябе». Часам браліся і нашы нешта даследаваць, але ім, ачмурэлым ад камуністычнай ідэалогіі, мала што ўдавалася. Аднойчы зацікавілася казацкіямі паходамі на Беларусь і вычытала ў гісторыі БССР, выдадзенай на рускай мове: прыйшоў казак Гультай, яго пабілі і прагналі; прыйшоў казак Налівайка, яго разбілі і знішчылі. У канцы рэзюмэ: паходы ўкраінскіх казакоў на Беларусь сведчаць пра дружбу ўкраінскага і беларускага народаў. Як табе такая дружба?

Эма засмялася, а Ада дадала:

– Беларускую гісторыю трэба вывучаць па першакрыніцах, а не па савецкіх падручніках.

Непрыкметна яны прыйшлі да сажалкі з мутнаю вадою, спыніліся, Эма паказала на будынак насупраць:

– Тут жыў Булгакаў. Можам зайсці ў пад’езд.

Расчынілі дзверы, увайшлі ў паўцёмную прастору лесвічнай пляцоўкі, убачылі сцены, спісаныя спрэс прыхільнікамі вялікага празаіка.

– Што робіцца! – ахнула Ада. – Гэта трэба так спаскудзіць жытло! Эма, калі-небудзь і твой пад’езд такім чынам размалююць!

– У нас дамафон, не атрымаецца. Пайшлі, пастаім ля дзвярэй. Калі яшчэ сюды збяромся…

Яны падняліся па прыступках, пастаялі на пляцоўцы. Ада падумала, што жыў на свеце выдатны пісьменнік Булгакаў, розныя палітычныя і сацыяльныя акалічнасці не дазвалялі яму існаваць вольна і шчасліва, п’есы не ставілі, кніжкі не выдавалі. А пасля, калі ён памёр, успомнілі, пачалі ствараць кінафільмы і ставіць п’есы, кніжкі выдаваць. Хоць бы хто яму на той свет занёс гэтую радасць! І сказала Эме:

– Шкада пісьменнікаў, якіх не любілі і не прызнавалі пры жыцці. Пры спрыяльных умовах яны зрабілі б значна больш.

– Не думаю, – запярэчыла Эма. – Ведаю па сабе. Пакуль я была маладая, мела шмат праблем, тады і кніжкі пісаліся. А цяпер усё выдатна! Сям’я забяспечана, муж – добры чалавек, сын уладкаваны, а не пішацца. Спакойна і ціха на душы, быццам у калодзежы, дзе даўно ваду не чэрпалі.

– Лічыш, што пісьменніку патрэбны цяжкасці, што ён, як некаторыя кажуць, павінен быць галодны?

– Хоць і не хочацца мець асаблівых жыццёвых непрыемнасцей, але атрымліваецца, што без іх няма творчасці, няма моцных пачуццяў. Я іншы раз проста вар’яцею, гатовая нешта бязглуздае ўтварыць, каб узварушыць дрыгву будзённасці.

– Дзе вы бываеце, мо на прыроду выязджаеце?

– Ездзім на дачу, смажым шашлакі і гуляем у карты.

– А грады?

– Не, мы на такія подзвігі не здатныя!

– Прынясі мне, калі ласка, пачытаць сваю прозу, – папрасіла Ада.

– Добра. А ў цябе што? Толькі вершы?

– Ёсць некалькі апавяданняў і дзве аповесці, але ж яны напісаны па-беларуску.

– А ты перакладзі што-небудзь…

– Добра, паспрабую…

Ада з Эмаю накіраваліся да станцыі метро, па прыступках спусціліся да платформы і разышліся па розныя бакі. Адразу з грукатам падкацілася электрычка, Ада ўвайшла ў яе шматлюднае чэрава і паімчала ў новае сваё жытло. Гайдаючыся ў вагоне, яна падумала, што пасля заняткаў застаецца вольны час, можна хадзіць у гістарычную бібліятэку і шукаць цікавыя матэрыялы, што датычацца Беларусі. Маскву яна яшчэ паспее разгледзець, два гады наперадзе! На бліжэйшы час трэба было сабраць падборку вершаў, зрабіць падрадкоўнікі на рускай мове, каб падрыхтавацца да абмеркавання на секцыі паэзіі. Для гэтага варта ўзяць на пракат друкарку, не валачы ж яе з дому. А мо ў каго з хлопцаў ёсць тэхніка? Але вельмі не хацелася быць ад некага ў залежнасці, трэба разлічваць толькі на сябе і самой спраўляцца з уласнымі праблемамі.

Пасля вячэры яна ўзялася пераглядаць новыя вершы. Усё, што пісалася ў апошнія гады, было звернута да Касьяна ці апавядала пра яе пачуцці і перажыванні, надзеі і расчараванне, чакаканні і спадзяванні на шчасце сустракацца яшчэ і яшчэ… Пасля той першай сустрэчы, яна паслала яму артыкул, але адказу доўга не было.

Ада сабралася з духам і патэлефанавала. Мусіць, дома ён быў не адзін, бо адчувалася напружанасць у голасе. Плёў нейкую лухту, што на рыбалку не можа паехаць, бо ў яго рэпетыцыя і гэтак далей. Ада спытала, ці атрымаў яе ліст, ён адказаў коратка:

– Так.

Яна развіталася, паклала трубку і зараклася больш тэлефанаваць. Няхай жыве сабе чалавек, няхай будзе шчаслівы з уласнаю сям’ёю. Мусіць, спазнілася Ада з ім сустрэцца, а цяпер ужо нічога не паправіш. Аднак пад самы Новы год усё ж прыйшоў ад яго ліст, ёй захацелася перачытаць яго зараз. Яна дастала са стала спісаны і згорнуты ліст паперы, расправіла яго і пачала чытаць шэптам:

«Добры дзень! Даруй, калі ласка, што не адгукаўся, схіляю галаву сваю грэшную да ног тваёй літасці. Даруй. Бо пісаць лісты для мяне – пакута цяжкая. Сядзіш за сталом, як ёлуп, і думаеш, як сказаць тое, што хочацца, бо думка не сказаная, яшчэ не думка. А думка сказаная, тым больш напісаная, яшчэ не ўся – вось і пакутуеш. А раптам цябе не так зразумеюць.

Дзякую за артыкул, усё выдатна напісана, нават лепш, чым я сам пра сябе думаю. Навін асаблівых у мяне няма – жывём, хлеб жуём ды неба капцім. Так, калатуша нейкая, а не жыццё. Апошнім часам напісаў некалькі добрых вершаў і больш нічога – сумна і холадна.

 

Яшчэ раз даруй за доўгае маўчанне. Не хацеў цябе пакрыўдзіць, так атрымалася. А гэта табе плён майго доўгага роздуму:

 
Мне помніцца бераг празрыстай ракі,
Зялёныя вочы, рамонкавы бераг.
Нябачна ў нябёсах пяюць жаўрукі,
Воля і шчасце – без меры, без меры!
 
 
Мне трызніцца смеху твайго вадаспад
І ўздых (ад чаго – невядома) працяжны.
Мы поруч, з’яднаны пустэльняю страт,
Між намі кахання агонь недасяжны.
 
 
Згарае ўсё, успамінамі – попел,
Ды ў сэрцы – вачэй тваіх жаўрукі.
Я помню рамонкавы бераг і поплаў…
Даруй, Уладарка празрыстай ракі.
 

Дазволь павіншаваць цябе з надыходзячым Новым годам. Плёну і шчасця! Касьян Баламут. Яшчэ раз даруй. З твайго дазволу цалую тваю гжэчную ручку. Да пабачэння».

Калі Ада атрымала гэты ліст, дык здзівілася, чаму «недасяжны агонь кахання», калі яна кахае яго, а ён – яе? За што просіць даравання? Што хацеў сказаць? Адны загадкі. Сапраўды, цяжка зразумець чалавека правільна, калі ён сам сабе баіцца праўду сказаць. Ада кахала, але не спяшала навязвацца са сваімі пачуццямі, спадзявалася, што Касьян, якога яна найчасцей называла «мой Лятавец», летам прыедзе зноў, і тады яны разбяруцца з пачуццямі.

6

Касьян сапраўды прыехаў у жніўні, папярэдне патэлефанаваў ёй у рэдакцыю, а потым яны сустрэліся ў гасцініцы. У ягоным нумары працаваў тэлевізар. Касьян уладна абняў Аду. Дыктарка прамовіла:

– Мужчына ёсць мужчына.

Так супала. Было не зразумела, чаму яна гэта прамовіла? Які знак падавала? Але Касьян парывіста выключыў тэлевізар і зноў абхапіў Аду за плечы.

– Як жа я засумавала па табе, Лятаўчык мой! – прашаптала яна.

– Сумаваць не варта, мы ўсё нагонім. У нас цэлае жыццё наперадзе.

– Цяжкая справа – усё жыццё даганяць ды чакаць, – засмяялася яна. – А нельга неяк проста жыць, нічога не даганяць і не спаганяць?

– Мусіць, можна, толькі ў мяне не атрымліваецца. Хочацца шмат паспець – сказаў ён, яшчэ мацней прыціснуў да сябе жанчыну і доўга цалаваў.

Яна адказвала ўзаемнасцю, гэта былі хвіліны любасці, пра якія яна марыла, аднак не была да канца перакананая ў ягоных пачуццях, таму спытала:

– Ці кахаеш мяне?

– Анягож, – адказаў ён адным словам, і яна паверыла яму, бо прагнула пачуць прызнанне няхай сабе і так.

Потым было мілаванне, захапленне і пяшчотныя словы. Ён называў яе ластавачкай і сонейкам, чаго яна ніколі і ні ад кога не чула, што западала ў душу і заставалася там назаўсёды, як памяць пра лепшы час жыцця. Упершыню ў жыцці Ада адчула сябе часцінкаю другога чалавека, свайго Лятаўчыка. І гэта было дзіўна, бо такое адчуванне перажывала ўпершыню.

Праз тры дні Касьянавы справы былі скончаны, ён адвыступаў, адспяваў і паехаў. Ада адразу напісала яму, выслала новыя газетныя нататкі пра яго песні і талент. Дарэмна чакала званка ці ліста. Толькі аднойчы выпадкова ўключыла тэлевізар і ўбачыла яго з гітарай, ён спяваў і чытаў вершы. Яна падумала тады, што, мусіць, магла б усё жыццё праседзець ля тэлевізара, каб толькі глядзець на яго:

– Лятавец мой, Лятавец. Дзе ж ты лётаеш? Чаму ніколі не згадваеш пра мяне?

Яна набралася адвагі і патэлефанавала сама, сказала, што глядзела па тэлебачанні перадачу з ягоным удзелам, і вельмі ёй спадабаліся вершы. Пагутарылі не вельмі доўга, бо Касьян некуды спяшаў. Яна папрасіла напісаць ёй доўгі-доўгі ліст, ён паабяцаў і ўсё ж напісаў. Толькі давялося ёй чакаць некалькі месяцаў.

«Дзень добры, Сонейка, Сонейка-Слязінка!

Вось і пачаў гэты доўгі-доўгі ліст. Праўда, не маю пэўнасці, ці скончу сёння. Хаця і так затрымаўся з ім аж занадта. Даруй. Праўда, парываўся, але то тое, то гэта, адным словам – нечага не хапала. А можа, таму што я ўсё-ткі эгаіст, атрымаў ад цябе вестачку з аўраю дабрыні і любові і сяджу, як той ангельскі лорд, маўляў, мне добра, дык, пэўна, добра і ўсім.

Маўчанне, маўчанне, заснула душа, а мо і не прачыналася. Жыццё складаецца з суцэльнай бязладнай мітусні. Займаешся чорт ведама чым, толькі не сваёю душою. А яна ж птушка далікатная, падганяць цябе не будзе. Сядзі, куме, можа, выседзіш трасцу з халераю. Пі гарэлку, калі надта прыцісне, марнуй час.

Я ведаю, як цяжка жыць і помніць пра смерць, і ведаю, што іншага шляху няма, і ўсё-ткі жыву, як гарох пры дарозе. А засталося ўсяго нічога, агарак свечкі… Запаленай… Кім? Куды іду? Куды вядзе дарога? Як сплаціць тыя паскудствы, да якіх прычыніўся? А круглая поўня вісіць над светам, як бубен, стукае па сэрцы. Плаціць, плаціць!.. У гэтым свеце за ўсё трэба плаціць, нават за знічку, якая ляціць не ў твае далоні… За позірк… Значыць, усё залежыць ад таго, якімі вачамі ты глядзіш на гэты свет. Заблудзіўся, закруціўся з высалапленым языком, з няўцямнымі вычыма подбежкам шыбую да ямы, у якую буду падаць усю рэшту вечнасці. І сапраўды, без’языкі звон гайдаецца над галавою. Бом! Бом! Толькі аглухлы ўсё адно нічога не чуе. Бом! І паляцела пясчынка часу няўзнак ператварацца ў валун. Бом – і канат, які вяжа цябе з гэтым жыццём, выцягваецца ў тоненькую нітку. Бом! І замест торнай дарогі – балота! А ўсё ж наперакор усяму подбежкам, подбежкам…

Бывай здаровенькая, купальская зараначка».

Ада чытала, перачытвала гэты ліст і не знаходзіла нічога, чым магла б наталіць сваё каханне, каб яно расло і дужэла, каб імклівай ракой поўніла істоту. Гэта быў ліст ні пра што, каб толькі адчапіцца ад надакучлівай жанчыны. Ён здаволіўся яе каханнем, яна для яго толькі адна з мноства іншых, якія, магчыма, таксама дамагаюцца ягонай увагі.

Яна адступілася. Паміж імі ўсталявалася доўгае маўчанне, пакуль выпадкова не сустрэліся ў Вязынцы, дзе ладзілася Свята паэзіі. Сутыкнуліся лоб у лоб і хвіліну стаялі, быццам не пазнаючы адно аднаго ў дзіўным утрапенні. Пасля загаварылі разам, спехам, жартамі ды смехам. А праз колькі хвілін разышліся ў розныя бакі, бо Касьяну трэба было напрыканцы дня выступаць, спяваць песні ды чытаць вершы, а ёй шукаць спадарожны транспарт і памалу дабірацца ў Бабруйск. Адчуваючы віну за тое паспешлівае развітанне, ён прыслаў ёй яшчэ адзін ліст:

«Добры дзень, Зара-Зараніца! Шкадую, што так бязглузда, так недарэчна развітаўся з табою. Некуды бег, некуды спяшаўся, так хацелася сказаць галоўнае пра нашу занядбаную мову і гісторыю – ажно трэсла. А потым высветлілася, што нікому гэта не трэба, нас пакінулі на закуску павесяліць публіку. Калі ўжо і людзей амаль не было. Божа, як цяжка разварушыць гэтае балота абыякавасці да сваёй культуры, да мінулага народа, да саміх сябе. Заснула годнасць чалавечая, як той казачны волат, спавілі закалыхалі, ці дазволяць калі прачнуцца, невядома.

Абухом у свядомасць убіта, што гэтая ненармальнасць і ёсць норма. Маўляў, у цябе ніколі нічога свайго не было і не будзе, ты маленькая шэрая авечка з вялікага статку, ідзі туды, куды вядзе пастухова пуга і не пытайся пра шлях, бо нічога, акрамя лішніх пісягоў, з гэтага не прыдбаеш. Геній Брэйгеля сёння гучыць так, што ажно жудасна робіцца.

Дайшоў да нейкай мяжы, да глухога раздарожжа, а тут яшчэ “прэ́ласці” сямейнага жыцця. Я не скарджуся. Мой дзед казаў: “Кожны мае тое, што заслужыў”».

А далей быў верш, дзе лірычны герой звяртаўся з любоўю да невядомай жанчыны, называў планетаю любові і недасяжнаю зоркаю, але Ада ўжо не магла прымаць гэтыя параўнанні на свой кошт і безаглядна верыць радкам хаця б таму, што Касьян не напісаў, што прысвячае іх ёй. Мо проста хацеў паказаць новы твор.

 
Трывожны дзень, ашчодраны дажджом.
Ты адплыла планетаю любові,
Адцятая бязлітасным нажом
Сляпога лёсу… Божа, што з табою?
Шалёны вецер. Скроні студзіць золь.
Маўчыць прастор. Заві – не дазавешся.
Як балагол за мной вандруе боль,
Брыдзе ўслед па гарадах і весях.
Каго люляюць рэкі добрых рук?
Каму світае светлае прадонне
Душы тваёй?.. Гудзе настылы брук.
Золь літасцівіца суцешыць і прыгорне.
Над раздарожжам лёсаў і надзей
Палае зорка, што была табою.
Самотны, я малюся на цябе,
Планета запаветнае любові.
 

Яна падзякавала яму за ліст, паслала некалькі сваіх новых вершаў, але адказу не атрымала. На наступнае лета Касьян не прыехаў. І яна зразумела, што зорка яе душы, назаўсёды згасла на ягоным небасхіле, перастала існаваць. На яе звалілася дэпрэсія, не хацелася ні працаваць, ні варушыцца. Падумвала пра самазабойства і пісала спавядальныя радкі не для друку, сабе:

 
Зноў цемрай знішчана святло,
А смерць зацягвае сіло
Ды кліча йсці за ёю ўслед,
Каб сэрцу смуткам не смылець,
І абяцае вечны рай.
Памры і болей не ўмірай!
Ні звад, ні бедаў, ні пакут,
Увесь цяжар пакінеш тут…
Так лёгка крок у крок ступіць.
Жыць ці не жыць?..
 

Яна ўяўляла, як яе будуць хаваць, як збяруцца калегі, знаёмыя, суседзі, толькі Касьяна між іх не будзе. Ён нават не даведаецца, што яна памерла. Гэта спыняла яе. Як жа можна памерці і не развітацца з ім? «Ах, Лятавец, колькі тугі прынёс ты мне? Навошта ў нябёсы паклікаў, а потым пакінуў на грэшнай зямлі?» – з горыччу думала яна і трывала з апошняй сілы. Калі боль станавіўся невыносны, зноў прыходзілі думкі пра самазабойства:

 
Даўно ўжо мне няма куды ўцякаць,
Няма куды схаваць гаркоту думак.
Трымаю лёс, як амфару ў руках,
Разглядваю з усмешкаю і сумам.
Што там, на дне? Дапіць ці пачакаць?
А голас глухне ў малітоўным тлуме.
Трымаю лёс, як амфару ў руках,
Разглядваю з усмешкаю і сумам…
 

Нарэшце ўсё ж знайшла выйсце, зразумела: трэба нешта мяняць, нельга хаваць сябе зажыва. Вось і наважылася паехаць вучыцца ў Маскву, тады і паклікала яго з сабою.

Ён не адказаў на яе ліст. Яна зразумела, што яму яе прапанова не спатрэбілася і больш не турбавала, нічым не нагадвала пра сябе. Толькі калі ў ліпені атрымала паведамленне, што залічана на курсы, паслала Касьяну паштоўку, павіншавала з днём нараджэння і паведаміла, што едзе вучыцца. Дзіва дзіўнае – атрымала адказ.

«Дзень добры, Сонейка!

Атрымаў тваю паштоўку. Яна такая шчымлівая і сонечная, адпавядае майму настрою. Дзякуй!

Зайздрошчу табе, цэласнасці тваёй натуры. Змагла вырвацца з такога цёплага балота паўсядзённасці, працуеш, спеліш душу, імкнеш да мэты. А ў мяне не атрымліваецца так, за два гады нашкрабаў адзін вершык – вось і ўвесь набытак.

 
Самотніка чакала кара
Наканавання
Быць толькі сведкам
І рабом свайго маўчання.
 

Нядаўна сустракаўся з сябрамі, трохі мы перабралі за сталом, палезла з нас брыдота. А раней мы так добра разумелі адно аднаго. Мяняецца час і мяняе нас. Вось такая “геніяльная” выснова. Зазвычай я не п’ю, а тут як з ланцуга сарваўся. Цяпер разумею, што ўсё можна было зрабіць па-іншаму, але, мусіць, планіда ўжо такая. Не так даўно мне трапілася на вочы цытата, здаецца, Канфуцыя: “Усё будзе так, як будзе, нават калі будзе не так”. Бачыш, цягне мяне на філасофію, можа, у гэтым вінаватая твая паштоўка, бо сяджу і пішу гэты ліст, гледзячы на яе. Згадваю Вязынку, Бабруйск, Бярэзіну і цябе над ёю… Даруй асталопу. Плёну табе. Да пабачэння».

Гэты ягоны ліст быццам абяцаў працяг адносін, таму і думала Ада пра Касьяна ў Маскве, хоць і забараняла сабе, адгаворвала, але не здолела перасіліць парыванне. Напісала яму ліст да запатрабавання, расказала пра першыя дні вучобы, паведаміла адрас і тэлефоны, па якіх яе можна адшукаць і паслала. Спадзявалася, раптам знойдзе магчымасць і прыедзе да яе ў Маскву хоць на дзень. Якое гэта было б шчасце – вольна пахадзіць за руку па горадзе, пагутарыць, наслухацца і нагледзецца на яго! На ўсялякі выпадак праз тыдні два яшчэ і патэлефанавала яму, папярэдзіла, што ліст чакае яго на пошце, але тады нехта быў дома з сямейнікаў, таму размаўляць доўга не маглі. Ада засталася чакаць. Цяпер, перабіраючы ў памяці згадкі, яна з цеплынёю думала пра той час, бо нічога больш светлага і прыгожага не было ў яе жыцці. Безумоўна, першае пачуццё закаханасці яна зведала яшчэ ў школе, але гэта было дзіцячае захапленне, калі з хлопчыкам, які ёй падабаўся, яна нават не адважвалася загаварыць.

Ахопленая ўспамінамі, Ада доўга не магла заснуць, не ўдавалася спыніць плынь думак, нешта спрабавала рыфмаваць, але бачыла, што атрымліваецца лухта і пакінула гэты занятак. Варта было ёй задрамаць, як нехта зноў пачаў малаціць у дзверы. «Якому дурню не спіцца? – злосна буркнула сама сабе, але адчыняць дзверы і не падумала. – Гэта ж якім трэба быць баязліўцам, каб ноччу, употай, стукаць да жанчыны?..»