Read the book: «Святло далёкай зоркі»

Font::

Рэцэнзенты: доктар філалагічных навук А. С. Ліс; кандыдат філалагічных навук А. В. Лысенка

© Касько У.К., 2014

© Афармленне. УП «Выдавецтва “Вышэйшая школа”», 2014

* * *

А. К. Сержпутоўскі пакінуў прыкметны след у гісторыі вывучэння народнай творчасці беларусаў. Яго працы па фальклоры, этнаграфіі, мовазнаўстве, даследаванні народнага быту, звычаяў, маралі не толькі ўзбагацілі айчынную навуку, але і пераканаўча засведчылі мастацкі талент народа, філасофскі склад розуму, востры сацыяльны погляд яго на свет, упісалі залаты радок у справу беларускага Адраджэння.

А. К. Сержпутоўскі. 1864–1940


З думкай пра Беларусь

У гэты вечар ён, як заўсёды, прыйшоў да канала Грыбаедава, не ведаючы яшчэ, што прыйшоў сюды ў апошні раз. Не, ён не думаў пра смерць, хаця ўжо адчуваў на сабе яе халоднае дыханне. Хвароба лёгкіх, сардэчная недастатковасць для пажылога чалавека вельмі небяспечныя, а асабліва, калі ўсур’ёз ніколі не лячыўся і не мог прыпомніць, калі дазваляў сабе купіць фрукты, гародніну, малако. Яго невялікай пенсіі не хапала на такую раскошу. Купіць бы самыя неабходныя прадукты харчавання, дровы, заплаціць за кватэру, электрычнае святло. А тут яшчэ і жонка захварэла, ёй лякарствы патрэбны…

Аляксандр Казіміравіч падняў каўнер пацёртага паліто, абапёрся рукамі на халодную чыгунную рашотку, што акружала берагі канала, пастараўся адагнаць прэч невясёлыя думкі. Гэты сум, неспакой – ад хваробы, ад гадоў, як-ніяк семдзесят шосты пайшоў. Колькі дарог пройдзена за гэты час! З якімі людзьмі лёс звёў! Нарэшце, хіба не шчасце гэта – лепшыя гады жыцця аддаць рабоце ў славутым Рускім музеі – цэнтры сусветнай культуры, штодзённа праходзіць каля яго, бачыць яго з акна сваёй кватэры…

З боку Фінскага заліва дзьмуў свежы сакавіцкі ветрык. Праз дзень-другі на Няве пачнецца крыгалом, а там і вузенькі канал вызваліцца ад лёду.

Цікава, а як там зараз на Беларусі? Відаць, таксама вясной пахне… Прыпяць, Лань хутка скінуць ледзяны панцыр, прыляцяць шпакі, буслы…

Сержпутоўскі перавёў позірк на неба, быццам хацеў убачыць у ім стройныя касякі пералётных птушак, што вярталіся з паўднёвых краін да сваіх гняздоўяў.

Позірк спыніўся на зіхатлівай зорцы, якую Аляксандр Казіміравіч даўно выдзеліў сярод соцень іншых зорак. Ад яе струменілася нейкае асабліва цёплае святло. Такім бывае святло, што льецца з акна бацькоўскай хаты.

Дзе тая хата? Тое акно? У ціхай вёсачцы Перавалокі ці на хутары Дарагацішча ў далёкай Беларусі, дзе прайшлі гады маленства? З прасветленым тварам, радасцю на сэрцы пакідаў ён хаты беларусаў, рускіх, аварцаў, ад якіх запісваў народныя творы на працягу сарака з лішнім гадоў. Цэлы свет адкрываўся яму пры тых сустрэчах.

Даўно гэта было. Вельмі даўно. I тым не менш кожны ўспамін пра былое хвалюе душу, сагравае сэрца, як святло той зоркі, што нагадвае яму родную Беларусь.

Аляксандр Казіміравіч адвёў позірк ад зоркі, не спяшаючыся пайшоў у напрамку свайго дома. Мінуў вуліцу Бродскага, перасек плошчу Мастацтваў ля Рускага музея, увайшоў праз вузкую арку ў ціхенькі дворык, адтуль – у слаба асветлены пад’езд дома нумар чатары па Інжынернай вуліцы.

Вось і яго кватэра. Маленькая прыхожая, такая ж кухня і два пакойчыкі метраў па дзесяць-дванаццаць. У адным з іх спальня. У грубцы з дрывяным ацяпленнем ужо больш за тыдзень не разводзілі агню – няма грошай, каб купіць вугаль або дровы.

I электрычнае святло выкарыстоўвалася па гэтай прычыне Сержпутоўскімі не часта. Аляксандр Казіміравіч прызвычаіўся працаваць пры газавай лямпе. На газавым прымусе яны і ежу гатавалі. Адно спадзяванне на тое, што Акадэмія навук Беларусі, якой вучоны перадаў большасць сваіх прац, стрымае нарэшце слова і вышле за іх плату. Хаця б невялікую, хаця б з даўгамі разлічыцца, тое-сёе з ежы купіць і лякарствы для хворай Праскоўі Мікалаеўны. Трэба чакаць і спадзявацца…

Аляксандр Казіміравіч, не распранаючыся, прайшоў у пакой, які служыў яму кабінетам, прысеў на крэсла перад сталом. Крэсла адазвалася сухім скрыпам-стогнам.

«Старое, як і яго гаспадар, – усміхнуўся сам сабе Сержпутоўскі. – Разбагацею – куплю новае. Хаця навошта яно, новае?» На гэтым крэсле, за гэтым сталом столькі прац напісана, і яшчэ можа давядзецца, дасць бог, што-небудзь напісаць. Дарма, што ўжо дзесяць гадоў на пенсіі лічыцца. За гэты час не было ніводнага дня, каб не прыйшоў у свой музей. Маладым супрацоўнікам трэба дапамагчы парадай, бо старых засталося зусім мала. Хто памёр, а хто далёка на Калыме, на Салавецкіх астравах. Ды хіба толькі старым такі лёс выпаў? I маладых ён не мінуў. Ніначка Гаген-Торн, былая яго студэнтка, які ўжо год у высылцы. I ці вернецца? А здольная якая была! Шмат страціла этнаграфічная навука. I яшчэ страціць можа…

Аляксандр Казіміравіч дастаў з шуфляды стала папку, раскрыў яе. На вочы трапіў лісток са справаздачай аб яго навуковай дзейнасці. Літаральна днямі дырэктар Рускага музея папрасіў сваіх супрацоўнікаў прадставіць такія даведкі. Сорак пяць сур’ёзных навуковых прац напісаў Сержпутоўскі, кожная другая з іх – фундаментальная. Па мовазнаўстве, фальклоры, этнаграфіі. За сорак шостую, якая павінна была падвесці вынікі дасягненняў беларускай этнаграфічнай і фалькларыстычнай работы за апошнія пяцьдзясят гадоў, Аляксандр Казіміравіч меў намер узяцца з дня на дзень.

Сержпутоўскі дацягнуўся рукой да лямпы, што стаяла на шырокім падаконніку, другой пастараўся знайсці пачак з запалкамі. Але запаліць агню не змог. Востры боль раптоўна працяў лёгкія, адазваўся ў сэрцы. Пацямнела ў вачах, і ён паволі асунуўся ў сваім крэсле. Не чуў, як на крык жонкі прыбеглі ўстрывожаныя суседзі, як выклікалі «хуткую дапамогу». Не суджана было яму больш убачыць сваю зорку…

Пяро жар-птушкі

Шмат казак, легенд, паданняў захоўвае памяць чалавека. У адной з беларускіх легенд расказваецца пра тое, што даўным-даўно пралятала над Палессем Жар-птушка і згубіла пяро незвычайнай прыгажосці. Плаўна падала яно на зямлю, рассыпаючы ва ўсе бакі зіхатлівыя прамяні. Кінуліся людзі шукаць тое пяро – з пакалення ў пакаленне перадаецца пагалоска, што таму, хто знойдзе пяро Жар-птушкі, наканаваны шчаслівы лёс, – але вярталіся ні з чым. Адны бачылі побач вясёлку, другія – папараць-кветку, трэція – зорачку, якая пералівалася рознымі колерамі. Але варта было наблізіцца да іх, як усё раптам знікала. Мінаюць гады, стагоддзі, але жыве гэтая цудоўная легенда. Як і раней, шукаюць людзі пяро Жар-птушкі, кветку папаратніку, цудоўную гаючую крынічку з жывой вадой. Яшчэ больш любай сэрцу кожнага становіцца родная зямля, бацькоўскі кут, які чалавек ласкава называе сваёй малой радзімай, Айчынай.

Вывучэнне духоўнай культуры народа, яе лепшых традыцый – неад’емная частка грамадзянскіх, патрыятычных, маральных пачуццяў. Сёння, у час нацыянальнага адраджэння, пераасэнсаванне нашых здабыткаў у сацыяльным жыцці, навуцы, тэхніцы, станаўленне мовы і культуры беларускага народа набываюць асаблівае значэнне.

Каштоўнай крыніцай для развіцця мастацкай творчасці, пазнання духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа з’яўляецца літаратурная, асветніцкая, навуковая спадчына нашага славутага земляка, вядомага этнографа, фалькларыста, літаратара, мовазнаўцы Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага. На працягу пяці дзесяцігоддзяў (1890–1940) даследаваў ён быт і культуру беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татар, мардвы, народаў Каўказа. Збіраючы і вывучаючы фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, ён прытрымліваўся прынцыпаў і прыёмаў, выпрацаваных прагрэсіўнымі дзеячамі фалькларыстычнай навукі свету, падмацоўваючы іх уласным вопытам. А. К. Сержпутоўскі вызначыў два асноўныя напрамкі ў даследаванні народнага жыцця. Гэта духоўны свет народа – народна паэтычная творчасць, вераванні, абрады, звычаі, мова, і яго матэрыяльна-бытавы ўклад.

У той час, калі пачалася навуковая дзейнасць Сержпутоўскага, шляхі, сродкі і метады этнаграфічнай і фалькларыстычнай работы, узятыя на ўзбраенне вучоным, былі прагрэсіўнымі і смелымі, тым больш што аб’ектам яго вывучэння з’яўляліся народнасці, якія найбольш прыгняталіся афіцыйнымі коламі царскай Расіі. Насуперак буржуазным этнографам, што сцвярджалі, быццам народы Расіі жывуць паміж сабой у варожасці і нянавісці, Сержпутоўскі пастаянна падкрэсліваў факты дружалюбнасці і добрасуседства паміж імі, указваў на сапраўднага ворага ўсіх прыгнечаных – царызм.

Асабліва значны ўклад унёс А. К. Сержпутоўскі ў вывучэнне духоўнага жыцця беларусаў Палесся – адной з найбольш адсталых у той час і слаба вывучаных ускраін царскай Расіі. Дзякуючы працам вучонага, дайшлі да нас апісанні жыцця, самабытных звычаяў і абрадаў беларусаў-палешукоў, якія даюць яскравае ўяўленне аб іх вераваннях, маралі, занятках.

Знаёмства са звычаямі і абрадамі беларусаў мае не толькі пазнавальную каштоўнасць, але і практычнае значэнне. Яно дазваляе даць правільную ацэнку тым традыцыям, якія захаваліся ў сучасным народным побыце, выкарыстаць лепшыя элементы традыцыйнай народнай абраднасці пры стварэнні новых беларускіх абрадаў.

А. К. Сержпутоўскі быў сапраўдным наватарам у беларускай этнаграфічнай і фалькларыстычнай навуцы. Ён адным з першых сярод збіральнікаў-фалькларыстаў звярнуў сур’ёзную ўвагу на асобу казачніка, імкнуўся запісваць ад найбольш здольных, таленавітых, прагрэсіўных людзей. Гэтым, галоўным чынам, і тлумачыцца вялікая сацыяльная завостранасць казак, запісаных ім, у параўнанні з творамі, сабранымі іншымі фалькларыстамі.

Вялікае месца ў даследаваннях А. К. Сержпутоўскага займалі праблемы стану і далейшага лёсу беларускай мовы. Яго мовазнаўчыя працы атрымалі высокую ацэнку сусветна вядомых у гэтай галіне вучоных акадэмікаў Д. К. Зяленіна, Я. Ф. Карскага, А. А. Шахматава.

Вывучаючы помнікі матэрыяльнай культуры, старажытныя промыслы, звычаі і абрады, светапогляды і творчасць беларусаў-палешукоў, вучоны імкнуўся даць ім сацыяльна-гістарычнае тлумачэнне, зыходзячы з прыродна-геаграфічных і сацыяльных умоў жыцця народа, што надавала яго навуковым працам грамадскае гучанне.

Асаблівай вастрынёй і крытычнай накіраванасцю характарызуюцца народныя творы, апублікаваныя ў зборніку «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911), у якіх бязлітасна крытыкаваліся паны і царскія чыноўнікі, папы і ксяндзы, адлюстроўвалася ўзрастаючая палітычная самасвядомасць простага народа, яго пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці і існуючага дзяржаўнага ладу. Упершыню ў шэрагу твораў у яркай мастацкай форме народ раскрыў сапраўдныя крыніцы абагачэння эксплуататараў, паказаў, што грошы і золата багацеяў – гэта кроў і пот людзей працы.

Зборнік Сержпутоўскага быў зусім новай з’явай не толькі ў расійскай дарэвалюцыйнай фалькларыстыцы, але і ў фалькларыстыцы ўсіх славянскіх народаў. Гэтая кніга канчаткова разбурыла памылковую думку, якая панавала ў тагачаснай гуманітарнай навуцы, аб беларускай народнай прозе як пераважна міфічнай творчасці, паказала свету мастацкія здольнасці беларуса, яго глыбокае філасофскае мысленне.

Вялікае значэнне маюць і іншыя фальклорна-этнаграфічныя працы Сержпутоўскага, якія ўтрымліваюць каштоўны матэрыял для вывучэння духоўнай культуры і быту беларускага народа, эвалюцыі яго светапогляду, мастацка-эстэтычных запатрабаванняў.

Цяжка пераацаніць дзейнасць Сержпутоўскага ў галіне збірання і вывучэння помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Яго шматлікія апісанні промыслаў, заняткаў, пабудоў, абрадаў і павер’яў сялян дарэвалюцыйнай Беларусі, сабраныя ім калекцыі прылад працы, адзення, прадметаў хатняга ўжытку дапамагаюць зразумець і асэнсаваць багатую культурную спадчыну народа.

Вучоны жыва цікавіўся песеннай народнай творчасцю. У народнай песні яго прыцягвала перш за ўсё яе грамадскае гучанне. Сержпутоўскі бачыў у песні адлюстраванне ўнутранага духоўнага жыцця народа, яго маральнага ідэалу. З сабранай вучоным песеннай народнай творчасці навуковую цікавасць выклікаюць каляндарна-абрадавыя песні: калядныя, валачобныя, жніўныя і інш. У іх ярка адлюстраваліся земляробчыя клопаты беларускага селяніна, які імкнуўся з дапамогай абрадавых дзеянняў і песень, у магічную сілу якіх ён верыў, аказаць уплыў на ўраджай, забяспечыць дабрабыт свайго дома і гаспадаркі.

Не абышоў сваёй увагай Сержпутоўскі і парэміяграфічную спадчыну беларускага народа, захаваўшы для нашчадкаў скарбы народнай мудрасці.

У галіне вывучэння старажытных светапоглядаў і вераванняў беларусаў асобная роля належыць фундаментальнаму зборніку А. К. Сержпутоўскага «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). У гэтай кнізе, якая з’явілася вынікам яго шматгадовых этнаграфічных назіранняў і збіральніцкай дзейнасці, змешчана мноства легенд, паданняў, апавяданняў, прымхаў і забабонаў, запісаных у паўднёвых раёнах Слуцкага павета. Гэтыя апісанні даюць магчымасць узнавіць малюнак духоўнага свету беларускага сялянства дарэвалюцыйнага перыяду з яго станоўчымі і адмоўнымі бакамі.

Нягледзячы на вялікі ўклад А. Сержпутоўскага ў развіццё беларускай этнаграфіі, фалькларыстыкі, мовазнаўства, яго жыццё, навуковая і літаратурная дзейнасць даследаваны недастаткова. Няма вычарпальных прац, у якіх быў бы дадзены глыбокі аналіз навуковай дзейнасці вучонага, ацэнены яго ўклад у славянскую і айчынную фалькларыстыку. Нешматлікія рэцэнзіі на яго працы не раскрываюць методыкі, прынцыпаў збіральніцкай і даследчай дзейнасці Сержпутоўскага, не ўвязваюць яго працы з дасягненнямі фалькларыстычнай і этнаграфічнай навукі. Не вывучаны яго светапогляды і грамадская дзейнасць. Па-за ўвагай даследчыкаў засталіся многія рукапісныя працы вучонага, якія захоўваюцца ў архівах Расіі і Беларусі. А між тым гэта спадчына мае вялікае навуковае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.

Аб жыцці і творчасці А. К. Сержпутоўскага можна даведацца з нарыса В. К. Бандарчыка і А. С. Фядосіка (выдадзены ў 1966 г. у выдавецтве «Навука і тэхніка»). У ім сцісла характарызуюцца апублікаваныя вучоным фальклорныя зборнікі, раскрываюцца адносіны збіральніка да новых з’яў у народнай творчасці. Асаблівы акцэнт зрабілі аўтары на творах сацыяльна-палітычнага напрамку і, на жаль, значна менш месца ўдзялілі творам, якія адлюстроўваюць маральна-этычныя і сямейныя праблемы. Недастаткова, на наш погляд, раскрыта ў нарысе месца Сержпутоўскага ў славянскай фалькларыстыцы, адсутнічаюць супастаўленні яго прац з вынікамі дзейнасці іншых беларускіх фалькларыстаў.

Асобныя бакі збіральніцкай, навуковай дзейнасці А. К. Сержпутоўскага разглядаліся ў свой час у працах В. К. Бандарчыка1, І. К. Германовіча2, Л. Р. Барага3, М. Я. Грынблата4, К. П. Кабашнікава5, I. М. Лушчыцкага6, М. Р. Ларчанкі7. Аднак большасць названых вышэй даследчыкаў выкарыстоўвалі матэрыялы Сержпутоўскага толькі ў сувязі з даследаваннем пэўных праблем і не разглядалі ролю вучонага ў развіцці беларускай этнаграфіі і фалькларыстыкі, не звярталіся да архіўных крыніц.

У апошняе дзесяцігоддзе з друку выйшлі кнігі «Палескі дзівасіл. Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі» (2005), «Русальная нядзеля. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (2009), «Гняздоўе белых буслоў. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (2010), «Чароўны човен. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета» (2012), якія раскрываюць збіральніцкую, навуковую, даследчую дзейнасць славутага беларускага вучонага.

У аснову працы, якая прапануецца ўвазе чытачоў, пакладзены зборнікі А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) і іншыя яго фалькларыстычныя, этнаграфічныя, літаратурныя, мовазнаўчыя працы, а таксама матэрыялы, прыцягнутыя да вывучэння з забытых кніг, часопісаў, газет. Акрамя таго, у архіве Расійскага этнаграфічнага музея (РЭМ), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве, навуковым архіве Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), архіве Акадэміі навук Расіі, архівах Дзяржаўнага Рускага музея, Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскі дом), Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, рукапісных аддзелах Дзяржаўнай бібліятэкі Расіі, навуковых бібліятэках і архівах Рэспублікі Беларусь, Літвы і іншых краін аўтарам гэтай працы знойдзены і ўпершыню ўведзены ў навуковы абарот шэраг матэрыялаў, якія асвятляюць шматгранную дзейнасць А. К. Сержпутоўскага, раскрываюць значэнне яго навуковай спадчыны.

У кнізе выкарыстаны таксама назіранні і запісы, зробленыя аўтарам у час экспедыцыйных паездак па месцах, дзе некалі запісваў народныя творы А. К. Сержпутоўскі.

На жыццёвых пуцявінах

Пачатак жыццёвага шляху Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага супаў з важнымі падзеямі ў палітычным жыцці Расіі і Беларусі. Зыходным момантам іх можна лічыць адмену прыгоннага права ў 1861 г., хоць «вызваленне» сялян на самай справе аказалася звычайным падманам: фармальна яны атрымалі свабоду, але зямля па-ранейшаму заставалася ва ўласнасці памешчыкаў, а тыя невялікія надзелы, што перайшлі да сялян, не маглі пракарміць іх сем’і. Даводзілася ва ўмовах цяжкіх кабальных адпрацовак, якія нічым не адрозніваліся ад паншчыны, арандаваць зямлю ў памешчыкаў.

У беларускай вёсцы імкліва расла колькасць сялян, якія разарыліся і вялі жабрацкае паўгалоднае існаванне. У многіх месцах незадаволенасць людзей прыводзіла да прамога непадпарадкавання ўладам. Яны адмаўляліся плаціць аброк, адпрацоўваць паншчыну, сілай захоплівалі землі памешчыкаў, вадапоі. Толькі ў першай палове 1862 г. у Беларусі было зарэгістравана звыш 300 выступленняў сялян. А ўсяго за 16 гадоў (1864–1880) тут адбыліся 132 сялянскія выступленні. Яны падаўляліся ўзброенай сілай8.

У 1880–1890-х гг. у сувязі з пагаршэннем становішча сялян у выніку аграрнага крызісу сялянскі рух у Беларусі набыў яшчэ больш вострыя формы. У адказ на гэта царскія ўлады на месцах узмацнілі тэрор. За ўдзел студэнтаў у паўстанні 1863 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Сярэднія школы існавалі толькі ў вялікіх гарадах. У іх была ўстаноўлена такая высокая плата за навучанне, што далёка не кожны селянін мог аддаць туды сваіх дзяцей. Не заўсёды дзеці мелі магчымасць вучыцца нават у пачатковых школах, бо іх было вельмі мала. Ды і карысці ад вучобы там было не шмат – выкладалі ў іх, як правіла, не прафесіянальныя спецыялісты, а людзі, якія самі з горам папалам умелі чытаць і пісаць.

Галоўная ўвага ў дарэвалюцыйных школах удзялялася закону божаму і малітвам. Навучанне вялося на рускай мове. Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі Карнілаў у 1885 г. раіў кіраўнікам школ наступнае: «Розных кніг, часопісаў і газет для сялян зараз не трэба… Вось наш каталог: евангелле, малітваслоў, псалтыр, свяшчэнная гісторыя… Акрамя таго, рассылаем іконы, крыжыкі, свяшчэнныя карціны, партрэты гасудара…»9

Сур’ёзнай перашкодай на шляху развіцця беларускай мовы і замацавання яе ў літаратуры з’яўлялася тое, што яна была мовай прыгнечанай нацыі, якая не мела сваёй дзяржаўнасці. На беларускай мове не дазвалялася друкаваць кнігі, весці дакументацыю. Не прызнаваліся, прыгняталіся нацыянальная культура і літаратура.

Такое становішча хвалявала і абурала прагрэсіўную грамадскасць не толькі Беларусі, але і Расіі. Рэзкую водпаведзь вялікадзяржаўным рэакцыянерам, якія сцвярджалі, што беларускі народ не мае сваёй уласнай культуры, адмаўлялі яму ў праве на нацыянальнае самавызначэнне, параўноўвалі з дзікунамі, лічылі людзьмі больш нізкай расы, даў М. А. Дабралюбаў. «Адносна беларускага селяніна, – пісаў ён, – справа даўно вырашаная: забіты канчаткова, так што нават пазбавіўся ўжывання чалавечых здольнасцей. Не ведаем, у якой ступені лжывая гэтая думка, таму што не вывучалі спецыяльна Беларускага краю, але паверыць ёй, вядома, не можам. Цэлы край так вось узялі ды і забілі, – як бы не так!.. Ва ўсялякім разе, пытанне аб характарыстыцы беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў»10.

Удзяляць больш увагі развіццю этнаграфічнай навукі, вывучэнню матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў, іх быту заклікаў М. Г. Чарнышэўскі11.

I сапраўды, ніякія забароны не маглі спыніць развіццё беларускай народнай культуры, якая ў другой палове XIX ст. развівалася пад жыватворным уплывам перадавой культуры рускага народа. З канца 30-х – пачатку 40-х гг. XIX ст. пачалося збіранне і асэнсаванне фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу, яго сістэматызацыя. У гэты час з’яўляецца шэраг выдатных этнографаў і фалькларыстаў, якія ўнеслі велізарны ўклад у справу вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Дзякуючы іх працы была сабрана найбагацейшая скарбніца народнапаэтычнай культуры, якая адыграла пэўную ролю ў станаўленні грамадскай думкі Беларусі таго часу, аказала вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, фарміраванне нацыянальнай інтэлігенцыі.

Актывізацыі вывучэння Беларусі, яе гістарычнага мінулага, мовы, быту, твораў народнапаэтычнай творчасці ў другой палове XIX ст. у значнай ступені садзейнічалі два сацыяльна-палітычныя фактары: адмена ў 1861 г. прыгоннага права і паўстанне 1863 г. Важным штуршком у гэтай справе з’явілася палітыка царызму адносна заходніх зямель. Афіцыйная этнаграфічная навука была заклікана паказаць беспадстаўнасць прэтэнзій пэўных колаў Польшчы на Беларусь. Насуперак спробам царызму даказаць, што Беларусь з’яўляецца рускім краем, сапсаваным латынствам за гады польскага ўладарніцтва, сабраныя этнографамі і фалькларыстамі звесткі, і перш за ўсё творы моўнай творчасці, засведчылі самабытнасць беларускай мовы і культуры.

Многае зрабілі ў гэтым напрамку П. М. Шпілеўскі, П. В. Шэйн, Е. Р. Раманаў, М. Я. Нікіфароўскі, А. К. Кіркор і інш.

Нарысы П. М. Шпілеўскага12, прысвечаныя земляробчым і сямейным абрадам беларусаў, сямейнай і каляндарнай паэзіі, не страцілі свайго значэння і сёння. Але абмежаванасць метаду (Шпілеўскі быў прыхільнікам і гарачым паслядоўнікам міфалагічнай школы) і ранняя смерць не дазволілі гэтаму таленавітаму чалавеку поўнасцю праявіць сябе ў навуцы.

Мэтанакіраванай і плённай была фальклорна-этнаграфічная дзейнасць П. В. Шэйна13. Першае выданне падрыхтаванага ім зборніка песень уключала самыя разнастайныя песенныя жанры і ахоплівала амаль усе рэгіёны Беларусі. Каштоўнасць яго заключаецца перш за ўсё ў тым, што абрадавыя песні збіральнік суправаджаў шырокім апісаннем народных традыцый і звычаяў. Сусветную славу фалькларысту прынеслі дзве кнігі першага тома «Материалов для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края» (1887–1890), у якіх была шырока прадстаўлена каляндарна-абрадавая і сямейная паэзія беларусаў, а таксама неабрадавая лірыка. У другі том сваіх «Материалов…» Шэйн упершыню ўключыў казачны эпас беларусаў.

У 1880-я гг. пачалася навукова-збіральніцкая дзейнасць аднаго з самых славутых беларускіх фалькларыстаў Е. Р. Раманава14. Ён апублікаваў звыш дзесяці тысяч фальклорных твораў, даў грунтоўнае апісанне матэрыяльнай культуры, сямейнага і грамадскага побыту беларускага сялянства. Яго «Белорусский сборник» (вып. 1–9) можа служыць сапраўднай энцыклапедыяй матэрыяльнага і духоўнага жыцця беларусаў дарэвалюцыйнага часу.

Значны ўклад у вывучэнне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў унёс М. Я. Нікіфароўскі15. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі ён доўгія гады працаваў настаўнікам народных вучылішчаў і гімназій Віцебскай губерні і горада Віцебска, Свіслацкай і Маладзечанскай семінарый. Работу на ніве асветы паспяхова спалучаў са збіральніцкай і навуковай дзейнасцю, з’яўляўся правадзейным членам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маскоўскага ўніверсітэта, Рускага геаграфічнага таварыства. Апублікаваў звыш дваццаці даследаванняў па этнаграфіі, фальклору, гісторыі Віцебшчыны.

Вывучэнню гісторыі, літаратуры, этнаграфіі беларусаў шмат сіл і энергіі аддаў вядомы беларускі этнограф, археолаг, публіцыст, гісторык, грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку Адам Ганоры Карлавіч Кіркор16. Рэдагуючы «Памятные книжки Виленской губернии» (1850–1854), газету «Виленский вестник» (1860–1865), з’яўляючыся адным з выдаўцоў газеты «Новое время» (1868–1871) у Санкт-Пецярбургу, ён прыцягнуў да супрацоўніцтва многіх рускіх, беларускіх, польскіх, літоўскіх гісторыкаў, краязнаўцаў, археолагаў, этнографаў, літаратараў. Рэгулярна друкаваў на старонках гэтых выданняў уласныя працы па гісторыі, літаратуры, этнаграфіі Беларусі і Літвы.

Фальклор Беларускага Палесся быў шырока прадстаўлены ў зборніках Д. Булгакоўскага «Пинчуки»17, М. Доўнар-Запольскага «Песни пинчуков»18. Працы М. Доўнар-Запольскага і М. Янчука19 сведчылі аб паглыбленні ў беларускім фальклоры дэмакратычных і патрыятычных тэндэнцый.

У рабоце па збіранні вуснай народнай творчасці беларускага народа актыўна ўдзельнічалі рускія і ўкраінскія даследчыкі. У 1878 г. выйшаў другі том «Трудов этнографической экспедиции в Западно-Русский край» пад кіраўніцтвам П. П. Чубінскага. Побач з украінскімі казкамі ў ім змешчана каля 30 казак, запісаных у паўднёва-заходніх раёнах Беларусі.

Збіральнікамі і прапагандыстамі казачнага эпасу беларусаў былі таксама многія польскія фалькларысты. У 11-м-12-м тамах часопіса «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» (1887–1888) А. Кіркор надрукаваў больш за 50 беларускіх казак. Ён падкрэсліваў у прадмове да зборніка У. Вярыгі «Podanis białoruskie» (Львоў, 1889) вялікае значэнне матэрыялаў зборніка для вывучэння мовы і быту беларусаў.

Прыкметнай з’явай у славянскай і беларускай фалькларыстыцы стаў фундаментальны збор М. Федароўскага20, у якім надрукавана мноства беларускіх народных казак, песень, прымавак. Адным з першых сярод збіральнікаў беларускага казачнага эпасу ён звярнуў увагу на ўмовы бытавання казак і на казачнікаў.

Адзначаючы вялікі ўклад у сусветную фалькларыстыку прац названых вышэй збіральнікаў вусна-паэтычнай творчасці народа, варта заўважыць, што многія з іх з’яўляліся прадстаўнікамі міфалагічнай школы і прытрымліваліся думкі, што большасць сюжэтаў і вобразаў фальклорных твораў бяруць пачатак ад старажытных міфаў. Менавіта на такіх пазіцыях стаяў А. Кіркор. На самай жа справе міфалагічная школа не аказала істотнага ўплыву на дзейнасць беларускіх фалькларыстаў, як, дарэчы, і гістарычная школа. У большасці сваёй збіральнікі народнай творчасці імкнуліся да дакладных запісаў вусна-паэтычных твораў, звярталі ўвагу на старажытныя формы, часта ігнаруючы новыя з’явы і працэсы, якія адбываліся ў грамадстве. Прычыну таго, што ў фальклорных зборніках адсутнічалі сацыяльна вострыя ў ідэйных адносінах песні, казкі, легенды, прыказкі і прымаўкі, прыпеўкі, трэба шукаць і ў засіллі царскай цэнзуры. Вядома, нельга забываць і пра тое, што сяляне не заўсёды давяралі збіральнікам вуснай народнай творчасці і таму не расказвалі ім тэкстаў, у якіх высмейваліся цар, паны, царкоўнікі.

Вялікі ўклад у развіццё не толькі беларускай, але і сусветнай фалькларыстыкі, этнаграфіі, мовазнаўства ўнёс наш славуты зямляк А. К. Сержпутоўскі.

Нарадзіўся Аляксандр Казіміравіч 21 чэрвеня 1864 г. у вёсцы Бялевічы Слуцкага павета Мінскай губерні у беднай сялянскай сям’і. Нялёгкім было жыццё малазямельных сялян паслярэформеннай Беларусі. Яшчэ цяжэй даводзілася тым, хто наогул не меў зямлі. Да ліку такіх адносілася і сям’я будучага вучонага. Каб звесці канцы з канцамі, бацька Аляксандра вымушаны быў займацца сплавам лесу па палескіх рэках, працаваць на лесанарыхтоўках, вартаўніком. Сям’і прыйшлося пакінуць абжытае месца і пераехаць спачатку на хутар Дарагацішча, а затым у вёску Перавалокі (зараз Салігорскі раён).

Тут, у лясной глушы, і прайшлі дзіцячыя гады Аляксандра Сержпутоўскага. Пасля заканчэння ў 1880 г. Вызнянскага народнага вучылішча хлопец паспяхова здаў экзамены ў падрыхтоўчы клас Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Аднак у прыёме яму адмовілі з-за слабага здароўя. Хаця здароўем Аляксандр не мог пахваліцца, але характар меў цвёрды. Праз год ён зноў прыехаў у Нясвіж і паступіў у семінарыю.

У 1884 г. Сержпутоўскі ў якасці настаўніка пераступіў парог Лучыцкага народнага вучылішча ў Мазырскім павеце. Крайняя галеча, норавы адсталай палескай вёскі напаўнялі сумам сэрца маладога настаўніка. Адзіную радасць прыносіла работа з дзецьмі, даследаванне быту і культуры мясцовага насельніцтва. Ён запісаў абрад Купалля ў вёсцы Заполле, вясельныя абрады – у вёсцы Лучыцы, замовы і праклёны, прымаўкі і прыказкі – у вёсцы Загалле. Багаты матэрыял для роздуму і асэнсавання існуючай рэчаіснасці давалі Сержпутоўскаму сустрэчы з простымі палешукамі. «Жывучы доўгі час на Палессі, – пісаў ён, – і маючы непасрэдныя зносіны з народам, мне давялося ўнікаць ва ўсе бакі яго жыцця. Такім чынам я рабіў свае назіранні, пры кожным зручным выпадку знаёміўся з рознымі прымхамі, забабонамі, якімі так багатыя жыхары гэтага кутка Беларусі»21.

Малады настаўнік адчувае патрэбнасць расказаць людзям пра ўбачанае, перажытае. У 1891 г. у «Минских губернских ведомостях» з’яўляецца першая публікацыя А. Сержпутоўскага «Голос из глуши», у якой аўтар знаёміць чытачоў з жыццём сялян вёскі Лучыцы, іх бытам, традыцыямі, заняткамі. Гаворачы аб той шкодзе, якую наносяць здароўю людзей лекары-самавукі, знахары, шаптухі, ён ставіць пытанне аб неабходнасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для вёскі – урачоў, аптэкараў, культасветнікаў, настаўнікаў. За час настаўніцтва на Мазыршчыне А. Сержпутоўскі надрукаваў у гэтай газеце звыш дваццаці артыкулаў.

У 1893 г. Сержпутоўскі пераязджае ў Мінск. Працуе пісарам у Мінскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, а затым у паштова-тэлеграфным ведамстве. Хоць у аўтабіяграфічнай даведцы А. К. Сержпутоўскага не ўказваюцца прычыны, якія прымусілі яго змяніць прафесію настаўніка на службу дробнага чыноўніка, думаецца, што не апошнюю ролю адыграла тут жаданне працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе і прысвяціць сябе вывучэнню быту, матэрыяльнага і духоўнага жыцця беларускага народа.

У 1896 г. А. К. Сержпутоўскі становіцца жыхаром Санкт-Пецярбурга. Працу на Галоўпаштамце ён паспяхова спалучае з вучобай у археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. У сшытку, дзе ён канспектаваў лекцыі вядомых вучоных, прафесараў Санкт-Пецярбургскага археалагічнага інстытута ў 1903–1904 гг., сустракаюцца запісы, як з дапамогай пластыліну і скульптурнага воску зрабіць злепак, як адрозніць арыгінал карціны ад копіі, адкуль і як адбываецца запазычанне слоў, у прыватнасці тэрмінаў. Як бачым, ужо тады Аляксандр Казіміравіч сур’ёзна рыхтаваўся да вялікай даследчай работы.

Яшчэ да пачатку першай рускай рэвалюцыі ў Сержпутоўскага складаюцца перадавыя грамадска-палітычныя і філасофскія погляды. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі кнігі палітычнага, філасофскага і сацыяльнага зместу. Аб тым, што Сержпутоўскі цікавіўся такой літаратурай, сведчыць сшытак афарызмаў, сабраных і напісаных ім асабіста на працягу 1901–1909 гг. Звяртаюць на сябе ўвагу думкі, якія сведчаць аб матэрыялістычных поглядах Сержпутоўскага на паходжанне жыцця на зямлі. «Чалавек з’явіўся на зямлі такім жа шляхам, – чытаем у запісах, – як з’явіліся камяні, расліны, жывёла. Ён – прычынная часцінка сусветнай матэрыі і яе энергіі»22.

Яшчэ больш катэгарычны ён у сваіх ацэнках самадзяржаўнага ладу, пры якім усе законы дыктуюць не сумленне і праўда, а золата і прымус: «Калі ў мінулыя часы рабства параджалася грубай фізічнай сілай, то зараз – капіталам (золатам)». «Золата ад таго блішчыць, што яно пастаянна абмываецца слязамі». «Усялякі захоп ёсць насілле, якое супярэчыць справядлівасці. Зямля, святло, паветра і ўся прырода належаць усім без любых абмежаванняў… Кожны мае права на жыццё. Для жыцця неабходны зямля, сонца, паветра, хлеб, вада, адзенне, жыллё і інш. Калі ж нас пазбаўляюць усяго гэтага, то гэта не права, а насілле»23.

Катаргай, домам для вар’ятаў, пеклам называў ён самадзяржаўны лад, які можа пазбавіць аптымізму любога чалавека. I ўсё ж аўтар афарызмаў цвёрда верыў у будучае свайго народа. «Рана або позна, – пісаў ён, – а людзі ўсвядомяць цягу матэрыяльнай залежнасці ад нікчэмнай меншасці, аб’яднаюцца агульнымі інтарэсамі і пазбавяцца ад рабства».

Вядома, было б памылковым бачыць у маладым Сержпутоўскім сталага рэвалюцыянера. Аднак у тым, што ідэі вызвалення народных мас ад прыгнёту царскага самадзяржаўя былі блізкімі яму, сумнявацца не даводзіцца. Пацвярджэннем таму можа служыць наступны запіс у названым вышэй сшытку афарызмаў. «У маскоўскім тэатры, – піша Сержпутоўскі, – упершыню была пастаўлена “Улада цемры” Л. М. Талстога. Прысутныя, затаіўшы дыханне, сачылі за развіццём падзей на сцэне. I раптам з галёркі пачуўся малады ўсхваляваны голас: “Унізе – улада цемры, наверсе – цемра ўлады”». У зале, па ўспамінах Сержпутоўскага, пачуліся дружныя апладысменты, сярод радоў забегалі паліцэйскія ў пошуках таго, хто пасмеў узняць голас супраць цара і яго памагатых.

У гэтым жа сшытку занатаваны цікавыя думкі пра мастацтва, музыку, эстэтыку, змешчаны прыказкі, прымаўкі, замалёўкі з жыцця беларускіх сялян.

У 1904 г. Сержпутоўскі закончыў археалагічны інстытут. Вольны ад работы час ён праводзіць у бібліятэках, наведвае Рускае геаграфічнае таварыства, якое аб’ядноўвала даследчыкаў культуры і быту народаў Расійскай імперыі, прымае ўдзел у абмеркаванні экспедыцый Е. Р. Раманава, У. М. Дабравольскага, А. М. Харузіна ў цэнтральныя і заходнія раёны Расіі. З’яўляецца гарачае жаданне самому накіравацца ў экспедыцыю ў родныя сэрцу мясціны Беларускага Палесся.

У 1906 г. Сержпутоўскі паступае на работу ў Рускі музей у якасці рэгістратара этнаграфічнага аддзела. Пачынаецца новая старонка ў яго біяграфіі.

Покліч нязведаных дарог

У 1906 г. малады даследчык двойчы выязджаў у экспедыцыі ў Слуцкі і Мазырскі паветы, даследаваў цяжкадаступную палескую частку Беларусі па левым прытоку Прыпяці і сабраў у жыхароў непраходных лясоў і балот багатую этнаграфічную калекцыю. Яе склалі прадметы сялянскага адзення, земляробчыя прылады, прыстасаванні для лоўлі рыбы і палявання, посуд, узоры вышыўкі – усяго звыш 1000 экспанатаў. Пра гэта паведаміў сваім чытачам часопіс «Живая старина» (1907. Вып. 1, отд. 5. С. 9). Акрамя таго, Сержпутоўскі зрабіў мноства фотаздымкаў, малюнкаў прылад і прыстасаванняў, якімі пастаянна карысталіся сяляне. Свае назіранні ён запісваў у асобны сшытак. Азнаямленне з гэтымі запісамі дае ўяўленне аб жыцці палескай вёскі ў пачатку XX ст.

Вось як выглядала, напрыклад, у яго апісанні вёска Круковічы Слуцкага павета.

Пабудавана яна на адкрытым роўным месцы. У цэнтры размясціліся валасное ўпраўленне і народнае вучылішча. Паабапал вуліцы густа выстраіліся сялянскія дамы. Двары ў большасці сваёй не агароджаныя, варот няма. Адна студня на некалькі гаспадарак. Да хаты прымыкаюць сенцы, каморкі, побач – варыўні, павеці, хлявы, свірны, далей – гумны.

Даследчык звяртае ўвагу на беднасць сялянскага побыту. У кожнай хаце можна было ўбачыць самаробныя лаўкі, драўляныя ложкі. Сцены часаныя, без шпалераў і пабелкі. Падлога высцілалася габляванымі дошкамі. Як і сцены, яе мылі лугам (попелам) і гарачай вадой24.

У некаторых вёсках Сержпутоўскі сустракаў курныя хаты, якія абаграваліся дымам. Адну з такіх хат у вёсцы Церабілава Рэчыцкага павета этнограф апісаў у сваім дзённіку. Памеры хаты 6×6 аршынаў. Тры невялікія акенцы прапускаюць мала святла, таму ў хаце заўсёды цёмна. Добрую трэць памяшкання займае печ з палацямі. Вусце ў печы нізкае, перад ім адтуліна. Труба адсутнічае, дым выходзіць на вуліцу праз шырокія нізкія дзверы, увайсці праз якія можна толькі сагнуўшыся. Хата награваецца хутка, хутка і астуджваецца. Едкі пах дыму навекі пасяліўся ў лёгкіх чалавека, ва ўсіх порах дрэва, цэглы.

Вокны ў большасці дамоў былі невялікія, усяго ў чатыры шыбы, што тлумачылася беднасцю сялян, якія не мелі магчымасці купіць дарагое шкло. Нягледзячы на беднасць, людзі жылі паміж сабой дружна, дзверы іх хат не ведалі замкоў. У лепшым выпадку іх замянялі кручкі або закруткі.

Сустракаліся вёскі і багацейшыя за Круковічы, напрыклад вёска Дзяніскавічы, якая выцягнулася больш як на дзве вярсты. Дамы тут добрыя, крытыя саломай, вокны з вялікімі шыбамі і аканіцамі. На каньках большасці хат красаваліся выразаныя з дрэва пеўнікі.

А. Сержпутоўскі тлумачыў гэтую заможнасць тым, што акрамя земляробства і жывёлагадоўлі жыхары займаліся яшчэ паляваннем і рамізніцтвам25.

Вынікі сваіх першых экспедыцый Сержпутоўскі абагульніў у этнаграфічным нарысе «Белорусы-полешуки (этнографический очерк). Постройки, занятия и поверья крестьян северной половины Мозырского и южной части Слуцкого уездов Минской губернии»26. Нарыс уключае ўводзіны і тры раздзелы. Ва ўводзінах даецца геаграфічная і гісторыка-бытавая характарыстыка даследаванай часткі Палесся.

У першым раздзеле – «Жилые и служебные постройки (строительство) и другие сооружения» – аўтар працы грунтоўна, з веданнем справы апісвае пасяленні, жылыя і гаспадарчыя пабудовы палешукоў, ілюструе апісанне малюнкамі, чарцяжамі сядзіб, двароў многіх вёсак Мазырскага і Слуцкага паветаў. Расказваючы пра хаты і сядзібы багатых людзей з мноствам дапаможных і гаспадарчых пабудоў, ён кантрасна малюе бедную сялянскую хаціну, якая падслепаватымі вокнамі пазірае на вуліцу.

Падрабязна апісвае Сержпутоўскі планіроўку жылля, гаспадарчых памяшканняў – сянец, катухоў, свірнаў, дае высокую ацэнку майстэрству палешукоў, якія навучыліся будаваць дамы і гаспадарчыя памяшканні так, каб тыя ў дажджлівае лета не заліваліся вадой, каб грызуны не забіраліся ў свірны са збожжам, каб памяшканні добра вентыляваліся.

Гаворачы аб жывучасці старажытнага ўкладу, які захаваўся з-за ізаляванасці многіх палескіх вёсак ад знешняга свету, Сержпутоўскі ў той жа час адзначае пранікненне сюды капіталістычных адносін, што праявілася ў развіцці кааперацыі, таварнага абмену, у ажыўленні гандлю. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца прыклад арганізацыі кавальскай справы на Беларускім Палессі. Прафесія каваля лічылася на вёсцы адной з самых пачэсных і неабходных. Пагэтаму ўсёй грамадой узводзіўся будынак, дзе павінна была размяшчацца кузня, у складчыну набывалі неабходнае абсталяванне. Такім чынам, кузні з’яўляліся грамадскімі вытворчымі прадпрыемствамі. На сялянскіх сходах абмяркоўваліся кандыдатуры каваля – перавага аддавалася тым, хто валодаў большым майстэрствам, сілай, карыстаўся па вагай у сялян.

У ролі падручных каваля выступалі заказчыкі. Яны падносілі вугаль, жалеза, распальвалі горн, дапамагалі каваць. Расплачваліся за работу хлебам, мясам, соллю, гароднінай або па дамоўленасці працавалі пэўны час у гаспадарцы каваля.

Без дазволу сходу каваль не меў права абслугоўваць заказчыкаў з іншых населеных пунктаў. У адваротным выпадку яго маглі замяніць іншым.

Шмат месца адводзіць аўтар апісанню вырабу цэглы, будавання мастоў, перапраў, ёзаў27, што ва ўмовах непраходных балот мела важнае значэнне. «Дарогі тут непраходныя, – адзначае А. К. Сержпутоўскі. – Напрыклад, у Гаўрыльчыцы, Лугі, Гоцк, якія размешчаны на поўдні Слуцкага павета Мінскай губерні, можна праехаць на конях толькі зімой, калі замерзнуць балоты, сярод лета на валах, калі падсохнуць балоты»28. Але ж жыццёвыя абставіны прымушалі сялян карыстацца такімі пераправамі і вясной, і ўвосень, калі былі дажджы. «Страшна глядзець, – пісаў А. Сержпутоўскі, – калі жанчына з люлькай за плячыма, у якой ляжала дзіця, ідзе па такім мосце. Пад нагамі шуміць і бурліць вада, ёз хістаецца, калкі трашчаць, а маці з акамянелым выразам на твары нетаропка рухаецца наперад. Страшна. Міжволі думаецца, што вось адзін няправільны крок або рух і няшчасная жанчына разам з дзіцем апынецца ў віры. Сапраўды, няшчасныя выпадкі тут нярэдкія»29.

У другім раздзеле, прысвечаным заняткам і промыслам палешукоў, апісваюцца спосабы і прыёмы земляробства, жывёлагадоўлі, сельскагаспадарчыя прылады працы. Шмат месца ўдзяляецца збіранню лясных дароў, апрацоўцы льну і канапель, ткацтву, роспісу ганчарных вырабаў, бортніцтву, вырабу паясоў, папруг і г. д.

Не мог не спыніцца даследчык і на сацыяльных праблемах, якія хвалявалі сялян. Круглы год ад цямна да цямна працавалі яны на сваёй зямлі, палівалі яе потам, слязамі, але, нягледзячы на гэта, заставаліся беднымі. Неўрадлівая глеба, апрацоўка зямлі прымітыўнымі прыладамі не дазвалялі атрымліваць высокія ўраджаі.

Сяляне амаль ніколі не елі чыстага хлеба, змешвалі муку з дубовай карой, мякінай, пырнікам. Выручалі бульба, грэчка, проса, якія нядрэнна радзілі на мясцовых глебах, а таксама дары лясоў, балот, рэк – грыбы, журавіны, рыба. Праўда, і да гэтых астраўкоў выжывання цягнуліся прагныя рукі маючых уладу. Нягледзячы на адмену прыгоннага права ў Расіі, яшчэ ў пачатку XX ст. на Палессі захоўваліся элементы прыгонніцтва. Памешчыкі, буйныя арандатары, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках вялікія надзелы зямлі, лясныя ўгоддзі, дапускалі сялян да карыстання імі па ліцэнзіях за плату, выкарыстоўваючы так званае сервітутнае права. Сяляне ж лічылі землі, лясы, рэкі і вадаёмы «божым дарам», а таму не хацелі мірыцца з такім становішчам. Яны бунтавалі, сілай адбіралі ў эксплуататараў зямельныя і лясныя масівы.

З гневам гаворыць Сержпутоўскі пра безгаспадарчыя адносіны землеўладальнікаў да прыроды, у прыватнасці пра масавае знішчэнне лясоў, якое пачалося ў паслярэформенны час. На Палессе хлынула хваля лесапрамыславікоў, перакупшчыкаў, рабочых з розных куткоў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Пацягнуліся на заробкі і беларускія сяляне, пакідаючы свае гаспадаркі. За кароткі час дзялкі атрымалі велізарныя прыбыткі, а сяляне страцілі апошняе, асабліва пасля таго, як лясны бум пайшоў на спад. Лес знішчылі, вывезлі. Багацеі падаліся ў вялікія гарады, на адпачынак у заморскія краіны, сяляне ж вярнуліся ў свае запусцелыя гаспадаркі. Жыццё іх стала яшчэ больш цяжкім і невыносным. Выхад з такога становішча вучоны бачыць у карэнным пераўтварэнні гаспадарчага жыцця, хоць па вядомых прычынах не раскрывае шляхоў, якія павінны былі б выратаваць палешукоў ад непазбежнага вымірання.

Апісваючы цяжкае, поўнае гора і нягод жыццё палешукоў, Сержпутоўскі асабліва занепакоены становішчам жанчын. «На вядзенне дамашняй гаспадаркі і прыгатаванне ежы ў жанчын ідзе ўвесь час, – піша аўтар. – …Але гэта яшчэ не ўсё. Ёй трэба вырасціць лён, каноплі, прыгатаваць кудзелю, напрасці, наткаць і пашыць бялізну, прыгатаваць дамашняе сукно для верхняга адзення і г. д. Калі сюды аднесці нараджэнне дзяцей, хваробы і іншыя жыццёвыя нягоды, то трэба толькі здзіўляцца, як палеская жанчына выносіць такое жыццё і як асобныя з іх дажываюць да глыбокай старасці»30.

Трэці раздзел нарыса Сержпутоўскі прысвяціў прымхам і забабонам палешукоў. У ім прыводзяцца апісанні «магічных» дзеянняў мясцовых ведзьмакоў, знахароў, шаптух. Многія назіранні лягуць пазней у аснову нарысаў і апавяданняў Аляксандра Казіміравіча.

Поспех першых экспедыцый Сержпутоўскага невыпадковы. У вывучэнні быту і культуры палешукоў дапамагла яму работа ў школе. Ужо тады ён назіраў за жыццём людзей, запісваў вусныя апавяданні, казкі, прымаўкі, заклёны, рабіў накіды чарцяжоў пабудоў, замалёўкі дамашняга побыту, вывучаў вопыт збіральніцкай дзейнасці іншых фалькларыстаў і этнографаў. Так, у 1893 г. на старонках часопіса «Этнографическое обозрение» друкаваліся нарысы аб жыцці сялян Віцебскай губерні М. Я. Нікіфароўскага. Дзякуючы ім шырокая грамадскасць Расіі змагла пазнаёміцца з жыццём і бытам беларускага сялянства, яго звычаямі, традыцыямі, культурай, вусна-паэтычнай творчасцю.

Вялікая цікавасць, якую праяўлялі да культуры, быту, умоў жыцця беларускага народа перадавыя людзі Расіі ў пачатку XX ст., была невыпадковай. Падзеі, звязаныя з развіццём капіталізму, з рэвалюцыяй 1905–1907 гг., знайшлі самы непасрэдны водгук у сэрцах беларусаў, садзейнічалі больш актыўнаму развіццю нацыянальнай культуры. Гэта з асаблівай сілай праявілася ў яго імкненні адстаяць правы на нацыянальную незалежнасць, карыстанне роднай мовай, літаратурай, культурай.

У гэты перыяд шырока разгарнулася работа па збіранні і вывучэнні народнай вусна-паэтычнай творчасці. Паўсюдна ствараюцца таварыствы і гурткі, ставіцца пытанне аб узнаўленні Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Побач з таварыствам па вывучэнні Магілёўскай губерні (існавала з 1902 г.) у 1912 г. пачынае работу Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Неўзабаве такія ж таварыствы ствараюцца ў Віцебску, Гомелі, Барысаве.

Значны ўклад у справу вывучэння роднага краю ўнеслі студэнты беларускага зямляцтва Пецярбургскага ўніверсітэта. Яны вывучалі культуру і быт народа, запісвалі вусна-паэтычныя народныя творы, выкарыстоўвалі багаты фактычны матэрыял для паказу паднявольнага жыцця людзей, заклікалі працоўных на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Вялікую дапамогу дзеячам культуры, пачынаючым краязнаўцам аказвалі працы такіх выдатных фалькларыстаў і этнографаў, як Е. Р. Раманаў, Я. Ф. Карскі.

Актыўна працягваў работу па вывучэнні быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа А. К. Сержпутоўскі. Летам 1907 г. ён накіроўваецца ў экспедыцыю на Палессе Валынскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Незадоўга да гэтага этнаграфічны аддзел Рускага музея распрацаваў праграму для збірання этнаграфічных прадметаў і абавязаў сваіх супрацоўнікаў строга кіравацца ёй. Азнаёміўшыся з гэтай праграмай, Сержпутоўскі прыходзіць да вываду, што яна не адлюстроўвае спецыфікі Беларускага Палесся. Ён распрацоўвае ўласную праграму, якую ўмоўна называе «Некалькі агульных заўваг аб збіранні этнаграфічных калекцый у Беларусі»31.

Зыходзячы з рэльефу і прыродных умоў Беларусі Аляксандр Казіміравіч прапаноўвае умоўна раздзяліць яе тэрыторыю на дзве часткі: палявую – Літву і лясную – Палессе. Сержпутоўскі тут чамусьці карыстаецца гістарычным паняццем «Літва». Пры гэтым ён заўважае, што «літвіны», дзякуючы нядрэнным дарогам, раней устанавілі культурныя сувязі з суседнімі народамі.

Расказваючы аб гаротным становішчы палешукоў, Сержпутоўскі адзначае: «Тут, у глыбіні Палесся, мы можам сустрэць такія куткі, такі быт народа і ўсе абставіны яго жыцця, якія напамінаюць нам даўно мінулы час»32. Ён раіць пачынаючым фалькларыстам і этнографам збіраць этнаграфічныя калекцыі, якія характарызуюць быт і творчасць народа, рабіць падрабязнае апісанне мясцовасці, дзе збіраюцца гэтыя экспанаты, з прыкладаннем карт, планаў і фотаздымкаў, запісваць легенды, паданні, фразеалагізмы, даваць характарыстыку заняткаў людзей, прылад працы, сямейнага побыту, звычаяў, традыцый, народнай медыцыны, мастацтва, указваць, чым прадыктаваны выбар месца для будаўніцтва таго ці іншага збудавання, апісваць тэхніку яго ўзвядзення і г. д.

Сержпутоўскі сам строга прытрымліваўся гэтых правіл, выконваў велізарны аб’ём даследчых работ. У час экспедыцыі 1907 г. (чэрвень – жнівень) ён сабраў багатую этнаграфічную калекцыю. Як паведамляла «Живая старина», у яе ўвайшлі адзенне, земляробчыя прылады, прыстасаванні для ткацтва, музычныя, цяслярскія і бондарскія інструменты, амулеты, сродкі народнай медыцыны, прадметы табакакурэння і здабывання агню, сродкі перамяшчэння, цацкі, прылады для палявання, рыбалоўства, пчалярства, посуд, узоры тканін і вышыўкі, прадметы дамашняга ўжытку. Усяго дастаўлена ў музей больш за 800 экспанатаў, а таксама 200 фотаздымкаў пабудоў, тыпаў жыхароў, бытавых сцэн, промыслаў і г. д.33

Экспедыцыі патрабавалі ад збіральніка вялікага напружання фізічных сіл, часу. Трэба было адабраць самыя каштоўныя экспанаты, зрабіць падрабязнае апісанне кожнага з іх, знайсці транспарт, адвезці груз на чыгуначную станцыю або адправіць іншым спосабам. Часта для гэтага не хапала адпушчаных на камандзіроўку грошай, даводзілася разлічвацца ўласнымі. Царскія чыноўнікі на месцах не толькі не аказвалі этнографам неабходнай дапамогі, а часам нават перашкаджалі рабоце. Так, падчас экспедыцыі ў Польшчу ў 1909 г. Сержпутоўскі не змог наведаць Радомскую губерню, багатую народнымі рамёствамі і звычаямі. Незадоўга перад гэтым там адбыліся сялянскія хваляванні і для ўезду на тэрыторыю губерні патрабаваўся асабісты дазвол генерал-губернатара Царства Польскага. «Генерал-губернатар, як усходні дэспат, з выпадку масленіцы нікога не прымаў»34, – пісаў Сержпутоўскі галоўнаму захавальніку этнаграфічнага аддзела музея Ф. К. Волкаву.

У горадзе Родзін Сядлецкай губерні ад Сержпутоўскага ні на крок не адставалі жандары, прыстаўленыя да яго губернатарам. У прысутнасці іх людзі баяліся выконваць песні, расказваць казкі, паданні, нават гаварыць. Нягледзячы на гэта, Сержпутоўскі поўнасцю выканаў праграму экспедыцыі, сабраў і адаслаў у музей 676 прадметаў, якія характарызавалі быт, культуру, заняткі мясцовых жыхароў.

Апісанне калекцый вучоны звычайна рабіў на рускай і беларускай мовах, строга захоўваючы мясцовую гаворку.

Паспяховай была паездка А. К. Сержпутоўскага ў Літву ў 1909 г. Тут ён зрабіў звыш 200 фотаздымкаў, запісаў многа песень, прыказак, прымхаў.

Падчас экспедыцый вучоны сустракаецца з мясцовымі краязнаўцамі, этнографамі, дзеячамі культуры і мастацтва, раіцца з імі адносна аб’ектаў даследчай работы, просіць збіраць і прысылаць у музей экспанаты. Падкрэсліваючы высокую самабытную культуру жыхароў заходняй часткі царскай імперыі, ён заўважае, што жыццё простага народа тут яшчэ больш цяжкае і невыноснае, чым у жыхароў цэнтральных губерняў Расіі.

Каўказскі дзённік

Летам 1910 г. А. К. Сержпутоўскі накіроўваецца ў камандзіроўку на Паўночны Каўказ. Нязведаны край, бездарожжа, невядомыя мовы і звычаі плямён і народнасцей не надавалі аптымізму. «Я еду ў такую цяжкую і небяспечную экспедыцыю, дзе кожную хвіліну можна чакаць ад горцаў кулю або кінжал. Але мяне не палохаюць ні цяжкасці, ні небяспека, толькі б дасягнуць пастаўленай мэты», – пісаў Аляксандр Казіміравіч у сваім рабочым дзённіку.

Па дарозе на Каўказ ён спыняецца ў розных гарадах Расіі, падрабязна апісвае славутасці Самары, Саратава, Ноўгарада, Царыцына, Юр’ева. Апошні, па словах Сержпутоўскага, вельмі нагадаў яму беларускі Мазыр. Але прыгожыя пейзажы цудоўнай рускай прыроды, магутнай, апетай у песнях Волгі не засланяюць ад пільнага позірку этнографа жыццё народа. На кожным кроку бачыць ён гора і нястачу, чуе скаргі, плач, праклёны ў адрас царскіх чыноўнікаў. Пасля наведвання Кастрамы даследчык зрабіў наступны запіс у дзённіку: «Тут адчуў я сэрца Расіі і тую коснасць некалі моцнага і магутнага народа, які… сёння пакутуе ад прыгонніцтва і голаду»35. Знаёмячыся з карціннай галерэяй горада, Сержпутоўскі заўважае, што этнаграфія там не прадстаўлена, у музеі пануе хаос.

Поўныя трывог, небяспекі і ўражанняў былі дні, праведзеныя Аляксандрам Казіміравічам на Каўказе. Ён быў вымушаны прабірацца па горных сцяжынках над безданню. На дарогах на праезджых часта нападалі бандыты. I ўсё ж этнограф наведаў самыя маладаступныя аулы, сабраў багатыя калекцыі прадметаў быту, прылад працы, зброі, зрабіў унікальныя запісы народных традыцый і абрадаў, фотаздымкі.

Шмат увагі ўдзяліў Сержпутоўскі апісанню жыцця дзідойцаў, якое мала чым адрознівалася ад жыцця іншых горскіх народаў. Галоўным іх заняткам была жывёлагадоўля. Сяляне разводзілі авечак, кароў, коней, аслоў. На невялічкіх кавалачках зямлі, адваяванай у гор, вырошчвалі азімую пшаніцу, авёс, жыта, кукурузу. Апрацоўвалі зямлю прымітыўным спосабам – матыкай, сахой, што не садзейнічала атрыманню высокіх ураджаяў. Агародніцтвам дзідойцы не займаліся наогул. Асноўная ежа – бараніна, сыр. Той-сёй перабіваўся бортніцтвам, нарыхтоўкай дроў.

Апісваючы жыццё, звычаі, культуру чаркесаў, гінухцаў, А. К. Сержпутоўскі падкрэсліваў, што жывуць яны паміж сабой дружна, заўсёды гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу, падзяліцца апошнім кавалкам хлеба, жменькай тытуню. Такія ж цёплыя адносіны да сябе адчуваў з боку простых горцаў і наш зямляк.

Знаёмства з народнай творчасцю горцаў дазволіла даследчыку лепш пазнаць душу гэтых народаў, пераканацца ў іх аптымізме, свабодалюбстве, кемлівасці, знаходлівасці.

Галоўным персанажам многіх фальклорных твораў чаркесаў з’яўляецца бедны, востры на розум і язык селянін. У гэтым няцяжка пераканацца, пазнаёміўшыся з прытчай, запісанай Сержпутоўскім36.

Будучы запрошаным у госці да султана, селянін заўважыў, што гаспадар паклаў у яго шклянку мала цукру. У гэты час слуга паведаміў, што прыехаў яшчэ адзін госць. «Вельмі добра, – ажывіўся селянін, – магчыма, гэты чалавек прывёз цукру, бо ў султана яго няма».

Не багацце, а смелы ўчынак, подзвіг цаніліся ў горцаў.

У другой прытчы, запісанай у бжэдухаў А. К. Сержпутоўскім37, расказваецца пра наступнае.

Аднойчы натоўп горцаў стаяў на крутым беразе Кубані. Гледзячы на імклівае цячэнне ракі, нехта сказаў: «Шкада, што сярод нас няма бжэдуха. Ён бы не пабаяўся пераплыць раку».

Гэтыя словы пачуў пастух з племя бжэдухаў, які праходзіў міма. «Калі сваім учынкам, нават смерцю магу праславіць свой род, я пераплыву раку», – сказаў ён. Прамовіўшы так, пастух скінуў з сябе бурку, падбег да абрыву і кінуўся ўніз.

Сюжэтам для рамантычнай аповесці пра адраджэнне роду бжэдухаў магло б стаць паданне, запісанае Сержпутоўскім38.

Супраць лютага князя бжэдухаў узняўся народ, забіў яго самога і ўсіх яго родзічаў. Жывой засталася толькі маладая жонка князя, якая чакала дзіця. Калі пачалося паўстанне, яна пабегла ў горы і знайшла прытулак у пастухоў. Хутка жанчына нарадзіла сына. Калі той крыху падрос, стаў дапамагаць дарослым даглядаць коней, кароў. Не было роўнага хлопцу ў спрыце, сіле, кемлівасці. Бжэдухі выбралі яго сваім атаманам. Малады князь аб’яднаў разрозненыя плямёны бжэдухаў, якіх вызначалі такія рысы, як стойкасць, храбрасць, захаванне звычаяў продкаў.

У час камандзіроўкі на Каўказ Сержпутоўскі набыў звыш 400 экспанатаў, зрабіў 140 фотаздымкаў асоб розных народнасцей, апісаў шмат бытавых сцэн з жыцця горцаў, выканаў дзясяткі малюнкаў і чарцяжоў дамоў, гаспадарчых пабудоў. Выказваючы падзяку прадстаўнікам афіцыйных улад, якія садзейнічалі поспеху работы экспедыцыі, ён інфармаваў кіраўніцтва савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея, што пералічаныя ім асобы абяцалі сабраць сярод мясцовых жыхароў новыя калекцыі і даслаць іх у музей.

Па просьбе старшыні імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства С. Ф. Альдэнбурга А. К. Сержпутоўскі выступіў 10 снежня 1910 г. перад членамі РГТ з паведамленнем аб выніках гэтай экспедыцыі. Вялікую цікавасць у прысутных выклікалі прагляд дыяпазітываў, зробленых Сержпутоўскім, азнаямленне з калекцыямі этнаграфічных прадметаў, прывезеных ім з Каўказа39.

Паспяховай з’явілася экспедыцыя А. К. Сержпутоўскага ў Дагестан у чэрвені 1911 г. Мэтай яе было вывучэнне жыцця, быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры дзідойцаў, гінухцаў, капучынцаў.

Наведваючы населеныя пункты, даследчык адзначаў, што жыццё горцаў мала чым адрознівалася ад жыцця рускіх, беларускіх, украінскіх сялян. Галоўнымі заняткамі гэтых смелых, адкрытых, шчырых людзей, па словах вучонага, былі жывёлагадоўля, паляванне, земляробства, хоць зямель, прыгодных для вырошчвання збожжавых, агародніны, было вельмі мала. Невялікія ўчасткі – латкі, як правіла, размяшчаліся на схілах гор. Грунт быў вельмі цвёрды, цяжка паддаваўся не толькі матыцы, але і кірцы. Каб не зваліцца ў бездань, сяляне абвязвалі сябе вяроўкамі, адзін канец якіх мацаваўся на круках, убітых у скалу. Этнографу неаднаразова даводзілася бачыць за работай жанчын, якія апрацоўвалі такім чынам зямлю.

Сержпутоўскі звяртае ўвагу на існаванне ў дзідойцаў нецывілізаваных старажытных звычаяў, напрыклад звычаю выкупу нявесты. Калым часам даходзіў да 100 рублёў, што па тым часе з’яўлялася вельмі вялікай сумай. «I ўсё ж, нягледзячы на гэта, – заўважае вучоны, – большасць маладых людзей жаніліся і выходзілі замуж па каханні». У многіх сем’ях, якія ён наведаў, панавалі любоў і згода. У той жа час назіраліся ў горцаў выпадкі мнагажэнства, пераважна сярод багатых, а таксама кроўная помста.

З гэтай экспедыцыі Сержпутоўскі прывёз 837 экспанатаў – калекцый адзення, галаўных убораў, абутку, упрыгажэнняў, зброі, прадметаў дамашняга і гаспадарчага ўжытку, рэлігійных культаў. Акрамя таго, зрабіў каля 70 фотаздымкаў пабудоў, бытавых сцэн, абследаваў і апісаў шэраг аулаў і пасяленняў. Выступаючы са справаздачай на пасяджэнні аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства аб выніках паездкі ў Нагорны Дагестан, ён паведаміў цікавыя звесткі аб быце горцаў, падзяліўся каштоўнымі думкамі аб паляпшэнні іх становішча.

У лінгвістычнай частцы сваёй справаздачы вучоны выказаў шмат крытычных заўваг па «Краткому дидойско-русскому словарю», выдадзенаму пад рэдакцыяй акадэміка М. Я. Мара. «Для збірання матэрыялаў на месцах гэты слоўнік можа аказаць паслугу, – падкрэсліў ён, – а карыстацца ім у тэарэтычных даследаваннях аб гаворках індадзідойскай групы нельга»40.

Вывучаючы быт і культуру розных народаў або этнічных груп, А. К. Сержпутоўскі імкнуўся прасачыць, які ўплыў яны аказвалі адно на аднаго. У час экспедыцыі 1912 г., абследаваўшы так званую Холмскую Русь, ён адзначыў, што ўкраінскае насельніцтва гэтага краю, захоўваючы свае бытавыя рысы, часткова падверглася ўплыву палякаў і беларусаў. Уплыў палякаў, на думку даследчыка, бачыцца ў адзенні, а беларусаў – у размяшчэнні пабудоў правільнымі радамі ўздоўж вуліц, а таксама ў тыпе пабудоў.

Адзначыў Сержпутоўскі ў сваёй справаздачы і працэс рассялення па хутарах, які пачаўся ў Холмскай Русі. Сяляне разбуралі свае старажытныя пабудовы і ўзводзілі на хутарах новыя. Вучонаму тым не менш удалося зрабіць планы, чарцяжы і малюнкі старажытных пабудоў, сфатаграфаваць іх.

У пісьме сакратару савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея ад 9 чэрвеня 1913 г. Сержпутоўскі ўказвае на імклівую змену моды, што прывяло да знікнення ў вёсцы адзення старажытных узораў. «Пабываў я ў трох паветах – Дзмітраўскім, Бронніцкім і Каломенскім, – пісаў ён, – і амаль усюды адно і тое ж: былога адзення няма, у хатнім ужытку ўсе прадметы гарадскога паходжання. Пакуль удалося сабраць каля 200 прадметаў, у тым ліку адзін мужчынскі касцюм з набіўнога льну і тры жаночыя. Паспрабую паспытаць шчасця ў старавераў, хаця кажуць, што яны могуць не пусціць у сваю вёску»41.

Цяжка сказаць, чым закончылася паездка Сержпутоўскага да старавераў (пра гэта ў справаздачы не гаворыцца), але калі ацэньваць у цэлым яго экспедыцыі ў Маскоўскую і Пермскую губерні, то можна назваць іх вельмі ўдалымі. Этнограф прывёз адтуль 437 прадметаў хатняга ўжытку, 125 фотаздымкаў, на якіх засведчаны краявіды горада Дзмітрава і Дзмітраўскага павета, у тым ліку Благавешчанскі сабор, вуліцы, дамы, прылады працы.

Рэзультатыўнай была паездка Сержпутоўскага ў Віленскую і Віцебскую губерні. Калекцыя музея папоўнілася ўзорамі сялянскай вопраткі, самаробных тканін, шыцця, вязання, рэчамі гаспадарчага ўжытку. Набыў ён тут 115 назваў керамікі – міскі, гаршкі, сподкі і г. д.

I ўсё ж думка пра тое, што з сялянскага побыту пад уплывам горада знікаюць старажытныя вясковыя прадметы, не давала вучонаму спакою. У ліпені 1915 г., адмовіўшыся ад адпачынку, ён накіроўваецца ў Варонежскую, Разанскую, Белгародскую і Курскую губерні. Нягледзячы на халеру, якая забірала штодзень шмат чалавечых жыццяў, Сержпутоўскі працягваў сваю работу. У пасылках, якія ён рэгулярна пасылаў у адрас Рускага музея, былі такія каштоўныя экспанаты, як адзенне, абутак, рушнікі, хусткі, грабяні, нажы, прадметы рэлігійнага культу.

Як і раней, многія экспанаты этнограф купляў за ўласныя грошы і дарыў іх музею. 7 мая 1916 г. ён падарыў калекцыю старажытнага шклянога посуду, набытую ў вёсцы Асінаўка Аханскага павета Пермскай губерні, а таксама высокай мастацкай вартасці карзіну, сплеценую з лазы, саламяную хлебніцу, гліняныя кубкі, за што атрымаў пісьмовую падзяку ад кіраўніцтва музея.

Шлях у навуку

У сваёй навуковай дзейнасці А. К. Сержпутоўскі ўдзяляў шмат увагі ўнутрысямейным адносінам беларусаў. «Калі за сталом знаходзіліся госці, – пісаў ён, – жанчыны звычайна не садзіліся за стол. Выключэнне складалі вяселле, хрысціны, памінкі, Дзяды і іншыя адметныя рэлігійныя святы». Прычыну гэтага вучоны бачыць не ў нейкай няроўнасці паміж мужам і жонкай, а ў гасціннасці беларускай жанчыны, яе імкненні лепш абслужыць гасцей.

У розных месцах Беларусі ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі былі рознымі. У шэрагу вёсак Слуцкага павета дарослыя не здароваліся з дзецьмі, не звярталі на іх увагі. Рэдка нехта заўважаў, што дзеці выраслі. Калі ў хаце былі госці, дзяцей стараліся выправадзіць на вуліцу. Рабілася гэта, на думку Сержпутоўскага, для таго, каб дзеці выпадкова не прагаварыліся пра тое, як адзываюцца пра гасцей іх бацькі за вочы.

У вёсках Чудзін, Вялікі Рожан, Малы Рожан, другіх населеных пунктах Слуцкага павета даследчык назіраў іншую карціну. Пры дзецях дарослыя гаварылі літаральна на ўсе тэмы без выключэння, у тым ліку і пра любоўныя прыгоды, роды, добрыя і кепскія ўчынкі.

Праўда, такія прыклады былі хутчэй выключэннем, чым правілам. У большасці сялянскіх сем’яў беларусаў дзеці раслі чулымі, паслухмянымі, працавітымі, дапамагалі бацькам выхоўваць малодшых дзяцей, весці гаспадарку. Ветліва адносіліся дзеці да суседзяў, асабліва старэйшых за сябе.

Наяўнасць у беларускіх сялян такіх высокіх маральных якасцей, як пачуцці калектывізму, таварыскасці, узаемадапамогі, яскрава пацвярджаюць нарысы А. К. Сержпутоўскага, якія на працягу многіх гадоў друкаваліся на старонках «Живой старины», іншых навуковых выданняў Расіі пад рубрыкай «Очерки Белоруссии». Цікавая дэталь: усе гэтыя нарысы напісаны на рускай мове, а загалоўкі асобных з іх Сержпутоўскі дае на беларускай мове. Вучоны не тлумачыць, чым выклікана гэтая акалічнасць. Думаецца, што ён зыходзіў з таго, што беларуская мова на пачатку XX ст. ужо заявіла аб сабе ў поўны голас, заваявала сабе права стаяць поруч з рускай мовай, хоць афіцыйныя колы царскай Расіі ўсяляк перашкаджалі гэтаму.

«Сябрына». Гэта першы нарыс42 з названай серыі. Ён прысвечаны апісанню старажытных народных традыцый беларусаў-палешукоў Слуцкага павета Мінскай губерні. Адзначаючы, што сябрына сустракаецца толькі ў беларусаў, у пераважнасці палешукоў, Сержпутоўскі тлумачыць значэнне гэтага слова. Ён не пагаджаецца з трактоўкай слова «сябрына» ў слоўніку I. I. Насовіча, які сцвярджаў, што слова «сябрук» нічым не адрозніваецца ад слова «сябар». Па перакананні вучонага, «сябар» – гэта не «саўдзельнік» у справе ці рабоце, не проста таварыш, а чалавек, родны па духу, часта бліжэйшы за родзіча.

Па назіраннях Сержпутоўскага, сябрына ў Беларусі ў многім абапіралася на сумеснае вядзенне гаспадаркі, у прыватнасці пчалярства, бо пчолы часта пераляталі раямі ад аднаго селяніна да другога. Палешукі лічылі гэта праяўленнем Боскай волі. Ды і пчалу называлі свяшчэннай істотай, якая дае воск для царкоўных свечак. Таму сябрына, заснаваная на сумесным бортніцтве, лічылася самай моцнай.

Існаваў на Палессі выдатны звычай – абдорваць маладых пчалінымі вуллямі. Такім чынам госці і маладыя гаспадары станавіліся сябрамі.

Сябрына ўстанаўлівалася і ў выпадках, калі ад падораных на вяселлі каровы, авечкі ці кабылы атрымліваўся прыплод, у такім разе гаварылі: «Ідзе ў руку».

«Хаця пры ўстанаўленні сябрыны ніякіх спецыяльных абрадавых дзеянняў не праводзяць, – зазначаў Сержпутоўскі, – але з моманту яе з’яўлення сябры звяртаюцца адзін да другога на “вы”, а не на “ты”, як прынята гэта паміж чужымі людзьмі». З такой павагай звярталіся палешукі толькі да бацькоў, старэйшых па ўзросце, родзічаў і самых блізкіх сяброў і таварышаў.

Кожны чалавек лічыў для сябе свяшчэнным абавязкам дапамагчы сябру ў бядзе. Вялікім грахом было пакрыўдзіць сябра, прычыніць яму зло. Сварка паміж сябрамі – ганьба для абодвух.

У час урачыстасцей сяброў саджалі на самае ганаровае месца, удзялялі ім шмат увагі. Сябры часта выступалі ў ролі дарадцаў, абаронцаў перад грамадскімі і дзяржаўнымі інстанцыямі. Нездарма гаварылі, што часам ад сябра хутчэй атрымаеш дапамогу, чым ад родзіча. Адсюль з’яўленне прыказак і прымавак: «Многа сваіх, ды чорт на іх, а сябар – божы сваяк», «Часам ад свайго помачы не чакай, хіба ў сябра папытай».

Кожны прадбачлівы беларус пры ўсякім зручным выпадку стараўся займець як мага больш сяброў у сваёй і суседніх вёсках. Ведалі: сябар дапаможа ў цяжкую хвіліну жыцця, пусціць пераначаваць і прыме як самага дарагога госця. «Не май асьмакоў, а май многа сяброў – век пражывеш і з голаду не памрэш», – гаварылі старыя.

«Бонда». Старажытны звычай беларусаў дзяліцца з суседзямі здабыткамі сваёй працы – мясам, рыбай, мёдам, садавінай, гароднінай – знайшоў адлюстраванне ў нарысе А. К. Сержпутоўскага «Бонда»43. Згодна з народнымі ўяўленнямі, таго, хто не падзеліцца з іншымі бондай або бондачкай, будуць праследаваць няшчасці.

Гэты звычай распаўсюджваўся і на жывёлу. Заўважыўшы бадзячага сабаку або каня, карову, якія адбіліся ад статку, сяляне лічылі неабходным накарміць іх. Пры гэтым яны гаварылі: «Бог дае на ўсіх долю. I сабаку давай кавалак хлеба – можа, не праз чыю ласку жывем».

Звычай даваць бонду, на думку Сержпутоўскага, ішоў ад сівой даўніны, калі была агульная маёмасць цэлай абшчыны або роду.

У запісах вучонага адзначаецца, што ва ўспамінах старых людзей, ад якіх калісьці ён запісваў свае фальклорныя творы, ёсць шмат прыкладаў таго, як сяляне, што мелі коней, валоў, дапамагалі суседзям-беднякам бясплатна апрацоўваць зямлю, звозіць з поля ўраджай, нарыхтоўваць дровы на зіму. Нават калі ўласнага хлеба не хапала да новага ўраджаю, палешукі не пакідалі ў бядзе суседзяў, у якіх па нейкай прычыне загінуў ураджай.

«Талака». Цікавае тлумачэнне старажытных народных традыцый знаходзім у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Талака»44. Аўтар адвяргае сцвярджэнне У. I. Даля, які пісаў, што «талака – работа грамадой за пачастунак». Сяляне бескарысна прыходзілі, па словах этнографа, на дапамогу аднавяскоўцу, прыносілі нават будаўнічы матэрыял. Гуртам выконваліся работы, плёнам якіх карысталіся ўсе аднавяскоўцы. Размова ідзе аб узвядзенні плацін і ёзаў, капанні студняў, будаўніцтве лазняў і г. д.

Талака часта мела і іншы сэнс. Яна давала магчымасць чалавеку паказаць сябе ў рабоце, служыла своеасаблівым спаборніцтвам у спрыце, сіле, уменні. «Лёс беларускай дзяўчыны, – пісаў Сержпутоўскі, – у большасці выпадкаў залежыць ад таго поспеху ў працы, якім яна (дзяўчына) зарэкамендавала сябе ў час талакі».

Гаворачы аб «прыгажосці і высакароднасці» талакі, Сержпутоўскі з гневам піша, што гэты старажытны народны звычай часта выкарыстоўвалі ў сваіх карыслівых мэтах памешчыкі, кулакі. Разумеючы, што талака праводзіцца бясплатна, яны збіралі народ на выкананне асабліва працаёмкіх работ і пасля іх заканчэння частавалі людзей гарэлкай. Вучоны бачыў у гэтым псаванне панамі выдатнага народнага звычаю.

«О завитках в Белоруссии». У 1907 г. на старонках часопіса «Живая старина» быў апублікаваны нарыс А. К. Сержпутоўскага «О завитках в Белоруссии (очерк из жизни крестьян южной части Слуцкого уезда Минской губернии)»45, прысвечаны раскрыццю светапогляду палешукоў. Значнае месца адводзілася ў ім прымхам і забабонам.

«Пачынаючы з моманту нараджэння і амаль да самой смерці, – піша аўтар, – беларуса, на яго думку, праследуе «нячыстая сіла», а каб яе прадухіліць або прымусіць працаваць на карысць чалавека, трэба строга прытрымлівацца выпрацаваных народнай мудрасцю прымхаў і забабонаў – правіл, як трэба рабіць у тым ці іншым выпадку». Вобразна параўноўваючы гэтыя правілы з правіламі гігіены, накіраванымі на падтрыманне здароўя чалавека, Сержпутоўскі зазначае, што ў аснове прымхаў і забабонаў ляжаць уяўленні неадукаванага цёмнага чалавека і рэкамендаваныя дзеянні для перасцярогі ад нейкай бяды. Яны не маюць ніякай прычыннай сувязі. Так, каб на працягу года быць здаровым, на думку палешукоў, трэба было падчас першага грому патрэсці дуб. Адпраўляючыся ў дарогу, сяляне зачынялі засланкай вусце печы, а да прыпечка прыстаўлялі вілкі і качаргу. У такім разе прымхі абяцалі ім паспяховую паездку.

Сярод мноства розных прымхаў і забабонаў у жыцці беларуса-палешука выключнае месца займалі заломкі, завіткі, або куклы. Рабіліся яны на хлебных палях і мелі мэту пашкодзіць здароўю чалавека, яго гаспадарцы. На думку сялян, рабілі заломкі ліхія людзі, ведзьмакі, якія знасіліся з нячыстай сілай, валодалі чарамі, праклёнамі, заклёнамі.

Знішчыць заломку, зняць праклёны мог вядзьмак, які валодаў яшчэ большай магічнай сілай, чым той, хто ўчыніў ліхадзейства.

Звычайна заломкі рабіліся так: сцяблінкі жыта, пшаніцы, ячменю або іншых хлебных злакаў збіраліся ў пучок, перавязваліся валасамі, ніткамі, чырвонымі стужкамі і заломваліся ў пэўны бок.

Рабіліся заломкі і ў выглядзе вяночкаў. Выбар таго ці іншага віду заломак і атрыбутыкі, звязанай з ім, залежыў ад многіх абставін. Заломкі, звязаныя валасамі, на думку ведзьмака, пагражалі жыццю людзей ці жывёлы. Зламаныя або скручаныя сцяблінкі ўказвалі на тое, што праклён накіраваны супраць здароўя ці нават жыцця чалавека.

Заломкі звычайна завівалі ў канцы мая – пачатку чэрвеня, калі зацвіталі збожжавыя. На досвітку вядзьмак распранаўся дагала і, стараючыся быць нікім не заўважаным, прабіраўся ў поле. На думку сялян, там вядзьмак сустракаўся з нячыстай сілай, якая не толькі не перашкаджала яму чыніць чорную справу, але і спрыяла ў гэтым, адпужвала выпадковых людзей. Па словах Сержпутоўскага, вядомы на Случчыне вядзьмак Іван Санюк, які меў мянушку Порца, пры завіванні заломак вымаўляў такія замовы і закляцці, скіраваныя ў адрас гаспадара поля:

 
З сухога бору, нетры, гушчэчы,
З багны, тхлані, балота,
З цёмнага лесу, з лысых гор,
З ракі, з віру глыбокага,
З возера, з плёсу шырокага,
З віхру, з ветру вялікага —
Адусюль збірайся, сіла ліхая, нячыстая,
Сатры, зламі (у гэтым месцы вымаўлялася імя чалавека, супраць якога задумвалася чорная справа) косці жоўтыя,
Разлі кроў гарачую, засушы яго цела.
Як засохнуць і запетраюць гэтыя калівы,
Каб ён так засох і запетраў.
 

Апошнія словы Порца паўтараў тройчы, а затым працягваў:

Ліхія, куцыя, бясхвостыя і вы ўсе кахатыя, прыступайце і мне памажыце майго ворага зламаць, скруціць, сцерці, каб ён сонейка яснага не бачыў, грому не чуў, сцежкі не таптаў, смаку не меў. Як каласкі сохнуць, каб ён так ссох, прапаў і згінуў.

У арсенале ведзьмакоў меліся закляцці і на жывёлу, і на людзей, якія захочуць знішчыць заломку. Для апошніх у Порцы былі свае праклёны:

Бяру чыстыя каласкі, у коску заплятаю. Як каліўкі пагнуліся, паламаліся, каб так таго немач сагнула, зламала рукі і ногі, хто гэту завітку зачэпіць. Як каласкі сохнуць-пятраюць, каб так ён ссох-спятраў. Як зямля і неба не мінаюцца, каб так маё слова не мінулася46.

Убачыўшы заломкі на сваім полі, селянін, каб адвесці бяду ад сваёй сям’і, вымушаны быў звяртацца па дапамогу да ведзьмака. Той спачатку доўга адмаўляўся, набіваючы сабе цану, і толькі пасля настойлівых просьбаў наліваў з бутэлькі ў шклянку ваду, узятую з «сямі калодзежаў», уважліва ўглядаўся ў яе, як бы імкнучыся ўбачыць разгадку няшчасцяў чалавека. Нарэшце ён ставіў шклянку на стол і шматзначна гаварыў: «Вельмі моцна ўздзеяна.

Не ведаю, як і адрабіць». I рабіў выгляд, што хоча пакінуць хату селяніна. Гаспадар і ўся сям’я слёзна прасілі ведзьмака не пакідаць іх у бядзе, абяцалі павысіць ганарар.

Вядзьмак працягваў адмаўляцца, але ўрэшце ўступаў просьбам гаспадара, які вёў яго ў поле, дзе знаходзілася заломка. За імі крочылі родзічы селяніна, цікаўныя суседзі.

Наблізіўшыся да заломкі, вядзьмак вымаўляў закляцці, жэстыкуляваў, а затым праводзіў вакол яе круг, быццам заганяючы туды нячыстую сілу. Наступаў самы адказны момант – знішчэнне заломкі. Вядзьмак станавіўся на карачкі і пачынаў асцярожна падпаўзаць да яе. Нейкая нябачная сіла быццам бы не давала яму лёгка дабрацца да пучка каласкоў, адкідвала назад. Вядзьмак мармытаў закляцці і пачынаў падпаўзаць з другога боку.

Такія маніпуляцыі паўтараліся некалькі разоў. Здаралася, што вядзьмак распранаўся дагала, доўга поўзаў на пацеху прысутным па іржышчы, пакуль нарэшце не вырываў заломку з карэннем. Усім станавілася ясна: вядзьмак перамог нячыстую сілу.

Цяпер пачынаўся другі этап спектакля. Трэба было ўсё зло, заключанае ў заломцы, скіраваць супраць таго, хто яе завіў. Вядзьмак урачыста ўносіў заломку ў хату гаспадара, клаў яе ў гаршчок, напоўнены вадой з «сямі калодзежаў», і ставіў яго на агонь. Калі вада закіпала, вядзьмак браў асінавы пруцік і, памешваючы варыва, шаптаў розныя закляцці. Затым выцягваў гаршчок з печы, даставаў заломку і прымацоўваў яе ў коміне. Ад такой аперацыі чалавек, які завіў заломку, спачатку быццам бы будзе гарэць у агні, а потым сохнуць, як заломка ў коміне.

Пасля паспяховага завяршэння справы па знішчэнні заломкі гаспадар шчодра частаваў свайго збавіцеля, аддзячваў грашыма, харчам.

Расказваючы пра традыцыю завівання заломак у асобных населеных пунктах дарэвалюцыйнай Беларусі, А. К. Сержпутоўскі быў далёкі ад таго, каб тлумачыць яе толькі цемнатой і адсталасцю беларусаў-палешукоў. У заключнай частцы свайго нарыса ён гаворыць пра тое, што пад уплывам школ, народных вучылішчаў у апошнія гады павысілася свядомасць не толькі дзяцей, але і дарослых, знікла сляпая вера ў ведзьмакоў і шаптух, ніхто ўсур’ёз не ўспрымае заломкі. Убачыўшы іх, моладзь спальвала заломкі або для пацехі прывязвала да хвастоў сабак, і тыя вырывалі іх з карэннем. У абрадах знішчэння заломкі вучонага цікавіў этнаграфічны бок, высокая паэтыка заклінанняў, здаровы народны гумар.

«Добывание огня». Спосаб здабывання і захоўвання агню шырока апісаны ў шматлікай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Не абышоў гэты факт увагай і А. К. Сержпутоўскі, прысвяціўшы яму этнаграфічны нарыс «Добывание огня»47. Даследуючы быт жыхароў цяжкадаступных населеных пунктаў Беларускага Палесся, ён адзначаў, што большасць сялянскіх сем’яў не карысталіся запалкамі і здабывалі агонь старажытным дзедаўскім спосабам: з дапамогай крэсіва, крэменю і кнота або цэры – высушанага грыба, што расце на гнілой частцы ствала хвоі. Рабілася гэта па некалькіх прычынах. Запалкі каштавалі даволі дорага і былі не па кішэні многім палешукам. Да таго ж яны тухлі ад ветру. Таму кожны мужчына насіў у маленькай торбачцы, якую называлі вогневіцай, магалейкай або калітой, нескладаныя прыстасаванні для атрымання агню. Умелі разводзіць агонь у сваіх дамах і палескія жанчыны, калі мужчын не было ў сядзібе.

Ва ўрачыстых выпадках свяшчэнны агонь здабывалі шляхам трэння ці з дапамогай шкельцаў і сонечных промняў. Гэта рабілі звычайна пры пераходзе ў новы дом. У прысутнасці ўсёй сям’і, гасцей гаспадар распальваў свяшчэнны агонь у старой хаце і пераносіў яго ў новую хату, дзе рыхтавалася застолле. На думку палешукоў, у такім выпадку заступнікі продкаў разам з агнём пераселяцца на новае месца і будуць ахоўваць навасёлаў ад няшчасцяў і бядот.

У час эпідэмій з дапамогай свяшчэннага агню запальвалі кастры на ўскраінах вёсак. Яны павінны былі ўберагчы людзей ад хвароб.

У многіх палескіх вёсках існаваў звычай распальваць з дапамогай свяшчэннага агню купальскія кастры. Яшчэ задоўга да свята на месца, дзе ў ноч з 22 на 23 чэрвеня шугане ў неба купальскі агонь, моладзь пачынала зносіць «май» – галінкі бярозы, ліпы, якімі на Тройцу сяляне ўпрыгожвалі дамы і двары, а таксама старыя рэчы, дошкі, салому, зношаныя лапці.

У дзень свята хлопцы ўкопвалі ў зямлю высокую жардзіну, насаджвалі на яе старое кола ад павозкі. Дзяўчаты вешалі на жардзіну вянкі, упрыгожвалі яе рознакаляровымі стужкамі, зялёнымі галінкамі. Затым вакол жардзіны складвалі ўсё, што гарыць.

Вечарам, калі сонца хавалася за гарызонтам, і малыя і старыя ішлі сустракаць свята. Пакуль хлопцы і дзяўчаты спявалі песні, ладзілі розныя гульні, а старыя вялі нетаропкія размовы пра жыццё-быццё, маладыя дужыя мужчыны раскладвалі купальскае вогнішча, тручы кавалкі сухога дрэва адзін аб адзін. I вось ён – доўгачаканы момант: на волю вырваўся агеньчык. Ён перакідваўся на сухую салому, вецце. Адступала цемра. Пад радасныя крыкі і воклічы прысутных пачыналася адно з самых любімых народных свят.

«Каўтун». У нарысе А. К. Сержпутоўскага «Каўтун»48 адсутнічаюць апісанні абрадаў і рытуалаў беларусаў-палешукоў, і тым не менш ён з’яўляецца своеасаблівым лагічным працягам разгледжаных вышэй нарысаў у сацыяльным плане. «Каму даводзілася бываць у балоцістых месцах Беларускага Палесся, размешчанага па прытоках ракі Прыпяць, – піша Сержпутоўскі, – той, думаецца, звярнуў увагу на тое, што ў многіх жыхароў гэтага краю валасы на галаве збіты ў нейкія лямцападобныя косы або ўтвараюць адзін вялізны каўтун». Па словах аўтара, адны даследчыкі тлумачылі гэта мікраарганізмам, які трапіў з балота ў кроў чалавека, іншыя – неахайнасцю мясцовых жыхароў. А. К. Сержпутоўскі справядліва тлумачыць узнікненне гэтай і іншых хвароб цяжкімі ўмовамі жыцця народа, адсутнасцю на Палессі медыцынскіх устаноў. У пацвярджэнне гэтай думкі ён прыводзіў наступныя факты. На Палессі жывёлу пасуць пераважна на багністых месцах, мохавых балотах. Пасьба пачынаецца з ранняй вясны і працягваецца да позняй восені. Балота ўвесь час пакрыта гнілой стаячай вадой. Пастухі цэлымі днямі стаяць па калена ў вадзе або гразі. I як вынік – балотная ліхаманка, рэўматызм, незажыўныя раны на нагах пастухоў, той жа каўтун. Лячыцца гэтым людзям няма калі і няма дзе, бо на Палессі да рэвалюцыі амаль што адсутнічалі бальніцы, лячэбніцы. Сваёй публікацыяй вучоны імкнуўся звярнуць увагу шырокай грамадскасці на поўнае драматызму жыццё беларускага селяніна.

«Запасванне гаўяда». Добрае веданне жыцця і быту палескіх сялян прадэманстраваў А. К. Сержпутоўскі і ў нарысе «Запасванне гаўяда»49. Цеплынёй і святлом напоўнены радкі аб першым пасля зімы выгане жывёлы на пашу. Радавую на першы погляд падзею ён паказаў як сапраўднае свята, падчас якога асабліва поўна раскрываецца душа чалавека.

На сямейным савеце абмяркоўвалася, пара выганяць скаціну на пашу ці не. Прымаліся пад увагу дзень тыдня, фаза месяца. Панядзелак і пятніцу звычайна лічылі днямі, якія не падыходзяць для запасвання. Звычайна час выгану прымяркоўвалі да поўні, «каб усё было поўна».

Не апошнюю ролю адыгрывалі тут і прыкметы. На думку палешукоў, скінутая на падлогу лыжка, разбіты посуд маглі прывесці да бяды. Яшчэ горш, калі ў дзень запасвання жывёлы на загнеце тух агонь. У гэты дзень не пазычалі суседзям агню, розных рэчаў, бо згодна з існуючымі прымхамі ліхі чалавек мог нанесці вялікую шкоду.

Але вось усё гатова для выгану жывёлы. Сям’я выходзіць на двор, каб прысутнічаць пры ўрачыстым моманце. Наперадзе гаспадар, апрануты ва ўсё чыстае і белае. На ім новыя лапці з белымі анучамі. У торбе, якая вісіць на баку, – акраец хлеба, соль, «хрэшчык» (крыж, выпечаны з мукі на Хрэсцы – у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту), тры невялічкія каменьчыкі, нож, замок, бязмен, сякера, курынае яйка, грамнічная свечка.

Няспешна, з непакрытай галавой ідзе гаспадар у бок хлява, каб выгнаць жывёлу. Там ён бярэ тры пукі саломы, потым выцягвае са студні поўнае вядро вады, строга па сонцу абносіць яго вакол жывёлы, перакідвае праз статак каменьчык і аблівае вадой жывёлу. Гэты абрад паўтараецца тройчы.

Пасля гаспадар закопвае ў зямлю каля варот замок, бязмен, сякеру, яйка і разводзіць на гэтым месцы невялікае вогнішча, у якое кідае салому, выцягнутую са страхі хлява. Толькі пасля гэтай цырымоніі ён аддае торбу пастуху, і той праз агонь выганяе жывёлу з двара на вуліцу. Уся сям’я ідзе за пастухом за ваколіцу. Урачыста сустракалі жывёлу і з пашы.

У нарысе падрабязна тлумачыцца кожны атрыбут, які суправаджаў запасванне жывёлы. Праганялі яе праз агонь з мэтай уберагчы ад нячыстай сілы і ліхіх людзей. Калі выкапанае яйка аказвалася цэлым – гэта было добрай прыкметай: на працягу лета ўся жывёла будзе цэлай і здаровай. Замок закопвалі для таго, каб замкнуць пашчы ваўкам і мядзведзям, бязмен – каб жывёла хутка набірала вагу.

Рытуальнай сілай валодала і вада, якой аблівалі жывёлу. Сяляне лічылі, што скура іх «гаўяда» будзе чыстай, а коні і каровы не будуць баяцца мошак, камароў, а таксама розных сурокаў. Салома, выцягнутая са страхі, павінна была клікаць жывёлу дадому, перакінутыя праз статак каменьчыкі – адганяць ад яго звяроў і нячыстую сілу.

Гэты нарыс, як, дарэчы, і ўсе астатнія, засведчыў расійскаму чытачу новыя грані характару палескага селяніна, пазнаёміў з жыццём і бытам беларусаў.

«Ловля вьюнов». Глыбокае веданне жыцця палескіх сялян, іх звычаяў і традыцый мы назіраем у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Ловля вьюнов»50. Як і ў іншых нарысах, тут апісваецца гаротнае жыццё палешукоў. «Нялёгкая гэта работа, – піша аўтар, – цэлы дзень стаяць на адной назе ў глыбокім чоўне, рызыкуючы кожную хвіліну зваліцца ў ціну. Харчуецца рыбак аднымі ўюнамі, спіць на голай зямлі пад адкрытым небам у любое надвор’е, а тут мноства камароў і мошак ссуць кроў, забіраюцца ў нос, вушы і прыносяць невыносныя мукі». Але цяжкасці гэтыя пераносіць паляшук стойка, разумее, што ад яго рыбацкага шчасця залежыць лёс сям’і. Буйная рыба пойдзе на рынак, меншую засоляць, засушаць і будуць харчавацца ёй на працягу доўгай зімы.

Здаралася, што ў выніку зацяжных дажджоў балоты, па якіх працякалі рэчкі, станавіліся непраходнымі. Сялянам даводзілася галадаць у поўным сэнсе гэтага слова. Яны харчаваліся дзікімі яблыкамі, грушамі, жалудамі і нават пырнікам.

З-за адсутнасці сена ўсю зіму жывёлу пасвілі ў лясах.

«Бортничество в Белоруссии». Важнай крыніцай здабывання сродкаў да існавання з’яўлялася для беларуса-палешука лясное пчалярства – бортніцтва. У сваёй рабоце «Бортничество в Белоруссии»51 А. К. Сержпутоўскі падрабязна спыняецца на гэтым нялёгкім промысле, прыводзіць цікавыя звесткі з гісторыі яго ўзнікнення, пралівае святло на сацыяльныя рысы сялянскіх узаемаадносін, якія яскрава праяўляліся пры сумесным здабыванні мёду.

З даўніх часоў палешукі па тых ці іншых прычынах (адкрыта гаварыць, што гэта былі за прычыны, аўтар, вядома, не мог) забіраліся ў глухія лясы, за непраходныя балоты і засноўвалі там новыя паселішчы. У той час у лясах вадзілася многа пчол і бортніцтва прыносіла нядрэнны даход.

Сяляне ставілі на борцях свае знакі, тым самым аб’яўлялі сябе ўласнікамі пчаліных сем’яў. Гэтыя няпісаныя законы строга выконваліся палешукамі. Забраць мёд з борці суседа лічылася вялікім злачынствам. Вінаватага сяляне маглі пакараць фізічна, але самым ганебным з’яўлялася мянушка Пчаладзёр, якая пераходзіла і на яго дзяцей.

На думку беларусаў, пчолы добра водзяцца толькі ў самых сумленных людзей, таму кожны пчаляр у час работы каля борцяў лічыў за правіла памірыцца з суседам, не думаць пра яго дрэнна.

У ролі прымірыцеляў часта выступалі пчолы. Варта было рою аднаго суседа пасяліцца ў вуллі другога, як тыя з ворагаў ператвараліся ў сябрукоў, лічылі ўчынак пчол боскай воляй.

Часта борцямі карысталіся некалькі чалавек разам.

Збор мёду з’яўляўся святам для ўсяго паселішча.

Памешчыкі нейкім чынам даведваліся пра такія паселішчы і сілай ператваралі сялян у сваіх падданых. Уласнасць палешукоў, у тым ліку і борці, пераходзіла ва ўласнасць памешчыкаў. Па гэтай прычыне бортніцтва на Палессі паступова выраджалася. Другой прычынай выраджэння бортніцтва было знішчэнне лясоў для прамысловага выкарыстання.

Умоўныя знакі ўласнасці ставілі палешукі і на іншых прадметах, якія не з’яўляліся агульнай уласнасцю. Убачыць селянін свабодны кавалачак сенакосу, дрэва, якое можа спатрэбіцца яму для пэўнай справы, і адразу ж убівае побач калок, абвязвае яго вяхоткай з травы. З гэтага моманту тут не можа гаспадарыць ніхто іншы.

Асяніны. У архіве даследчыка ёсць цікавае апісанне асянін – дня памінання продкаў, асенніх Дзядоў. Адзначалася гэтае свята праз тры тыдні пасля Пакроваў. Да гэтага часу асноўныя сельскагаспадарчыя работы былі выкананы, можна было крыху адпачыць.

Напярэдадні свята мужчыны наводзілі парадак у дварах, забівалі кабаноў, цялят, авечак, гусей. Жанчыны завіхаліся на кухні, думалі, як лепш сустрэць гасцей, чым парадаваць дамашніх.

Перад тым як сесці за святочныя сталы, палешукі ішлі ў лазню, апраналіся ў чыстае адзенне. У гэты дзень нават у бедных сялян падавалася не менш як сем абрадавых страў. У больш заможных сялян рыхтавалі да адзінаццаці страў. Абавязковымі былі тут куцця, кіслая капуста з ялавічынай, юшка, верашчака, посныя стравы.

Не забывалі, вядома, і пра памерлых продкаў. Успаміналі іх цёплым словам, ставілі на падаконнік талерку, у якую клалі па лыжцы кожнай стравы: няхай душы блізкіх таксама далучацца да застолля. Гаспадар запальваў свечку ад агню перад абразамі, звяртаўся да памерлых са словамі: «Прыходзьце да нас на асяніны ўсе тыя, што займалі гэту сядзібу». Каб не патрывожыць спакой продкаў, гаворкі за сталом вяліся нягучныя. Прыпаміналіся розныя выпадкі, што адбываліся некалі з тымі, у гонар каго наладжваліся асяніны, прыводзіліся іх парады, настаўленні жывым. А потым пераходзілі да надзённага, набалелага, разважалі пра будучы ўраджай, жывёлу, пра дзяцей і ўнукаў.

У рытуале асянін бачыцца высакароднасць беларускага селяніна, яго павага да блізкіх, старэйшых, пераемнасць пакаленняў, чаго так не хапае нам сёння ў жыцці.

У 1916 г. у Мазырскім павеце А. К. Сержпутоўскі быў сведкай таго, як на асяніны ў адну з вёсак прыйшлі прадстаўнікі мясцовых улад, пісары, папы, іх жонкі. Яны выпрошвалі ў сялян яйкі, збожжа, грэчку, лубін, грыбы, нават лапці і валёнкі. Адзін поп звалок з сядзібы вялізную ступу.

* * *

Шырокая эрудыцыя А. К. Сержпутоўскага, веданне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа праявіліся ў яго шматлікіх працах па беларускай этнаграфіі. У рэцэнзіі на кнігу А. М. Харузіна «Славянское жилище в Северо-Западном крае», якая выйшла ў 1907 г. у Вільні, ён адзначае не толькі моцныя, але і слабыя яе бакі. Адным з галоўных недахопаў, на думку вучонага, з’яўляецца выбар аб’екта даследавання. Замест тыповых для карэннага беларускага насельніцтва пабудоў Харузін вылучыў толькі тую частку, у якой прыкметны ўплыў іншых народнасцей – палякаў, літоўцаў. Па Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях аўтар кнігі выкарыстаў зусім нязначны матэрыял, хаця менавіта тут найбольш поўна захаваліся старажытныя пабудовы. Рэцэнзент выказвае здзіўленне, што ў аналізуемай ім кнізе адсутнічаюць звесткі аб такіх распаўсюджаных у палескай частцы Беларусі па цячэнні ракі Проні збудаваннях, як свіронкі, клеці, палаткі на дрэвах (для начлегу і засад пры паляванні на звяроў), адонкі або сцяжары (аснова для стагоў). Аўтар ні словам не абмовіўся і пра культавыя збудаванні – крыжы, капліцы, цэрквы, касцёлы, надмагільныя помнікі і г. д.

Не згаджаецца Сержпутоўскі і са сцверджаннем Харузіна, што беларуская сялянская хата бярэ свой пачатак ад клеці. Ён раіць аўтару кнігі пазнаёміцца з вынікамі этнаграфічных экспедыцый, якія рэгулярна друкуюцца на старонках газет і часопісаў, а таксама ў навуковых зборніках Рускага геаграфічнага таварыства.

Глыбокае веданне гісторыі, права, звычаяў народа знаходзім у рэцэнзіі А. К. Сержпутоўскага на працу К. Т. Анікіевіча «Сенненский уезд Могилевской губ.: Опыт описания в географическом, этнографическом, бытовом, промышленном и историческом отношениях, с картою уезда, схемою двух озер и рисунков в тексте»52.

Адзначаючы вялікую работу аўтара па грунтоўным апісанні меж павета і валасцей, збіранні легенд і паданняў пра камяні, азёры, якія ў народзе называюцца святымі, Сержпутоўскі ў той жа час крытыкуе Анікіевіча за тое, што пры апісанні раслін і жывёл ён абмяжоўваецца толькі мясцовымі назвамі, што зніжае навуковую каштоўнасць працы. Рэцэнзент раіць аўтару кнігі больш крытычна адносіцца да афіцыйных статыстычных справаздач, у якіх значна завышаецца доля абшчыннага ўладання зямлёй.

Крытыкуючы Анікіевіча за тое, што ў яго кнізе мала новых звестак пра Сенненскі павет, Сержпутоўскі высмейвае заяву генерал-губернатара князя Хаванскага, які тлумачыў прычыны пагаршэння народнага дабрабыту нізкімі цэнамі на віно і пражываннем яўрэяў на тэрыторыі павета. «Як гэта нагадвае сучасную бюракратычную панацэю ад усіх няшчасцяў», – іранізуе рэцэнзент.

У рэцэнзіі ўказваюцца і іншыя недахопы работы Анікіевіча. У прыватнасці, на думку Сержпутоўскага, аўтар удзяліў вельмі мала месца высвятленню складу насельніцтва, яго этнаграфічным асаблівасцям, быту, духоўнай і матэрыяльнай культуры, на скажонай рускай мове друкуе тэксты песень, змяшчае малюнкі нізкай якасці.

А. К. Сержпутоўскі ўмеў у кароткай рэцэнзіі выкласці сутнасць пытання, звярнуць увагу чытача на асноўныя праблемы, закранутыя ў рэцэнзаваным творы. Так, у рэцэнзіі на кнігу В. І. Сергіевіча «Крестьянское право и общинное землевладение в Архангельской губернии первой половины XVIII века»53 ён правільна падмячае, што, распрацоўваючы сялянскую рэформу, Кацярына II і сенат клапаціліся не пра тое, каб сялянам стала жыць лягчэй, а пра тое, якім чынам памножыць свае багацці праз павелічэнне падушных падаткаў. На канкрэтных прыкладах вучоны пераканаўча даказвае, што, хоць зямля выдзялялася абшчыне, на самай справе ёй на правах уласнасці валодалі канкрэтныя сяляне – члены абшчыны. Абшчына не мела права адабраць у іх гэтыя надзелы нават тады, калі сяляне пераязджалі на жыхарства ў іншае месца.

«Земледельческие орудия Белорусского Полесья». Вывучэнне духоўнага жыцця, маральнага аблічча беларускіх сялян А. К. Сержпутоўскі цесна ўвязваў з вывучэннем іх матэрыяльнай культуры, быту, заняткаў. У 1910 г. ён апублікаваў сваю новую працу «Земледельческие орудия Белорусского Полесья: к этнографии белорусов-полешуков южной части Слуцкого и северной половины Мозырского уездов Минской губернии»54. У аснову яе пакладзены назіранні і запісы, зробленыя вучоным падчас яго шматлікіх навуковых экспедыцый на Беларускае Палессе па даручэнні Рускага музея ў 1906–1907 гг.

Ва ўступнай частцы працы даецца кароткая характарыстыка быту і заняткаў палешукоў. Па словах аўтара, жылі яны пераважна ў малых вёсках, размешчаных на вялікай адлегласці адна ад адной, сярод непраходных лясоў і балот. Да апошняга часу сюды слаба пранікала гарадская культура. Па гэтай прычыне, заўважаў Сержпутоўскі, быт і ўклад дамашняга гаспадарчага жыцця сельскага насельніцтва гэтага забытага Богам і людзьмі кутка Беларусі мала чым адрозніваліся ад жыцця продкаў. Апісанне і малюнкі прымітыўных землеапрацоўчых прылад, якімі карысталіся беларускія сяляне, пацвярджалі словы вучонага.

А. К. Сержпутоўскі падзяляе гэтыя прылады на пяць груп. Да першай ён адносіць прылады для апрацоўкі глебы: матыку, рыдлёўку, саху, сошку, вершаліну, смык і барану. Самай старажытнай прыладай, з якой першабытны чалавек прыступіў да апрацоўкі зямлі, была, на думку вучонага, матыка. Першапачаткова яна ўяўляла сабой сук дуба або граба з круком на канцы. Паступова матыка ўдасканальвалася: на канцы крука прымацоўваўся жалезны наканечнік. Такой прыладай можна было ўжо не толькі рыхліць пясчаную або балотную глебу, але і ператвараць у зябліва падлесную глебу, у якой было шмат каранёў ад дрэў.

Удасканаленне і развіццё матыкі прывяло да з’яўлення рыдлёўкі, сошкі, сахі і плуга. Як і матыка, рыдлёўка выраблялася з моцнага дрэва – дубу ці грабу. Па форме яна напамінала сённяшнюю рыдлёўку, толькі па баках завостранай дошкі-ляза былі размешчаны два сукі. Пры рабоце селянін рукамі трымаў дзяржанне даўжынёй каля метра, а нагой наступаў на сук, прасоўваючы лязо рыдлёўкі ў зямлю. Крокам наперад было вынаходніцтва жалезнага наканечніка, які мацаваўся на вострай частцы драўлянага ляза. З цягам часу на змену драўлянай рыдлёўцы прыйшла рыдлёўка металічная. Яна значна аблегчыла працу сялян, пацясніла саху і барану на невялічкіх латках сялянскіх надзелаў.

Цікава апісвае вучоны такія прымітыўныя прылады, як вершаліна, саха, плуг. Вершаліна ўяўляла сабой верхнюю частку ствала дрэва з моцнымі завостранымі сукамі. Галоўнае яе прызначэнне – рыхліць падлесныя землі, якія з-за мноства каранёў, што засталіся ў іх, не паддаваліся апрацоўцы сахой або плугам. Па такіх участках хадзілі быкі або коні і цягалі за сабой вершаліну-валакушу. Пасля таго як больш трывалыя карані былі выкарчаваны, наступала чарга сошкі, сахі або плуга.

Саха прымянялася для акучвання бульбы, пракладвання барознаў на полі. Складалася яна з рычага – моцнага дубовага ствала з сукам і загнутым коранем, да якога прымацоўваліся ручкі. На сук насаджваўся лямеш з дзвюма дошчачкамі, якія адыгрывалі ролю адкідвальнікаў зямлі. Рычаг – ствол дрэва – заканчваўся адным або двума сукамі, да якіх прыладжваўся каромысел з аглоблямі. У іх упрагалі вала або каня.

Вялікага майстэрства патрабаваў ад сельскага ўмельца выраб бараны – сельскагаспадарчай прылады для паверхневай апрацоўкі глебы – баранавання. На Палессі шырокае прымяненне знаходзіла ў XIX ст. плеценая барана. Корпус яе звязвалі дваццаццю парнымі кольцамі, скручанымі з моцных лазовых пруткоў. Кольцы ахоплівалі пры перакрыжаванні мноства тонкіх пруцікаў, паміж якімі замацоўваліся 25 дубовых, ясеневых або кляновых зубцоў даўжынёй 35 сантыметраў з нахілам наперад.

Важнымі дэталямі бараны з’яўляліся каблук, а таксама лука – дугападобны прут, які з трох бакоў ахопліваў барану і заканчваўся вушкам. На ім свабодна перамяшчалася драўлянае кольца, да якога прымацоўваўся каромысел з пастромкамі. Дзякуючы гэтаму барана рухалася наперад толькі па дыяганалі, рады зубцоў не супадалі па прамой лініі, што забяспечвала раўнамернае рыхленне зямлі. Для таго каб зубцы бараны глыбей пранікалі ў глебу, на барану клалі груз.

Пазней бароны сталі вырабляць з металу, што значна падоўжыла іх век. Вядома, і цана такой бараны была значна вышэйшай. Па гэтай прычыне беларускія сяляне аддавалі перавагу плеценым і драўляным баронам. Праўда, яны часта замянялі дубовыя зубцы металічнымі.

Аддаўшы належнае плугу, баране, сярпу і касе, А. К. Сержпутоўскі нагадвае, што ў сялянскіх хатах у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту выпякалі хлеб у выглядзе названых прылад працы, а таксама «хрэшчыкі» – крыжападобны хлеб, які нагадваў сабой капу, у якую на полі складвалі снапы. Тым самым беларускі селянін выказваў глыбокую ўдзячнасць сельскагаспадарчым прыладам, якія аблягчалі яго працу, дапамагалі атрымаць добры ўраджай, мець дастатак у гаспадарцы.

Вучоны падрабязна апісвае прылады, якія прымяняліся для ўнясення ўгнаенняў (сахор, крук), сяўбы (сявок, сеўнік, каробка), касьбы і жніва (серп, каса, граблі), малацьбы і ачысткі зерня (валёк, чэр, веялкі, шуфлі) і г. д., суправаджаючы апісанне ўласнымі малюнкамі. Дзякуючы гэтай працы шматлікія чытачы змаглі пазнаёміцца з жыццём народа заходняй ускраіны Расіі, зрабіць для сябе вывад, што з такой адсталай тэхнікай на малаўрадлівых беларускіх землях высокі ўраджай не збярэш, а значыць, беднасць і галеча не хутка пакінуць гэты край. Многім беднякам і сапраўды нічога іншага не заставалася, як кідаць свае невялічкія надзелы і падавацца на сплаў лесу, займацца рамізніцтвам, рыбалоўствам, пчалярствам. Аднак і гэтыя заняткі не гарантавалі сям’і палешука бязбеднае існаванне.

А. К. Сержпутоўскі прымаў актыўны ўдзел у рабоце многіх навуковых, асветніцкіх, грамадскіх арганізацый. Ён з’яўляўся членам антрапалагічнага і геаграфічнага таварыстваў, сакратаром пастаяннай камісіі па складанні геаграфічных карт Расіі, кансультантам па пытаннях матэрыяльнай культуры беларусаў пры Рускім геаграфічным таварыстве. Па даручэнні апошняга ён склаў беларускую частку этнаграфічнай карты царскай імперыі, за што быў удастоены малога залатога медаля.

Заслухаўшы ў 1911 г. на пасяджэнні Рускага геаграфічнага таварыства паведамленне Сержпутоўскага аб гаспадарчым побыце, промыслах беларусаў-палешукоў, таварыства даручыла яму распрацаваць падрабязную праграму для збірання матэрыялу па этнаграфіі рускага насельніцтва Расіі. Заданне было выканана хутка і бліскуча. «Распрацаваная Сержпутоўскім праграма можа служыць узорам стварэння творча прадуманай сістэмы, навуковага падыходу да збірання этнаграфічных матэрыялаў людзьмі розных узростаў, кваліфікацыі і адукацыі»55, – пісаў А. Кіркор.

Асаблівую каштоўнасць уяўляла прыкладная схема складання апытальных лістоў па розных раздзелах праграмы. Так, напрыклад, высвятляючы ўсе бытуючыя ў пэўнай мясцовасці акалічнасці, што былі звязаны з агнём, Сержпутоўскі падказваў рэспандэнтам мноства дэталяў, якія дапамагалі ім лягчэй справіцца з заданнем. Вось як выглядалі некаторыя пункты гэтай анкеты, у распрацоўцы якой прымаў удзел А. Кіркор.

1. Агонь. Якія матэрыялы выкарыстоўваюцца для ацяплення (дровы, салома, торф, кізяк)? Асвятленне (лучына, масла, тлушч, газа). Якія ўжываліся раней прылады для асвятлення (свяцец, каганец)?

2. Як даўней здабывалі агонь (трэннем, свярленнем, з дапамогай дамашніх запалак, вогніва)?

3. Ці ўжываліся гарачыя камяні для награвання вады для лазні, мыцця бялізны, чысткі посуду, пчаліных вулляў?

4. У якіх выпадках агонь замяняў розныя прылады працы (пры выпальванні адтулін у дрэве, пры вырабе лодак, карыт, мастацкіх узораў)?

Глыбокае веданне закранутай праблемы паказаў Сержпутоўскі, распрацоўваючы іншыя раздзелы праграмы. Яго цікавіла не толькі тое, як выконваецца тая ці іншая работа, аперацыя, але і тое, хто ў вёсцы займаецца гэтым промыслам, ці пераходзіць прафесія ад бацькі да сына і г. д.

Дзякуючы гэтай праграме ўдалося ў значнай ступені пашырыць веды аб жыцці, інтарэсах беларускага дарэвалюцыйнага сялянства.

У журнале пасяджэнняў савета аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства за 1912 г. маецца наступны запіс: «А. К. Сержпутоўскі прымаў актыўны ўдзел у рабоце таварыства, часта выступаў з паведамленнямі. Так, яго паведамленне з выпадку выступлення правадзейнага члена Э. Л. Вальтэра «Галашэнні ў літоўцаў» было прызнана бліскучым прыкладам удзелу ў савеце»56.

У 1913 г. Аляксандр Казіміравіч быў выбраны сапраўдным членам Рускага таварыства аматараў светазнаўства.

У сакавіку 1914 г. у выставачнай зале этнаграфічнага аддзела Рускага музея праходзіла выстаўка касцюмаў рускага насельніцтва Галіцыі, Букавіны і Венгрыі з запаснікаў музея. Дэманстраваліся таксама фотаздымкі пабудоў, рэчаў хатняга ўжытку. Многія экспанаты былі прывезены ў свой час з навуковых камандзіровак А. К. Сержпутоўскім. Дарэчы, ім быў распрацаваны паказальнік гэтай выстаўкі.

За вялікі аб’ём работ, выкананых Аляксандрам Казіміравічам па збіранні калекцый, ён атрымаў падзяку ад савета Рускага музея і пахвальны ліст ад арганізатараў выстаўкі «Русская Ривьера»57.

Разгледжаныя вышэй навуковыя працы і публікацыі А. К. Сержпутоўскага з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для вывучэння жыцця беларускага народа, яго традыцый і культуры.

У залаты фонд не толькі беларускай, але і сусветнай фалькларыстыкі ўвайшлі тры зборнікі вусна-паэтычных твораў (казак, апавяданняў, прымхаў і забабонаў) беларускага народа, запісаных А. К. Сержпутоўскім у канцы XIX – пачатку XX ст.58 Гэтыя кнігі займаюць значнае месца сярод аналагічных збораў славянскага фальклору і шырока выкарыстаны ў працах такіх сусветна вядомых славістаў, як Д. Зяленін, А. Шахматаў, Я. Карскі, I. Сахараў, I. Поліўка, К. Машынскі, што сведчыць аб важнасці і неардынарнасці зборнікаў Сержпутоўскага.

Палескі дзівасіл

«Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Значнай з’явай у гісторыі беларускай фалькларыстыкі, этнаграфіі і мовазнаўства стаў выхад у свет у 1911 г. зборніка А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Цікавая гісторыя гэтай кнігі. 16 студзеня 1910 г. Сержпутоўскі перадаў рукапіс у савет этнаграфічнага аддзела Рускага музея. Акадэмікі А. А. Шахматаў, Я. Ф. Карскі, В. М. Істрын, М. Я. Мар высока ацанілі працу, аднагалосна выказаліся за яе хутчэйшае выданне. Праўда, у аддзеле не было сродкаў для аплаты расходаў на выданне кнігі. Дзякуючы старанням В. М. Істрына ўдалося адшукаць 350 рублёў (друкарскія расходы склалі 319 рублёў). Пры гэтым кіраўніцтва музея пакінула за сабой права атрымаць 600 экзэмпляраў кнігі ў асабістае распараджэнне.

У пачатку 1911 г. кніга ўбачыла свет. Пра яе поспех сведчыць той факт, што тыраж разышоўся літаральна за некалькі дзён. Па просьбе шматлікіх навуковых цэнтраў Расіі Аляксандр Казіміравіч перадаў ім усе ўласныя аўтарскія экзэмпляры, а сам быў вымушаны карыстацца бібліятэчным.

Зборнік Сержпутоўскага, які ўключаў 80 казак, уступаў па аб’ёме зборнікам П. В. Шэйна, Е. Р. Раманава, М. Федароўскага, але ў той жа час меў шэраг пераваг перад імі. Першае і самае галоўнае, што адрознівала калекцыю казак Сержпутоўскага ад папярэдніх публікацый, – гэта новы падыход да збірання і вывучэння казачнай прозы беларусаў. Аляксандр Казіміравіч першым звярнуў увагу на новыя з’явы ў фальклоры, якія ўзніклі ў сувязі са зменамі ў жыцці беларускай вёскі канца XIX – пачатку XX ст. Аб гэтым сведчыць тое значнае месца, якое займаюць у зборніку вострыя па сваёй палітычнай і сатырычнай накіраванасці творы, што супярэчыла афіцыйнай думцы, якую падзяляла большасць тагачасных фалькларыстаў: чым больш старажытны тэкст, чым цясней звязаны ён з абрадамі, тым больш ён каштоўны.

Да таго ж аб’ектам даследавання А. Сержпутоўскага стаў на гэты раз зусім нявывучаны фалькларыстамі рэгіён, размешчаны ў глыбінцы Беларускага Палесся – паўднёвай частцы Слуцкага павета і паўночнай частцы Мазырскага павета Мінскай губерні. Немалаважным было і тое, што народныя творы вучоны запісваў у гады першай рускай рэвалюцыі, якая пакінула прыкметны след у памяці людзей і знайшла сваё адлюстраванне ў народнай творчасці.

Запісы і назіранні Сержпутоўскага раскрываюць шырокую карціну жыцця сялян Беларускага Палесся ў дарэвалюцыйныя часы, іх культуру, палітычныя і філасофскія погляды. Гэта адпавядала патрабаванням часу. Нагадаем, што М. А. Дабралюбаў заклікаў даследчыкаў народнай творчасці пры запісах казак, легенд, паданняў, песень, прыказак і прымавак перадаваць усю абстаноўку, у якой запісваліся гэтыя творы59.

Такія думкі цалкам падзяляў А.К. Сержпутоўскі, які добра разумеў, што ў вусных апавяданнях і казках, прыказках і прымаўках увасоблены светапогляд, жыццёвая мудрасць і этычныя ўяўленні беларускага селяніна. Вось чаму так сур’ёзна падыходзіў ён да адбору і запісу казачных сюжэтаў, імкнуўся перадаць усе нюансы мовы і манеры апавядальніка.

Перш чым прыступіць да запісвання вуснапаэтычных твораў у пэўнай вёсцы, Сержпутоўскі знаёміўся з яе жыхарамі, іх бытам, умовамі жыцця, збіраў звесткі пра казачнікаў. Ён заўсёды клапаціўся аб стварэнні такой атмасферы, пры якой сяляне-апавядальнікі забываліся пра прысутнасць чужога чалавека, тым больш «пана» ў іх уяўленнях, адчувалі сябе свабодна, проста. Калі апавядальнік хваляваўся, блытаўся, Сержпутоўскі прасіў яго паўтарыць тэкст яшчэ раз. Шмат увагі ўдзяляў ён вывучэнню падобных варыянтаў твораў, уключаў у зборнікі самыя цікавыя, яркія, вобразныя, непаўторныя.

У адрозненне ад Е. Раманава, У. Дабравольскага, А. Афанасьева, якія ў сваіх зборніках прама або ўскосна абгрунтоўвалі класіфікацыю казак, А. Сержпутоўскі не закранаў гэтага пытання ні ў кароткай прадмове «Ад збіральніка», ні ў іншых сваіх працах. Яго цікавілі галоўным чынам ідэйны змест казкі, манера апавядання і сама асоба казачніка.

Канкрэтны матэрыял зборніка Сержпутоўскага дазваляе выдзеліць чарадзейныя і сацыяльна-бытавыя казкі, вусныя апавяданні, небыліцы і легенды.

Чарадзейныя казкі займаюць у зборніку нязначнае месца, каля васьмі працэнтаў ад наяўных твораў. Тым не менш менавіта з чарадзейных казак лічым неабходным пачаць разгляд матэрыялаў, бо знаёмства з імі дае магчымасць лепш разабрацца ў вытоках творчасці беларускіх народных казачнікаў, у светапоглядзе народа, прасачыць трансфармацыю казачных сюжэтаў пад уплывам часу, даследаваць адносіны палескіх казак з рускімі, украінскімі.

Ведаючы прыроду дадзенага жанру, характэрныя яго рысы, варта прызнаць, што і па сённяшні дзень сусветная фалькларыстыка не выпрацавала дакладнай унутрыжанравай класіфікацыі чарадзейнай казкі, якая б дазволіла выдзеліць яе разнастайнасці. Прычыны гэтага вядомы беларускі фалькларыст К. П. Кабашнікаў бачыць у вялікіх унутраных зменах, што адбыліся ў кожным відзе казачнага эпасу на шляху развіцця, у пераасэнсаванні старога ў свеце новага мастацкага мыслення, наслаенні новых ідэй, вобразаў60.

Некаторыя казачнікі прапаноўваюць свой уласны падыход да размяшчэння казак па блоках. Так, Ф. П. Гаспадароў усе чарадзейныя казкі падзяляў на казкі, «дзе ўсё робіцца чарадзействам», і легендарныя61.

У аснове чарадзейнай казкі ляжыць элемент цудоўнага, незвычайнага. Як справядліва адзначала Э. В. Памяранцава, у адрозненне ад бытавой чарадзейная казка народжана іншай рэчаіснасцю, але ў пэўныя перыяды свайго гістарычнага шляху тая ці іншая аказаліся пад уплывам адных і тых жа сацыяльных і эканамічных фактараў і адлюстравалі па-свойму ў рознай ступені адны і тыя ж запаветныя ідэі народа. Гэтыя народныя мары выяўляюцца ў чарадзейнай казцы дзякуючы канфлікту62. У казках зборніка А. К. Сержпутоўскага, якія блізкія паміж сабой па сюжэтах і нагадваюць вядомыя казкі, аб’яднаныя агульнай канвой «тры царствы», станоўчым героям супрацьстаяць змрочныя магічныя сілы ў вобразах Змея Гарыныча, Бабы Ягі, Кашчэя Бессмяротнага і інш. Народ надзяліў сваіх герояў велізарнай сілай. Каваль-багатыр з аднайменнай казкі як «ухваціў сваю сакеру да як махнуў, дак адразу сатнуў сем дубоў і голаў змею». Лёгка ўпраўляецца з саракапудовай булавой Каваль з аднайменнага твора. Героі казкі ненавідзяць зло, несправядлівасць, аб’яўляюць вайну насіллю і, праходзячы праз усе выпрабаванні, выходзяць пераможцамі.

Гіпербалізуючы сваіх герояў, народ надзяляе фантастычнай сілай і ворагаў. Кашчэй Бессмяротны адным дыханнем можа ператварыць у камень дзясяткі людзей. Замест адсечаных галоў у Змея тут жа вырастаюць новыя. Ад станоўчага героя патрабуюцца вялікая сіла, вытрымка, спрыт, знаходлівасць, каб справіцца з такімі моцнымі і вераломнымі ворагамі.

У казках «Каваль-багатыр», «Каваль», «Бортнік» мы сустракаемся з міфічнымі вобразамі Змея, Кашчэя, Бабы Ягі, сочым за сталеннем станоўчых герояў. Многія з іх надзелены велізарнай сілай ужо пры нараджэнні. Так, Асілак нараджаецца з трыма «чортавымі рэбрамі». У свайго маленькага сына («Каваль») маці заўважае на лбе сонейка, а на патыліцы – месячык. Пакладзе ён руку на спіну каню – той падае на калені, павядзе плячом – перасоўваюцца з месца на месца горы. Незвычайныя і самі подзвігі герояў. Яны скіраваны на дапамогу людзям працы, абарону іх ад цёмных сіл, якія хацелі б пазбавіць народ волі, радзімы.

Як і ў многіх рускіх народных казках, у беларускай чарадзейнай казцы сустракаюцца эпізоды вызвалення царэўны, любімай дзяўчыны з палону Кашчэя. Але найбольш характэрна для беларускай чарадзейнай казкі тое, што яе галоўны герой выступае ў абарону народа. Так, Каваль-багатыр забівае Змея, бо ён «многа людзей паеў альбо загроб к сабе ў цёмны лес». Каваль уступае ў бой з царскімі слугамі, якія абараняюць інтарэсы душыцеляў народа.

У вуснах выдатнага беларускага казачніка Рэдкага, ад якога запісваў А. К. Сержпутоўскі, чарадзейная казка набывае новую афарбоўку. Герой казкі «Каваль-багатыр» адчувае велізарную радасць ад раскатаў грому, ад навальніцы з маланкамі і перунамі. М. В. Новікаў чуе ў гэтай казцы водгалас падзей 1905 г.63 На яго думку, герой казкі нечым нагадвае горкаўскага Буравесніка. Бунтаром малюецца і Каваль, які смела ўступае ў бой з царскім войскам і перамагае яго.

Вядома, наіўна было б чакаць, што чарадзейная казка стане рэалістычна адлюстроўваць рэвалюцыйныя настроі мас. Многія стагоддзі яе напаўнялі чарадзейныя персанажы, цудадзейная мастацкая аснова была і застаецца сёння галоўнай у сюжэце казкі. I ўсё ж новы час уплёў сваю нітку ў яе старажытную канву. Калі ў казцы «Бортнік» галоўны герой адгукаецца на просьбу цара вызваліць ад Змея царэўну і пазней становіцца царом, то Каваль выступае супраць царскага войска, а Асілак заклікае народ «не грызціся паміж сабою, да ад ворагаў бараніцца гурбою». Гэты сюжэт не мае сабе аналагаў ва ўсходнеславянскім фальклоры. Л. Бараг лічыць, што ў гэтай казцы адчуваецца ўплыў пракламацый і «гутарак», якія былі распаўсюджаны на Палессі ў гады першай рускай рэвалюцыі64.

На першы погляд, казка «Іванка Прастачок» адносіцца да сюжэтаў аб змеяборстве. Аднак пры аналізе яе заўважаюцца новыя рысы сацыяльнага пераасэнсавання гэтага старажытнага вобраза, набліжэння яго да рэчаіснасці. Загніваючага Змея (цара) акружаюць паны і падпанкі, якія «нічога не робяць да толькі сала гадуюць. А людзі служаць дохламу Змею, служаць тым гнілым панам, аддаюць ім апошняе, а самі ходзяць галодныя, халодныя» (Сказки. С. 149). Іванка Прастачок, іграючы на чарадзейнай дудачцы, адкрыта заклікае народ да паўстання.

Прыкладам таго, як беларуская казка напаўняецца новым сацыяльным зместам і адыходзіць ад традыцыйных вобразаў чарадзейнай казкі, можа служыць твор «З чаго ліха на свеце». Ён вызначаецца вострай сацыяльнай накіраванасцю, філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці, закранае праблему, якая хвалявала сялянства царскай Расіі, – праблему свабоднага і забяспечанага жыцця. Казачнік умела перакідвае масток паміж рэчаіснасцю – змрочнай, галоднай, беспрасветнай, дзе жменька паноў і падпанкаў прыгнятае мільёны простага люду, паразітуе на іх працы, і мінулым, калі людзі быццам бы жылі заможна і шчасліва, бяды не ведаючы. Канец гэтай ідыліі настаў тады, гаворыцца ў казцы, калі людзі праігнаравалі наказ Бога жыць паміж сабой у міры і згодзе, «каб ніхто не меў улады адзін над другім».

Як толькі Бог пакінуў зямлю і падняўся на неба, вылез са свайго сховішча чорт і стаў падбухторваць дужэйшых і спрытнейшых браць уладу над слабейшымі. Такім чынам з’явіліся на зямлі паны, ад якіх «пайшло такое ліха, што і сказаць не можна». Паны захапілі зямлю, пачалі марыць людзей голадам, біць, забіваць іх, насылаць адзін на другога.

Удала выкарыстоўваючы старажытны матыў вайны чарцей з анёламі, казачнік М. Кравец указвае на сапраўдных носьбітаў зла – царскае самадзяржаўе, паноў. У творы яскрава прасочваюцца ўзаемаадносіны паміж класамі антаганістычнага грамадства. Прадстаўнікі пануючага класа паказаны ў выглядзе горкі камянёў, у якой «зверху цяжкае каменне дробных на пясок расцірае; зверху іх гнятуць другія, а на тых ляжаць і ціснуць долу яшчэ цяжэйшыя; зверху ж лёг адзін вялікі камень». Нялёгка дастаецца камяням, якія ляжаць унізе, але ў казцы выказана ўпэўненасць у немінучым краху самадзяржаўя: «Трашчыць куча, трэ каменне… Трашчыць і хутка асядае ніжэй… мабыць, скора затрашчаць падпоркі і рассыплецца ўся куча». Гаворачы аб лепшай долі, якая чакае народ у будучыні, казачнік падкрэслівае, што шчаслівае жыццё само па сабе не прыйдзе, за яго трэба змагацца.

Аналізуючы гэты твор, I. Лушчыцкі пісаў, што ён сведчыць аб агульным уздыме ў развіцці беларускай грамадска-палітычнай думкі, што грамадска-палітычныя ідэалы перадавога сялянства, адлюстраваныя ў казцы, – гэта ідэалы ўтапічнага дробнабуржуазнага сацыялізму. У той жа час пры ўсёй утапічнасці такіх грамадска-палітычных поглядаў яны для свайго часу былі прагрэсіўнай з’явай, бо натхнялі і падымалі сотні людзей на барацьбу з самаўладствам і прыгонніцтвам65.

Значнае месца ў чарадзейных казках зборніка займае тэма маралі, у аснове якой ляжыць стваральная праца, гуманныя адносіны людзей. Станоўчай рысай сваіх герояў казачнік лічыць уменне, працавітасць. Каваль-багатыр за кароткі час навучыўся кавальскай справе і навучыў людзей каваць жалеза і рабіць з яго нажы.

Працоўная дзейнасць чалавека раскрываецца ў казках «Стары бацька» Рэдкага і «Паляшук і чорт» Грыцкевіча. У апошняй размова ідзе пра асваенне чалавекам балот, выказваецца незадаволенасць сціплымі поспехамі ў пакарэнні прыроды. Гэтым казачнік выказаў настроі сялян-палешукоў, якія да прычын, што парадзілі гора і бядоты, адносілі таксама балоты з нязменным бездарожжам, адсутнасцю добрых паш і ворнай зямлі.

Казачнікі Беларускага Палесся з вялікай цеплынёй і павагай расказвалі пра працаўнікоў вёскі і, наадварот, бязлітасна высмейвалі гультаёў, несумленных людзей, якія былі не супраць завалодаць плёнам працы іншых. Паказальная ў гэтым плане казка «Мядзведзь». Злодзея і гультая, які паквапіўся на дабро суседа, спасцігае суровая расплата: ён ператвараецца ў мядзведзя.

Беларускую казку адрознівае нацыянальны каларыт, які праяўляецца ва ўказанні месца дзеяння, у абмалёўцы вобліку героя, раскрыцці сацыяльна-палітычных матываў, настрояў казачных персанажаў. У казцы «Паляшук і чорт» героя завуць Палешуком, тым самым падкрэсліваецца яго нацыянальная прыналежнасць, указваецца, што дзеянне адбываецца на Палессі.

У творах «Іванка Прастачок», «Мужык і пан» і іншых ярка адлюстраваны перыяд прыгоннага права, адчуваюцца антыпрыгонніцкія, бунтарскія настроі. У шэрагу больш позніх запісаў атрымалі развіццё ідэі сацыяльнай расплаты («Пану навука»), мары сялян аб роўнасці і шчасці («Асілак»).

Да нацыянальных асаблівасцей беларускіх казак варта аднесці антыпамешчыцкія і антыцарскія настроі. Для чарадзейных казак, запісаных А. К. Сержпутоўскім, характэрны глыбокі псіхалагізм і мяккі лірызм, якія дапамагаюць раскрыццю дынамікі чалавечых пачуццяў. Казкі ўводзяць слухачоў у чароўны свет музыкі, мастацтва. Яркім прыкладам можа служыць казка «Музыка і чэрці».

Чарадзейная казка ў своеасаблівай фантастычнай форме адлюстравала сапраўдныя ўзаемаадносіны класаў, паказала вострыя супярэчнасці паміж імі, больш таго – падказала шляхі іх пераадолення. Гэта ўрэшце прывяло да паступовага затухання чарадзейнай казкі. Яе рашуча выцесніла сацыяльна-бытавая казка, якая асабліва палюбілася народу.

Сутнасць сацыяльна-бытавой казкі раскрываецца ў самім тэрміне. Вядомы беларускі фалькларыст А. С. Фядосік вызначае сацыяльна-бытавую казку як жанр народнай казачнай прозы, у якой праўдзіва, часцей у крытычна завостранай форме адлюстроўваюцца грамадскія і сямейныя з’явы, быт і жыццё працоўных, высмейваюцца сацыяльныя тыпы і чалавечыя недахопы66.

Сацыяльна-бытавая казка адрозніваецца ад чарадзейнай перш за ўсё спецыфікай фантастыкі. Барацьба ў сацыяльна-бытавой казцы вядзецца не паміж асілкамі і фантастычнымі пачварамі, а паміж прадстаўнікамі антаганістычных класаў грамадства. Героі казкі – звычайныя людзі. Яны перамагаюць сваіх ворагаў дзякуючы мудрасці, жыццёваму вопыту, знаходлівасці, спрыту. У аснове канфлікту паміж багатымі і беднымі ляжаць сацыяльныя супярэчнасці. Падчас у гэтых казках даюцца бытавыя замалёўкі. Ідэі, думкі, учынкі станоўчага героя блізкія простаму народу. Усё гэта надае асаблівую каштоўнасць сацыяльна-бытавым казкам, садзейнічае іх папулярнасці ў народзе. «Гэтыя казкі, – пісаў В. Р. Бялінскі, – у тысячу разоў важней за ўсе багатырскія казкі, таму што ў іх ярка адлюстроўваецца народны розум, народны погляд на рэчы і народны быт. У апошніх адносінах яны могуць лічыцца найкаштоўнейшымі гістарычнымі дакументамі»67.

Сапраўды, цяжка знайсці іншы жанр вуснай народнапаэтычнай творчасці, у якім матывы класавай барацьбы займалі б такое значнае месца, як у сацыяльна-бытавой казцы. У казцы «З чаго ліха на свеце» народ спрабуе разабрацца ў сутнасці класавага грамадства, у прычынах існавання няроўнасці і несправядлівасці. Народ верыць, што гэтае зло не будзе жыць вечна. Быў жа час, пераконвае нас казачнік, калі «не было ні паноў, ні мужыкоў, а так сабе людзі жылі-пажывалі, ані аб чым не клапаціліся». Гэта ішло ў разрэз з запэўніваннямі ідэолагаў пануючых класаў, царкоўнікаў аб тым, што няроўнасць існуе вечна, што яна ўстаноўлена самім Богам.

У такіх творах праявілася стыхійна-матэрыялістычнае мысленне стваральнікаў казак. Шляхі да вызвалення ад прыгнёту і насілля яны бачаць у аб’яднанні і барацьбе за праўду. Гэтая праўда ў казцы «Іванка Прастачок» выступае ў ролі рэха-пошчаку ад дудкі-весялушкі.

Сваю лепшую будучыню народ звязваў са з’яўленнем чалавека, які павёў бы яго да светлай мэты. Такім чалавекам выступае герой казкі «Асілак». Ён смелы, дужы, непадкупны. Мара Асілка – «аслабаніць свет ад паноў, зрабіць усіх людзей роўнымі, шчаслівымі» – была блізкай і зразумелай працоўнаму люду. Ён верыць, што наступіць час, калі кожны сам сабе панам будзе: «Усе людзі будуць роўно гараваць, будуць роўно панаваць».

Аднак якімі сродкамі будзе дасягнута шчаслівае жыццё, ні казачнік, ні яго героі адказаць дакладна не маглі, што сведчыла пра слабыя бакі самасвядомасці сялянства.

Сацыяльна-бытавыя казкі ўзніклі ў класавым грамадстве, калі прадукцыйныя сілы дасягнулі значнага ўзроўню развіцця. Пад уплывам гэтага развівалася і самасвядомасць працоўнага люду. Яна ўсё больш і больш пазбаўлялася фантастычных поглядаў на стварэнне свету. Крытычна асмысліваліся палітычныя падзеі, якія адбываліся ў краіне, расла класавая свядомасць народа. Вызваляючыся ад веры ў «добрага цара», чаму ў значнай ступені садзейнічалі падзеі 1905–1907 гг., сялянства выступала супраць існуючага ладу. Асноўныя супярэчнасці феадальнай эпохі – супярэчнасці паміж мужыком і панам – яскрава бачны ў многіх казках зборніка А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Гэта тлумачыцца тым, што ў памяці народа захаваліся ўспаміны пра бяспраўнае, паднявольнае жыццё пры прыгонным праве. Да таго ж і пасля 1861 г. жыццё працоўных Беларусі ўсё яшчэ заставалася цяжкім, яны па-ранейшаму залежалі ад сваіх прыгнятальнікаў. Вось чаму так шырока бытавалі ў гэты час казкі, накіраваныя супраць памешчыкаў, падпанкаў, аканомаў, якія дапамагалі царызму няшчадна эксплуатаваць працоўны люд. У іх народ ганьбіць паноў, паказвае іх у смешным выглядзе, малюе сцэнкі сацыяльнай помсты за жорсткасць, бессардэчнасць.

Характэрная ў гэтым сэнсе казка «Пану навука», запісаная А. К. Сержпутоўскім у вёсцы Чудзін Слуцкага павета Мінскай губерні ад казачніка А. Дудара. Сюжэт пра тое, як пакрыўджаны памешчыкам селянін распраўляецца з жорсткім панам, шырока вядомы ў Еўропе, Амерыцы. Ва ўказальніку Аарне-Томпсана адзначана 19 фінскіх, 15 літоўскіх, 14 французскіх варыянтаў гэтага твора. Аналагічны сюжэт выкарыстаны ў аповесці З. Бядулі «Салавей», сустракаецца ён таксама і ў фальклорных зборніках У. М. Дабравольскага, П. П. Чубінскага, М. Гірака68. Варыянт Дудара вызначаецца большай сацыяльнай вастрынёй, антыпанскай накіраванасцю. Памешчык, пра якога ідзе размова, быў вельмі жорсткім, злым. Не аднаго мужыка забіў ён да смерці. Людзей жа лічыў за сабак. Ён гвалціў жанчын, забіраў у сялян жывёлу ды яшчэ загадваў усыпаць ім бізуноў. Нарэшце прыйшоў канец цярпенню сялян. Знайшоўся чалавек, які вырашыў правучыць пана. Заступнікам пакрыўджаных выступае Рымша. Чатыры разы ён лупцуе пана, забірае ў яго грошы, нагадвае кожны раз аб яго зверствах у адносінах да сялян.

Пратэст бунтара-адзіночкі, які аб’явіў вайну ненавісным панам, адпавядаў настроям сялян таго часу. Многія з іх наіўна думалі, што калі часцей палохаць памешчыкаў, а яшчэ лепш лупцаваць іх, як рабіў Рымша, то яны перастануць здзекавацца з людзей. Па гэтай прычыне ў народзе такімі жывучымі былі казкі і паданні аб смелых разбойніках. Каб надаць ім большую верагоднасць, казачнік часта спасылаўся на месца дзеяння. Па словах Дудара, Рымша жыў непадалёку ад вёскі Заполле Мазырскага павета.

Змрочная прыгонніцкая рэчаіснасць, бяспраўнае жыццё народных мас, невыносныя бытавыя ўмовы адлюстраваны ў казцы «Жаласлівая пані». Як і іншыя антыпрыгонніцкія казкі зборніка Сержпутоўскага, гэты твор пачынаецца з апісання бесчалавечнасці паноў, няшчаднай эксплуатацыі імі сялян, да якіх багацеі адносіліся горш, чым да жывёлы. «I чаго толькі паны не вычваралі, як ены не мучылі людзей, як не здзекуваліса над імі!» – расказвае казачнік. Па віне пані «мужыкі абеднелі, пухнуць ад голаду, бо некалі хлеба зрабіць: пані зганяе па штодзень у двор». Усю сваю «жаласць» гэтая бесчалавечная памешчыца скіравала на катоў і сабак, якіх сабрала цэлы двор і загадала жанкам песціць і дагаджаць ім. Яна гатова была шкуру здзіраць з «маладзіц да дзевак, калі яны не добра даглядалі тую жывёлу».

На фоне жахлівага сялянскага жыцця, дзе людзі пухлі ад голаду, паміралі як мухі, учынкі памешчыкаў, якія бавілі час у распусце і гулянках, адчынялі пансіянаты для сваіх кошак і сабак, здаюцца асабліва агіднымі і абуральнымі. «Жаласлівую пані» не хвалюе, што яе сяляне паміраюць ад голаду, затое «як здохне кот, сабака або здыхліна каняка, то пані плача, бы па родным бацьку, вяліць плакаць і другім, а потым робіць труну, хавае, бы людзей, і над магілаю кладзе прыклад. Уся дворня ды і ўсё сяло толькі і рабілі на гэтую пошкудзь».

Як гэтая пані, паводзілі сябе і многія іншыя памешчыкі. Стары пан «шкадаваў» сваіх людзей, як сваё гаўяда, бо, вядома, лічыў іх сваім дабром. Малады пан адносіўся да людзей яшчэ горш. Ён збіраў у маёнтку сялянскіх дзяўчат і бегаў за імі з бізуном у руках. Як сам вычвараў, што хацеў, так і другія паны жаласці не мелі.

Асаблівай вастрыні дасягае сатыра пры апісанні імянін пані ў казцы «Жаласлівая пані», калі ўсе паны і паненкі бегалі голымі па сядзібе. Гэтая памешчыца і яе акружэнне – прыклад роўнай дэградацыі, маральнага разлажэння класа памешчыкаў. Сам сабой напрошваўся вывад – неабходна змагацца з прыгнятальнікамі.

1.Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мінск, 1964; Ён жа. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мінск, 1970; Ён жа. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мінск, 1972.
2.Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы. Мінск, 1985. С. 83–93.
3.Бараг Л. Р. Беларуская казка: пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі ўсходнеславянскімі казкамі. Мінск, 1969. С. 269.
4.Гринблат М. Я. Этнография и фольклористика в БССР за 30 лет // Наука в БССР за 30 лет. Минск, 1949. С. 503–518.
5.Кабашнікаў К. П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мінск, 1968. С. 27.
6.Лушчыцкі І. М. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палавіне XIX веку. Мінск, 1958. С. 367.
7.Ларчанка М. Р. На шляхах да рэалізму. Мінск, 1958. С. 231.
8.История Белорусской ССР. Минск, 1961. Т. 1. С. 391.
9.История Белорусской ССР. С. 421.
10.Добролюбов Н. А. Собр. соч. М.; Л., 1963. Т. 6. С. 226.
11.Современник. 1864. № 10. С. 192.
12.Шпилевский П. М. Народные пословицы с объяснением происхождения и значения их // Москвитянин. 1852. Т. 4. № 16, отд. 3. С. 125–136; Ён жа. Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических поверьях // Пантеон. 1853. Т. 8, кн. 4. С. 71–79; Т. 9, кн. 5. С. 1–20; кн. 6. С. 1–34; Т. 10, кн. 7. С. 15–56; 1854. Т. 15, кн. 5. С. 21–44; кн. 6. С. 47–68; 1856. Т. 25, кн. 1. С. 1–30; Т. 26, кн. 3. С. 1–28; Ён жа. Дожинки: Бел. нар. обычай. Сценическое представление в 2-х действиях, с хорами, песнями, хороводами и плясками белорусскими. СПб., 1857; Ён жа. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. СПб., 1858; Ён жа. Волочобники в Витебской губернии // Рус. дневник. 1859. № 101.
13.Шейн П. В. Белорусские народные песни с относящимися к ним обрядами, обычаями и суевериями. СПб., 1874; Ён жа. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. СПб., 1887–1902. Т. 1–3.
14.Романов Е. Р. Белорусский сборник. Киев; Витебск; Могилев; Вильна, 1886–1912. Вып. 1–9; Ён жа. Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898; Ён жа. Могилевская старина. Могилев, 1900–1903. Вып. 1–3; Ён жа. Материалы по этнографии Гродненской губернии. Вильна, 1911–1912. Вып. 1–2; Ён жа. Первоисточники для истории Могилевского края. Одесса, 1916. Вып. 1.
15.Никифоровский Н. Я. Очерки Витебской Белоруссии, ч. 1–8 // Этногр. обозрение. 1892, кн. 12, № 1, кн. 13–14, № 2–3; 1893, кн. 17, № 2; 1894, кн. 20, № 1, кн. 31, № 4; 1897, кн. 34, № 3; 1898, кн. 37, № 2; 1899, кн. 40–41, № 1–2; Ён жа. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности. Витебск, 1895; Ён жа. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897; Ён жа. Простонародные загадки. Витебск, 1898; Ён жа. Нечистики: свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907.
16.Киркор А. Языческие обычаи на Белой Руси. Вильна, 1839; Ён жа. Пра літаратуры брацкіх славянскіх народаў. Кракаў, 1874; Ён жа. Літоўскае Палессе // Живописная Россия, 1882. Т. 3, ч. 1–2; Ён жа. Беларускае Палессе // Там жа; Ён жа. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Вестн. императорского Русского географического общества. 1857. Ч. 20; 1858. Ч. 21 (са слоўнікам беларускай гаворкі).
17.Булгаковский Д. Пинчуки: этнографический сборник: песни, загадки, пословицы, обряды, приметы, предрассудки, поверья, суеверия и местный словарь. СПб., 1890.
18.Довнар-Запольский М. Песни пинчуков. Киев, 1895.
19.Янчук М. По Минской губернии: заметки из поездки в 1886 г. М., 1889.
20.Federowski M. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej. Krakow, 1897. Т. 1; 1902. Т. 2; 1903. Т. 3.
21.Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 289, с. 2.
22.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 570, с. 2.
23.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 570, с. 2.
24.Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 572, с. 63.
25.Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 562, с. 15.
26.Там жа, ф. 1, воп. 2, спр. 574.
27.Ёз – збудаванне з жардзін, вецця, якімі палешукі перагароджвалі рэкі, каб перабірацца з аднаго берага на другі.
28.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 574, с. 18.
29.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 574, с. 82–83.
30.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 1, спр. 574, с. 154–155.
31.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 1, спр. 573, с. 43.
32.Там жа, с. 44.
33.Живая старина. 1907. Вып. 3. С. 37.
34.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 1, спр. 573, с. 42.
35.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 18.
36.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 11.
37.Там жа.
38.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 18.
39.Живая старина. 1910. Вып. 4. С. 357.
40.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 580, с. 7.
41.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 578, с. 66.
42.Живая старина. 1907. Вып. 3. С. 149–151.
43.Живая старина. 1907. Вып. 3. С. 151–152.
44.Там жа. Вып. 4. С. 210–214.
45.Живая старина. 1907. Вып. 1. С. 33–23.
46.Живая старина. 1907. Вып. 1. С. 34.
47.Живая старина. 1909. Вып. 1. С. 40–25.
48.Живая старина. 1908. Вып. 1. С. 25–26.
49.Живая старина. 1908. Вып. 1. C. 29–32.
50.Живая старина. 1907. Вып. 4. С. 207–209.
51.Материалы по этнографии России. СПб., 1914. Т. 2. С. 13–34.
52.Живая старина. 1908. Вып. 4. С. 511–513.
53.Живая старина. 1907. Вып. 2. С. 25.
54.Материалы по этнографии России. СПб., 1910. Т. 1. С. 45–49.
55.Архіў РГТ, разрад 109, воп. 1, с. 43.
56.Архіў РГТ, разрад 110, воп. 2, спр. 267, с. 22.
57.Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 578, с. 84.
58.Сержпутовский А. К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков: материалы к изучению творчества белорусов и их говора. СПб., 1911; Ён жа. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету: матэрыялы да вывучэння беларускай мовы, этнаграфіі і літаратуры. Л., 1926; Ён жа. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мінск, 1930.
59.Добролюбов Н. А. Собр. соч. М.; Л., 1962. Т. 3. С. 237.
60.Чарадзейныя казкі / склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. Мінск, 1973. С. 5.
61.Новиков Н. В. Сказки Ф. П. Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 46.
62.Померанцева Э. В. Судьба русской сказки. М., 1961. С. 10.
63.Новиков Н. В. О специфике образа в восточнославянской сказке // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10. С. 176.
64.Бараг Л. Р. Беларуская казка: пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі ўсходнеславянскімі казкамі. Мінск, 1969. С. 27.
65.Лушчыцкі І. М. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палавіне XIX веку. Мінск, 1958. С. 50.
66.Фядосік А. С. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мінск, 1978. С. 144.
67.Белинский В. Г. Полн. собр. соч. М., 1954. Т. 5. С. 671.
68.Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. СПб., 1891. Ч. 1. С. 704–707; Чубинский П. П. Труды этнографическо-статистической экспедиции в Западно-Русский край // Материалы и исследования. СПб., 1878. Т. 2. С. 643–644; ГірякМ. Украінські народні казкі Східноі Словачини / упорядкування, післямова та коментаріі М. Гіряка. Пряшев, 1966. Т. 3. С. 159–163.

The free sample has ended.

Age restriction:
0+
Release date on Litres:
25 July 2016
Writing date:
2014
Volume:
331 p. 2 illustrations
ISBN:
978-985-06-2370-6
Copyright Holder::
Вышэйшая школа
Download format:

Similar books