Хаціна

Text
Read preview
Mark as finished
How to read the book after purchase
Font:Smaller АаLarger Aa

Іншыя ж салдаты разляцеліся па небе і хаатычна прызямляліся хто куды, па-рознаму знаходзячыся ад пункту збору.

Магутны грукат грому хваляй рассякаў вільготнае паветра. Быццам уся зямля задрыжала ад яго шуму. Алесь здрыгануўся, прачнуўся ад тужлівых думак і вярнуўся да акружэння. Узяўшыся за зброю, не разумеючы, у якой вайне ён жыве, Алесь хацеў ведаць, хто і дзе яго ворагі. Аднак, не беручы ў разлік надвор'е, паблізу было ціха. Ніякіх чалавечых крокаў або слоў ён не чуў. Тут жа дробны дождж, імжа, абмывала брудную форму салдата. Гідкі пясок сцякаў з яго галавы, па спіне і нагах. Бруд хутка адбіваўся ад шчыльнай тканіны ваеннай уніформы. Калі ж вецер узмацніўся і павеяла пахам мора, Алесь выцягнуў скручаны чорны плашч з пятлі ў нізе заплечніка. Пасля перавесіў заплечнік на спіну. Хутка разгарнуў плашч і накінуў на сябе тонкую чорную ахову. Ён працягваў стаяць на месцы, круціў галавой, вадзіў вачыма, быццам чагосьці чакаў. Алесь адчуваў, як плашч пачаў саграваць яго цела. Голы твар лавіў часцінкі рэдкіх, зусім дробных кропель. Паветра станавілася больш вільготным.

Над галавой разрасталася велізарная хмара, якая, тут жа, звонка загрукатала і следам пусціла ўніз вялікія кроплі вады. Тады ж і пайшоў праліўны дождж. На вялікі горад, на яго разваліны, руіны і на будынкі, што засталіся амаль ацалелымі, хлынула нябесная вада. Яна ручаём, шумна сцякала па бетонных плітах на друзлую і цвёрдую глебу нізін, утвараючы сабой вялікія лужыны. Назапашвалася ў салдацкіх траншэях і напаўняла сабой шырокія варонкі ад варожых бомбаў. Пыл таго абстрэлу заснуў у гразі шэрага горада.

Маланкі, адна за адной, працягвалі сеяць святло. Дзякуючы гэтаму Алесь змог агледзецца.

Аддзяліўшыся ад усіх, Алесь не адпускаў напружаны і чакальны стан. Але пасля чарады б'ючых маланак, хлопец двума рукамі моцна схапіўся за стралковую зброю і вырашыў, што пара дзейнічаць. Першай справай ён паглядзеў, што ж робіцца за траверсам ззаду яго. Горы разбітых бетонных сцен, жалеза, ляжалі далёка ад траншэі. У акрузе, у гразі ўсё ўсеяна мёртвымі целамі. Іх было занадта шмат. Малая частка з іх была апранута ў тую ж шэрую вайсковую форму, што насіў Алесь. Веяла пагрозай. Ад гэтага хлопцу стала няёмка і страшна, уся гэтая атмасферная карціна вайны палохала несапраўднага салдата. Алесь ніколі раней не ваяваў, а тым больш не бачыў столькі загінулых людзей. Не сабраўшыся з думкамі, Алесь у страху зноў схаваўся ў траншэі, апусціў галаву і застыў на месцы. Ён хаваўся ад мёртвых, бо думаў толькі пра іх, а не пра тое, як прадоўжыць шлях. У той разгублены момант ён адчуў мяккі дотык па назе. Нечаканы разрад маланкі асвятліў усю прастору – пад нагамі Алеся, у бруднай вадзе ляжала дарослае мужчынскае цела ў бела-чорным камуфляжы. Яго мёртвы зялёны твар, з адкрытымі чорнымі вачыма, цьмяна абмалёўваўся пры секундным святле. Ён быў жахлівым і вельмі страшным. Зялёная галава, як і ўсё цела, калыхалася ў каламутнай вадзе. Калі ж яркае святло маланак згасла, зніклі ўсе абрысы мерцвяка і цела злілося з цемрай. Тады забіты зноў дакрануўся правай нагі Алеся.

Хлопец адскочыў, адышоў ад цела. Ад жаху ён хутка пайшоў па траншэі, пераступаючы нежывыя целы на сваім шляху. Моўчкі, па змрочнай муці, у дождж і ў дрыготкім вар'яцкім святле маланак Алесь накіроўваўся ў бок будынка з чырвоным дахам. Ён як звер імчаўся наперад, адчуваючы неспакойнасць душы і халодны страх сэрца. Ногі цяжка ішлі, рукі слізгалі аб пясчаныя сцены, па якіх хутка сцякала дажджавая вада. Калі ж салдацкае ўмацаванне скончылася, Алесь, не задумваючыся, цяжка вылез на паверхню. Аддыхаўся, супакоіў сябе тым, што нарэшце ён быў наверсе. Затым шырока адкрытымі вачыма, пад уплывам начной цемры, хлопец паспрабаваў агледзецца па баках. Маланкі ўжо не так часта гулялі ў небе, а тоўстыя кроплі вады падалі перад яго тварам, сцякалі па яго плашчу. Вакол было змрочна і мокра. Цяжка было выразна ўбачыць гарадскія далі. Начны праліўны дождж маскіраваў мясцовасць, сціхалі шумныя навальнічныя разрады. Усё радзей асвятлялася мясцовасць перад салдатам, здавалася, што вось-вось святло зусім знікне і пакіне маладога хлопца ў поўнай цемры. І ў гэтае імгненне, калі Алесь яшчэ стаяў недалёка ад траншэі, здалёк, нечакана пачуўся адзіночны стрэл, які яшчэ больш азмрочыў дух хлопца. А затым з левага боку пачулася кулямётная чарга і ў бок напалоханага салдата паляцелі кулі, якія свяціліся ў цемры. З назапашанай злосцю і з вялікім страхам, у секунду небяспекі хлопец зрабіў некалькі хуткіх крокаў наперад. Ён не чуў, як аб цвёрдую паверхню біліся кулі, як яны злосна свісталі вакол яго цела: шумеў дождж, шумеў капюшон на галаве, шумела сэрца. Калі ж яшчэ з большай сілай загрукатаў кулямёт, Алесь стаў хутка бегчы наперад, амаль не бачачы нічога перад сабой. Спатыкаўся, стукаўся і падаў. Хутка ўставаў. Неакуратна перабіраў ногі ў палохаючай начной цемры. Бег да таго часу, пакуль не ўпёрся ў паўразбураны будынак, у яго ацалелую частку першага паверха. Алесь схаваўся тут, у цёмным куце пад плітой, што калісьці падзяляла першы і другі паверх, а цяпер схілілася: адзін край да падлогі, а другі трымаўся за сцяну. Хлопец відавочна не хаваўся ад моцнага дажджу, які не пераставаў паліваць разбураны горад. Алесь баяўся жахлівай ночы і варожых куль. Некалькі гадзін праведзеных тут сталі для яго катаваннем. Прыціснуўшы калені да сябе, перакуліўшы капюшон плашча за спіну, радавы падоўгу ціха сядзеў і ўслухоўваўся ў кожны шоргат, у кожнае дакрананне кропель да бетону, глебы. Ён чуў незнаёмую гаворку, павольны тупат чаравікоў. Салдаты праходзілі побач. Яны, як паляўнічыя, якія вось-вось знойдуць загнанага ў вугал спалоханага звера. Хлопец упершыню ў сваім жыцці трымаў у руках аўтамат і ў той момант ён моцна трымаў яго перад сабой. Алесь рэзка круціў галавой па баках і страшна ўяўляў сабе, як яго знойдуць, як першым падзе гарачая гільза з чужой зброі. Паступова крокі і шэпт салдат згасалі, усе чалавечыя гукі павольна аддаляліся ад яго. Хлопец яшчэ доўга сядзеў у халодным поце. Яму здавалася, што яго атачылі ворагі і чакаюць, калі ж ён сам выйдзе з цёмнага кута.

За гадзіну непагадзі ўся паверхня астыла, злёгку падзьмула халодным паветрам. А праз гадзіну, праз шэрыя аблокі пачало цьмяна прабівацца святло круглага месяца, які адкрываў змрочны вясновы страх вайны.

Пасля Алесь хвалююча і аглядаюча, не спяшаючыся адважыўся выйсці з-пад жалезабетоннай пліты. Час сядзець і чакаць для яго скончыўся. Ён рызыкоўна паспяшаўся ісці далей. Нявопытны салдат, як дзіця з хмурным тварам, працягваў прабірацца наперад. Цвёрдая падэшва ступала то на жалеза з бетонам, то на мяккую і цвёрдую глебу, то на дробныя лужыны. Алесь абыходзіў застылыя целы людзей. Ён ішоў без усялякіх дакладных каардынатаў, спадзяваўся толькі на сваю зрокавую памяць. Бо ў момант скачка ён бачыў толькі чырвоны дах будынка і тады, у галаве, ён маляваў сабе адлегласць, запамінаў, у якім жа баку знаходзілася ад яго кропка збору. Па-ранейшаму ў галаве круціліся розныя думкі: ад няўдалага завяршэння шляху, да хуткага вяртання да дому; ад сям'і, да смерці. Ён часта азіраўся назад, каб даведацца, ці няма за ім варожых салдат. Вакол без краю цягнецца забіты горад. Неспакойная ноч станавілася празрысцей пад месяцовым святлом. Было хоць нешта відаць. Алесь быў рады гэтаму шару, які свяціў у небе, які палягчаў салдацкі шлях, даваў шанец на лепшы зыход.

Вецер сціх, спыніўшы невялікую шэрую хмару над Алесем, пакідаючы адкрытую прастору для месяца. Зноў пасыпаўся дробны дождж. Алесь накінуў капюшон і, пад прыгажосць беласнежных кропель, якія свяціліся ад святла месяца, незадаволена блытаў нагамі. Стомленасць авалодвала хлопцам з кожным яго метрам шляху. Здавалася, што цяжкая ноч зусім не скончыцца. Было слізка, непрыемна і цяжка. Ён крок за крокам, павольна рухаўся наперад. Ногі пастаянна чапляліся за нешта, з'язджалі ў бок, патаналі ў гразі. Алесь адчуваў у сабе не толькі злосць, але і няўдачу сваіх рашэнняў, гаворачы сам сабе, што далей будзе яшчэ горш.

Пазней, скрозь шэрасць, халодны світанак прапускаў першыя прамяні жоўтага сонца. Світала. Працягваў злёгку імжыць дождж. Ранняй змрочнай раніцай было ўжо добра прыкметна, як раскідала мёртвыя целы ад выбухаў, як кавалкі жалезабетону хавалі мінулую мірную зямлю, як кроў вайскоўцаў мяшалася ў гразі з крывёю цывільных, як крыкі дарослых і дзяцей ад баявых ран зніклі разам з грукатам абстрэлаў. Хлопец страціў яснае бачанне. Было цяжка зарыентавацца, з усіх бакоў пахла порахам і смерцю. Холад пранізваў усю душу салдата. Ён страціў стомленасць і цяпер ішоў усё хутчэй і хутчэй. З апошніх сіл уцякаў ад застылай цемры мінулых падзей.

Дробны дождж шчыльнай імжой перашкаджаў глядзець наперад. Алесь абыходзіў чарговы разбураны шматпавярховы дом, выходзіў з-за вугла тоўстага абломка. Як тут жа, ён наткнуўся на невядомага салдата, які гатовы быў страляць. Алесь моцна спалохаўся ад нечаканай сустрэчы. Яго вочы замітусіліся. Па бледным целе прабеглі дрыжыкі. Спатыкнуўшыся ад спалоху крыху назад, ён адной нагой стаў на абломак чырвонай цэглы. І ад таго, Алесь, не жадаючы, сагнуў правую нагу ў калене, ледзь было не паваліўся на мокрую груду смецця.

Перад Алесем стаяў чалавек сярэдняга росту, у чорным плашчы, які зусім не чакаў убачыць радавога Траўніка перад сабой. Ад раптоўнай сустрэчы аўтамат незнаёмца гатовы быў выпусціць кулю ў разгубленага хлопца, але той саўладаў з сабой і апусціў зброю.

– Эй, не дрыжы ты так! Пайшлі. – з упэўненым тонам прамовіў незнаёмы, падаў руку Алесю.

5.

У цэнтры горада, сярод разбураных дамоў, стаяў адзіночны некрануты двухпавярховы будынак. Дробныя кроплі дажджу працягвалі біць па яго чырвонаму даху. Вецер злёгку заганяў дождж у незашклёныя вокны пабудовы. А малюсенькія пырскі мачылі апошнія каляваконныя пыльныя куткі паверхаў.

Сцены першага паверха цвёрда трымалі на сабе ўвесь будынак, нягледзячы на часткова абсыпаную, расколатую белую тынкоўку. На пыльнай падлозе ляжала мноства разламаных і ацалелых драўляных рам выставачных карцін. Саміх жа палотнаў на першым паверсе відаць не было. Адно металічнае крэсла, перавернутае ножкамі ўверх, тырчала з кучы рознакаляровага смецця. Паўсюль былі раскіданыя гільзы. Некалькі кавалкаў чырвонай цэглы валялася каля сцен. Вельмі шмат дробных аскепкаў ад пабітага шкла і люстэркаў. Жалезабетонная лесвіца, якая злучала два паверхі, знаходзілася ў паўразбураным стане. У ёй не хапала некалькі цэлых прыступак. Уваходных дзвярэй таксама не было і холад вольна гуляў па ўсіх памяшканнях. Каля шырокага дзвярнога праёму ляжала пара мёртвых салдат, іх яшчэ мінулым днём зацягнулі сюды, падчас выбухаў ад бомбаў і мінамётаў. Целы былі накрытыя цёмна-зялёнай тканінай, якая хавала халодныя твары салдат.

 

Капітан Катляроў, які кіраваў усёй дэсантна-штурмавой групай салдат, набліжаўся да будынка. За яго спіной, услед за ім, ішлі двое салдат. Камандзір быў упэўнены ў тым, што ён першым убяжыць у ацалелы будынак з двума салдатамі. Але тут, у закінутай карціннай галерэі, ужо знаходзіўся радавы Агуркоў. Каравокі, высокі, худы хлопец з выцягнутым тварам, злёгку падрыгваў ад халоднага патоку паветра, што цягнуўся з усіх вокнаў. Салдацік не здымаў з сябе ўжо высахлы чорны плашч з цела, ён ахутаўся ім, спрабаваў, як мага больш, сагрэцца. Сціснуўшыся ў сухім куце, Агуркоў сваімі тонкімі пальцамі піяніста, трымаў перад сабой аўтамат. Пры гэтым напружана ўслухоўваўся ва ўсе навакольныя гукі.

У момант, калі ў будынак увайшоў устрывожаны камандзір з двума салдатамі, юны Іван Агуркоў хутка падняўся з падлогі, выпрастаўся і прыбраў з бледнага твару разгублены выгляд. Плашч раскрыўся і Агуркоў усім сваім целам імгненна адчуў і прыняў увесь холад вясновай раніцы. Ён задрыжаў яшчэ мацней.

Круглатвары Катляроў, ступаючы на дробныя аскепкі шкла, падышоў да Івана.

– Ты тут адзін? – спытаў з сур'ёзным выглядам капітан, апусціўшы шырокія русыя бровы над блакітнымі вачыма.

– Так дакладна. – адказаў Агуркоў, і сціснуў усе свае цягліцы тонкага цела, каб пазбегнуць дрыжыкаў перад капітанам.

Затым, калі Катляроў адышоў, радавы тут жа расслабіўся і зноў задрыжаў.

Упэўнены ў сабе камандзір не давяраў Агуркову з-за яго юнага ўзросту, лічыў, што Іван не абыходзіў усе памяшканні, а проста сядзеў тут у чаканні прыходу яго таварышаў па службе. І каб пераканацца ў словах Агуркова, Катляроў моўчкі паказаў рухам рукі і пальцаў радавому Зуйко агледзець памяшканні першага паверха.

У гэты час да Агуркова падышоў саракапяцігадовы салдат Мельнік.

– Не бойся ты, вайна заўтра скончыцца. – аптымістычна вымавіў мужчына.

– Я не баюся. Гэта ўсё ад холаду. Я ж паўднёвец. – скрозь дрыгаценне шырокіх вуснаў адказаў Агуркоў.

Затым камандзір Катляроў звярнуўся да іх дваіх:

– Хопіць балбатаць! За працу. На пазіцыі! – загадаў Катляроў, паказваючы рукамі на пасты радавых.

Будынак, у якім знаходзіліся салдаты, меў асаблівую канструкцыю: франтальная частка была з ваконнымі праёмамі на ўсіх паверхах, бакавыя сцены былі цалкам забудаваны, задняя частка мела вокны толькі на другім паверсе і адны дзверы на першым. Таму тут было зручна хавацца да пачатку ваеннай аперацыі.

Для камандзіра Катлярова сённяшняя раніца была змрочная і сырая, чым мінулая. Шыракаплечы камандзір зняў з сябе чорны плашч і павесіў яго на тоўсты цвік, які тырчыў у сцяне. Кінуў у бок каску і надзеў на лысую галаву шэрую, з жоўтымі палосамі фуражку. Непрыемныя пачуцці кранулі яго душу.

Радавы Зуйко хутка вярнуўся і стаў перад ім.

– Капітан? Усё чыста! Запасны выхад завалены, усе памяшканні пустыя і не маюць пагроз. Чакаю далейшых указанняў.

– Бачыш паўразбітую лесвіцу? Збудуй што-небудзь, выпраў яе і забярыся на другі паверх. Агледзься там, пасля далажы мне. – упэўнена цвёрдым голасам прамовіў Катляроў.

Светлавалосы, схуднеўшы за апошнія дні вайны, дваццаціпяцігадовы хлопец Зуйко быў сапраўдным салдатам. Яго жоўта-зялёныя вочы на авальным твары не ведалі стомленасці і заўсёды накіравана глядзелі наперад. Невысокага росту хлопец адказна выконваў усе загады камандзіра. Зуйко зняў з галавы капюшон і пару кропель упалі на яго завостраны нос, на ружовыя шчокі і хутка сцяклі на тонкія сухія вусны.

– Слухаюся, капітан. – глухім голасам адказаў радавы.

Ён тут жа ірвануў з месца да паўразбураных шэрых прыступак, што вялі наверх. Салдат горда перасунуў зброю за спіну, схаваў яе пад плашчом і старанна стаў шукаць прыдатны матэрыял.

Катляроў падышоў да цэнтральнага дзвярнога праёму, прыпадняў сырое цёмна-зялёнае палатно, паглядзеў на варожыя мёртвыя целы і незадаволена скрывіў свой круглы твар. Выразныя маршчыны акружылі яго блакітныя халодныя вочы. На бетоннай падлозе ляжалі два бяззбройных салдата: мужчына і жанчына. Мабыць, пасля іх смерці, хтосьці скраў іх вінтоўкі. Целы былі ў чорна-белай камуфляжнай экіпіроўцы, на грудзях былі зялёныя лічбы. У аднаго з мёртвых людзей галава чамусьці знаходзілася без ахоўнага шлема. На жаночай зялёнай скуры твару былі дробныя раны і застылая цёмна-чырвоная кроў. Яе зялёныя вусны злёгку збялелі, кароткія чорныя валасы былі запэцканыя пылам. Капітан пераканаўся ў тым, што пад цёмна-зялёным плашчом ляжалі салдаты яго праціўніка. Затым вярнуўшы палатно, ён закрыў іх целы і адышоў. Катляроў трывожна падумаў аб сваіх салдатах, як жа хутка парадзела яго невялікая і не гэтак навучаная група, што двое салдат, да світання, па-ранейшаму не дабраліся ў гэта месца. Магчыма, іх мёртвыя целы ўжо ляжаць дзесьці ў гразі, забітыя зялёнымі людзьмі. Камандзір хутка адпусціў цяжкія думкі, адкінуў балючы погляд і паспяшыў разабрацца з варожымі мёртвымі целамі.

– Агуркоў, Мельнік, да мяне! – ціхім голасам заклікаў высакарослы камандзір.

Радавыя салдаты знаходзіліся непадалёк ад яго, дзяжурылі ля вокнаў. Па іх чорных плашчах сцякалі празрыстыя кроплі вады. Рукі салдат злёгку прамерзлі ад халоднай непагадзі, прасілі цяпла. Салдаты хутка кінулі погляд на камандзіра і разам паспяшаліся да яго. Знялі капюшоны, пад якімі хаваліся шэрыя каскі.

– Трэба прыбраць забітых з праходу. Адцягнуць іх у той бок. – паказаў Катляроў на вузкую сцяну, у цэнтры якой праглядалася чырвоная цэгла ад абваленай тынкоўкі.

Сам жа Катляроў заняў пазіцыю Мельніка, прадоўжыў сачыць за гарадскім разбураным наваколлем.

Худы, як трасцінка, Іван Агуркоў палахліва глядзеў на мёртвых салдат і неахвотна выконваў загад камандзіра. Ён усё часцей папраўляў каску, якая павольна спаўзала яму на вочы. Агуркоў меў нястрыманае жаданне пакінуць службу, але не меў уяўленне, куды дзявацца пасля. Хлопец і паўгода не праслужыў у войску, як яго кінулі на вайну. Яму было цяжка ўспрымаць ваенны час: глядзець на загінуўшых, чуць выбухі і стрэлы.

Кінуўшы апошняе цела да сырой сцяны, з вусн Агуркова пачуліся ўздыхі, а затым словы.

– Я ж магу ляжаць таксама, мёртвым… – прашаптаў юнак, ды так, што яго пачуў Мельнік.

– Трэба думаць аб іншым, што мы вернемся дадому да сваіх блізкіх. Што чакаюць нас… Хутка скончыцца вайна… Вось завершым заданне і перамога наша. Так што, збярыся, хлопец, і давай закрыем гэтую змрочную тэму. – упэўнена сказаў Мельнік, папраўляючы сваю шэрую ўніформу.

Яшчэ за тыдзень перад адпраўкай на гэтае заданне моцны духам мужчына Леанід Мельнік не раз чуў ад Агуркова падобныя словы на трэніроўках і пасля іх. У тыя дні Мельніку не было да канца вядома, што ж на самай справе адчуваў хлопец. Ён толькі прадбачыў і падтрымліваў радавога ў цяжкія ваенныя хвіліны. Мужчына глядзеў на хлапчука Івана, як на сына. Перажываў за яго. Думаў аб тым, што ж будзе з ім, там, на лініі фронту? Як павядзе сябе гэты хлопчык у сапраўдным баі?

У адрозненне ад юнага Івана, саракапяцігадовы Леанід у свае маладыя гады праслужыў два гады ў разведцы, а пасля, вярнуўся дадому, завёў сям'ю. Мірна жыў да прыходу вайны. А калі пачуліся першыя выбухі бомбаў, яго двое сыноў першымі сышлі на фронт, а праз тыдзень, следам, быў прызваны сам ён. Да сустрэчы з Агурковым, мужчына ўжо прайшоў некалькі ваенных заданняў, яму не раз даводзілася змагацца за сваё жыццё. Нямала ён пабачыў смерцяў у апошні ваенны час. І за гэты перыяд бітваў Леанід не пераставаў думаць пра дзяцей, аб каханай жонцы Наталлі, што засталася чакаць сваіх мужчын у маленькай вёсачцы.

Агуркоў ужо перастаў дрыжаць, але цяжкія думкі не давалі яму супакоіцца. Імі ён працягваў палохаць сябе, не адводзячы вачэй ад мёртвых целаў.

Мельнік, бачачы насупраць страшны погляд салдата, хутка закрыў трупы палатном. Затым павярнуў юнака да сябе, маючы намер яго адцягнуць. Але не паспеў сказаць ні слова, бо яго апярэдзіў сам Агуркоў.

– Чаму ты ўпэўнены, што мы паспяхова завершым ваенную аперацыю? Ёсць жа варыянт, што хтосьці памрэ з нас! – песімістычна сказаў Іван і моцна сціснуў скулы.

– Хопіць, Іван! Перастань так думаць. Хіба ў цябе няма чалавека, для якога трэба жыць? – раздражнёна спытаў Мельнік.

– Ёсць такі… Але я не хачу ваяваць. Я не хачу забіваць. Я хачу дадому!.. Добра, я паспрабую знайсці ў сабе сілы, буду думаць пра маму. – хлапчук працягнуў халодную руку Леаніду для поціску, імкнучыся адкінуць дрэнныя думкі.

– Ты справішся. – адказаў мужчына і, па звычцы, моцна сціснуў руку калегу. – Усё будзе добра. Ты, галоўнае, трымайся за мяне. Зразумеў? – погляд у Мельніка быў незалежны і моцны.

– Так. – не разважаючы, адказаў Іван, пляскаючы чорнымі вейкамі.

Размова хутка сціхла, трэба было вяртацца да вокнаў. Радавы Мельнік паспяшаўся змяніць камандзіра, які ўжо стаяў каля ўваходу і пільна сачыў за сітуацыяй па-за будынкам.

Пасля, капітан Катляроў паправіў чорныя пальчаткі і адышоў ад салдат, шырокімі крокамі падышоў да свайго пакінутага плашчу, страсянуў з яго апошнія кроплі. Затым сваімі буйнымі пальцамі ён выцягнуў з кішэні шэрай уніформы рацыю. Уключыў яе. Акрамя шуму перашкод і перыядычнай цішыні, рацыя нічога не перадавала. З вялікім засмучэннем, ён кінуў бескарысную сувязь і злосна прагаварыў пра сябе некалькі лаянкавых слоў. Паглядзеў на радавых салдат, засмучаючы сябе няпоўным атрадам замацаваных да яго байцоў.

Аб радавым Зуйко быццам бы зусім забыліся. А ён ужо збудаваў паміж прыступкамі над абрывам масток з драўляных рэшткаў і правадоў, і падняўся на другі паверх. Салдат узяў пісталет у рукі і павольна ішоў па калідоры другога паверха, ступаючы на захламлёную падлогу. Пад падэшвамі, нібы дробкі, хрусцелі трэскі ад разарваных дзвярэй. Калідор, дзе злева толькі ваконныя праёмы, а справа кабінеты, быў жудасным. Чорныя плямы ад выбухаў і рэдкія сляды ад куль маляваліся на сценах. Зуйко непахісна выконваў задачу: пільна ішоў наперад, з асцярожнасцю, па чарзе зазіраў у кожнае памяшканне, размахваў зброяй. Лётала мёртвая цішыня. Ляжала мноства забітых целаў у цывільным, як кучамі, так і паасобку, як раскіданыя лялькі. Невялікія вочы маладога салдата не палохаліся мерцвякоў, Зуйко быў толькі здзіўлены жудаснай крывавай расправай над ні ў чым невінаватымі людзьмі.

На першым паверсе ўсе насцярожыліся, калі праз нейкі час з другога паверха пачуўся грукат, быццам нешта ўпала, разбілася на кавалкі. Гэта была адзіная ваза, якая цудам змагла ацалець у бітвах і пасля бамбаванняў. Але, радавы Зуйко, які спешна вяртаўся назад да камандзіра, зачапіў яе сваім цяжкім чорным абуткам. Ён хутка перабіраў ногі, спускаўся па лесвіцы.

– Камандзір! – адчуваючы холад, сказаў ён. – Чалавек…там…чалавек! – крыху заікаючыся, таропка паведаміў малады салдат.

Агуркоў і Мельнік адразу павярнуліся на голас, адкінуўшы загад сачыць за сумным архітэктурным краявідам. Тады камандзір рэзка павярнуў галаву і зірнуў сярдзітымі вачыма ў іх бок, прымусіў салдат вярнуцца да сваіх абавязкаў. І тут жа павярнуў галаву на занепакоенага салдата Зуйко.

– Вораг? – падхапіўшы аўтамат і звесіўшы бровы, спытаў Катляроў.

– Цывільны.

Камандзір здзівіўся, затым зноў адвёў свой погляд ад схуднелага твару радавога Зуйко і аслабла звярнуўся да астатніх:

– Вы, двое, заставайцеся тут. Глядзіце ўважліва.

А пасля, не губляючы часу, хутка пакрочыў да лесвіцы.

– Зуйко?! За мной! – злосна, быццам адчуваючы нейкую здраду, сказаў Катляроў.

Яны разам акуратна падняліся па паўразбуранай лесвіцы на другі паверх. Пакінуўшы Агуркова і Мельніка на першым.

Тым часам, за сценамі карціннай галерэі, сціхла змрочнае надвор'е. Ужо не было відаць халодных кропель дажджу. Стаяла цішыня і выразна праглядалася разбітая архітэктура горада. Іван Агуркоў, крыху схаваўшыся, стаяў ля ўваходу. Ён адчуваў усю тую ж лянівасць і трапятанне, не жадаючы звязвацца з праціўнікам. Яго хударлявае цела не дрыжала ад страху і холаду, расслаблена абапіралася а сцяну. Цяпер Іван млява глядзеў на шэрыя разваліны і думаў пра дом. Свежае ранішняе паветра пасля дажджу, якім дыхаў Іван, нагадвала аб свабодзе.

А ціхі і спакойны чалавек Мельнік, усё гэтак жа маячыў каля ваконных праёмаў. Ён добра аглядаў усе падыходы да будынка, сачыў, ці няма побач варожых салдат. У той момант мужчына ўяўляў сабе, як паспяхова завершыць гэта апошняе ваеннае заданне, якое пакончыць з вайной, і ён вернецца дадому. Вернуцца жывымі яго сыны і ўся сям'я збярэцца за адным сталом. Леаніду вельмі хацелася дачакацца міру. І цяпер, гледзячы на ўсе наступствы вайны з-за сцен, яму хацелася ўзяць цыгарэту і нетаропка выпусціць дым.

 

З другога паверха ні гуку…

Гэтай светлай раніцай па шырокай дарозе да будынка з вялікай асцярогай ішлі два салдата. Яны то хаваліся за руінамі, то шустра рухаліся наперад па мокрым ацалелым асфальце, то цяжка ішлі па гразі. Першым іх заўважыў Агуркоў.

– Нашы! – закрычаў ён.

У гэты час Мельнік знаходзіўся на дыстанцыі ад юнага салдата і ад нечаканага крыку на секунду спыніў дыханне. А затым хутка падбег да Агуркова.

– Цішэй ты. Ціха… – шэптам грозна вымавіў Леанід і адвёў свой сталёвы погляд у бок руін. – Ага, бачу.

Там, удалечыні, па шэраму пейзажу маячылі чорныя плашчы. Салдаты ў будынку сачылі за тым, як пара невядомых набліжалася да іх, перабягала з адной тоўшчы куч бетонных агародж да іншай. Менавіта з-за чорных плашчоў Агуркоў з ходу выказаў здагадку, што да яго беглі не ворагі. Бо такую цёмную расфарбоўку плашчоў меў і ён сам.

Маўчыць Мельнік, маўчыць Агуркоў. Ціха назіраюць за таямнічымі людзьмі. А калі тыя, чужыя, падышлі бліжэй, Мельнік ціха звярнуўся да Івана.

– Моўчкі, схіліўшы галаву, жвава бяжы да таго акна. Як мыш. А я застануся тут, сустрэчу «нашых»… – сказаў ён.

– Добра. – глуха, ахвотна пагадзіўся Агуркоў.

Іван хвалююча паправіў шэрую каску, якая была для яго злёгку вялікай, а пасля гэтага, не разгінаючы спіну, паспяшаўся адысці ад Мельніка.

Тады мужчына, з трывожным біццём у сэрцы, падышоў бліжэй да дзвярнога праёму. Стаіўся, прыціснуўся да халоднай апоры. Ён чакаў, калі ж у будынак увойдуць узброеныя салдаты.

У гэты час па лесвіцы, якая знаходзілася справа ад галоўнага ўваходу ў будынак, павольна спускаўся салдат Зуйко. Прайшоўшы па аварыйных прыступках, радавы моцна ступіў на падлогу першага паверха. Перанясучы свой загадкавы погляд ад прыступак, ён, перш за ўсё, заўважыў Мельніка, які рухам далоні і пальцаў, жэстамі, няўмела паказваў на нечаканы падыход гасцей. Зуйко насцярожыўся. І, не разумеючы знакаў Леаніда, ён усё ж застаўся стаяць на месцы. А пасля паглядзеў на спалоханага Агуркова. Юны радавы сціснуў свае худыя плечы, сядзеў пад акном, пільна глядзеў на Мельніка. Зуйко заўважыў, што штосьці не так і хутка ўзяўся за вінтоўку. Затым павярнуў свае ўстрывожаныя вочы назад на Мельніка. Леанід працягваў маляваць жэсты, паказваў хлопцу падымацца назад на другі паверх ці ж схавацца тут. Зуйко з гэтым разабраўся і стаіўся ў куце, каля лесвіцы. Зняў з засцерагальніка снайперскую вінтоўку і рыхтаваўся, у выпадку чаго, страляць.

Як толькі ў будынак увайшлі незнаёмцы, якія схавалі свае твары пад вялікімі чорнымі капюшонамі, Мельнік тут жа перазарадзіў аўтамат і накіраваў яго на іх. Устаў у іх за спіной. Агуркоў і Зуйко хутка паказаліся гасцям, навялі на іх сваю зброю. Усе трое паказалі сваю колькасную перавагу.

– Стаяць! Ніякіх рэзкіх рухаў. Кіньце зброю! – злосна прамовіў Мельнік.

– Гэта ты ці што? Леанід? – пачуўся звонкі малады голас з-пад чорнага капюшона. – Пачакай ты. Гэта ж я… Сядоў! І радавы Траўнік са мной.

– Павольна адкінулі свае капюшоны і таксама павольна павярнуліся да мяне.

– Добра…

Двое салдат выканалі ўсё, аб чым прасіў Мельнік. Павярнуліся да яго.

– Вось гэта як! – з усмешкай, радасна выклікнуў Леанід. – Жывы, хлапчук.

Перад Мельнікам стаяў цёмнавалосы трыццацігадовы лейтэнант Сядоў. Чалавек з бледна-белай скурай, бяздоннымі сінімі вачыма і маленькім носам. Хлопец быў сярэдняга росту, ён шырокай усмешкай расцягнуў свае тонкія вусны, над якімі павіслі рэдкія цёмна-русыя вусы. Ён падышоў да сябра Мельніка. Яны абняліся. Здавалася, што яны не бачыліся доўгі час, а тут, нарэшце, сустрэліся. Але гэтая радасць сустрэчы была зразумелая толькі ім дваім. Ніхто з акружаючых салдат не ведаў дакладна, што іх аб'ядноўвае. Гэтыя двое ваявалі разам з пачатку вайны і да сённяшняга дня. Яны ратавалі адзін аднаму жыццё, у іх было шмат сумесных баявых гісторый у галаве. Ад гэтага было моцным іх сяброўства.

– Ты ж ведаеш, я раней цябе дакладна не памру, стары. – захоплена, з лёгкім смехам, вымавіў Сядоў Мельніку.

– Мы яшчэ паглядзім. Я бачыў, як твае каленкі задрыжалі, калі я навёў на цябе аўтамат. – адказаў яму Леанід.

– Ну не…твой дрыготкі голас і дрыгаценне лядашчых рук я адразу распазнаў…слых у мяне, як у маладога ваўка. – працягваў жартаваць лейтэнант Сядоў.

Двое затрашчалі языкамі. З-за размоў перасталі заўважаць іншых салдат, зусім не думалі аб вайсковых абавязках.

А Агуркоў, седзячы пад акном, з панурым тварам слухаў іх размовы, а затым выпрастаў свае тонкія ногі і апусціў дула аўтамата ўніз. Патокі вулічнага паветра, што несліся з аконнага праёму, урэзаліся ў яго галаву з левага боку. Ад лёгкага халоднага ветру ціха засоп яго ружовы нос. Іван без усякай пагарды не адводзіў вачэй ад таварышаў па службе і, хоць не разумеў усіх усмешак і сяброўскіх размоў двух салдат, яму было цікава глядзець на іх. Агуркоў усміхнуўся. Адпусціў усе свае страхі і адчайныя думкі ў гэтую хвіліну, яны больш не прыходзілі яму на розум. Іван не заўважаў ні ветру, ні радавога салдата Зуйко, які выйшаў з-за вугла.

– Салдат? – глухім тонам звярнуўся да Агуркова Зуйко. – Не стой адкрыта каля акна, заб'юць жа!

І тут жа на васемнаццацігадовага хлапчука нарынулі самотныя пачуцці смутку. Ён нават уздрыгнуў. Яго цёмныя вочы прабегліся па закінутаму шырокаму памяшканню, ён незадаволена скрывіў свой смуглы твар і прыціснуўся да цаглянага мура, што знаходзіўся паміж ваконных праёмаў.

У той час Алесь Траўнік моўчкі выцягнуў адзінае металічнае крэсла з кучы разбітых карцінных рам і іншага смецця, паставіў яго ля сцяны. Сеў далей ад усіх. Алесь адчуў, як патроху яго адпускала душэўная стомленасць. Ён стаў рэдка і ляніва дыхаць. Ногі прыемна балелі пасля цяжкага шляху. Хацелася спаць. Алесь сядзеў на крэсле і ўважліва аглядаў вельмі знаёмае для яго памяшканне. Затым ён паглядзеў на кожнага салдата, на іх чорныя ваенныя плашчы. Успомніў, што дакладна такі плашч вісіць у яго бацькоўскай хаціне. І адразу Алесь трывожна падумаў пра тое, што, напэўна, ягоны бацька Віктар быў тут і нейкім чынам змог пакінуць гэты змрочны свет, прыхапіўшы з сабой плашч. Алесь сказаў сабе: «Гэта знак! Дакладна. Значыць, я на правільным шляху. Я іду па яго следзе, за ім». Гэта падзея распаліла ў Алесі вялікі азарт да прыгод, хіліла яго прадоўжыць шлях да загадак і адказаў. Ён нехаця стаў горача разважаць аб тым, што адбывалася ў самалёце. Як так атрымалася, што ён сустрэў маму?! І тым самым, усё больш пераконваў сябе – гэта дзіўнае месца дазваляе ўбачыць тых, каго няма. Яму захацелася зноў убачыць яе, адшукаць маму ў гэтым чужым і невядомым свеце, каб абняць і пагаварыць з ёй. Алесь уяўляў сабе сустрэчу з ёй і, нават калі яна яго не пазнае, яму б было прыемна і ў той жа час балюча стаяць побач з ёй. Алесь меркаваў: «Мабыць, таму бацька і быў тут. Знайшоў яе і захацеў застацца…ці ж, затрымаўся ў гэтым свеце і ніяк не можа выбрацца дадому». Доўга і цяжка думаў Алесь. «Што ж рабіць мне? Кінуць усіх гэтых салдат і шукаць родных…ці ж паддацца ўплыву гэтага месца і дзеяння?» – трымаў у галаве гэтыя пакутлівыя думкі Алесь.

Радавы Зуйко ціха, з змрочным тварам, падышоў да Сядова і загаварыў з ім:

– Лейтэнант?! Капітан просіць дапамогі. Лекар патрэбен!

Гэтыя два апошнія сказы адцягнулі на сябе ўсю ўвагу акружаючых. Сядоў страціў усмешку, а затым павярнуўся да радавога.

– Што здарылася? Дзе капітан? Паранены? – звонкім голасам замітусіўся чарнявы лейтэнант.