Read the book: «Баруны»

Font::

Переводчик Леанід Лаўрэш

Составитель Леанід Лаўрэш

© Ігнат Ходзька, 2025

© Леанід Лаўрэш, перевод, 2025

© Леанід Лаўрэш, составитель, 2025

ISBN 978-5-0067-5909-1

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Ад перакладчыка

Баруны – гэта старажытнае магдэбургскае мястэчка ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Сваім развіццём яно абавязана іконе Маці Божай, якая ўжо 330 гадоў шануецца як цудатворная, заснаванню базыльянскага манастыра і пабудове ўніяцкага храма. Сённяшнія Баруны – вёска з насельніцтвам 434 чалавекі (на 2019 год) і прыгожым будынкам касцёла ў цэнтры. Узведзены ў сярэдзіне XVIII ст. як уніяцкая царква, храм з’яўляецца шэдэўрам архітэктуры віленскага барока. Невялікае і звычайнае, на першы погляд, вясковае паселішча Баруны, якіх шмат у Беларусі. Але яно мае высокі гістарычны статус як значны культурна-рэлігійны асяродак з 400-гадовай адукацыйнай традыцыяй.

У Барунах – самая старажытная дзеючая школа краіны. Яе заснавалі ў 1617 г. манахі-базыльяне. У эпоху Асветніцтва гэта была адна з найлепшых школ на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У ХІХ ст. яна праславілася сваімі выпускнікамі, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы; займалі высокія пасады ў органах улады і царкоўнай іерархіі.

Вобраз Барунаў у 1879 г. увекавечыў мастак Напалеон Орда. Барунам і яго навучальнай установе прысвяцілі свае літаратурныя творы (мемуары, паэма) яе выпускнікі розных эпох – пісьменнікі і паэты Ігнат Ходзька, Антон Адынец (ХІХ ст.), Пятро Бі-тэль (ХХ ст.). З пачатку ХХІ ст. незвычайную цікавасць да гісторыі і спадчыны мястэчка праяўляюць даследчыкі.

Прапаноўваем вашай увазе беларускамоўны пераклад белетрызаваных успамінаў беларускага і польскага пісьменніка Ігната (Ігнацы) Ходзькі (1794—1861), выпускніка Барунскай базыльянскай школы пра сваё навучанне ў ёй у 1804—1810 г. Яго мемуары так і называюцца «Баруны».

Пераклад твораў аўтараў першай паловы XIX ст. мае свае асаблівасці. Нашы папярэднікі пісалі складанай, мудрагелістай мовай з доўгімі сказамі. Магчыма, яны нават і думалі трошкі інакш, чым мы сёння. Той, хто чытаў іх тэксты ў арыгінале, уяўляе гэту спецыфіку. Мой досвед перакладу найкаштоўнейшых тэкстаў той эпохі заключаецца ў імкненні захаваць залатую ся-рэдзіну – зрабіць тэкст блізкім для сучаснага чытача і адначасова перадаць аўтэнтычны аўтарскі стыль.

Пераклад успамінаў Ігната Ходзькі «Баруны» ажыццяўляецца на аснове вывучэння двух выданняў: 1908 і 1925 гадоў1, якія маюць некаторыя розначытанні. Выданне 1925 года дапоўнена вялікай колькасцю тлумачэнняў слоў, ужо незразумелых чытачу XX стагоддзя. Гэту практыку я выкарыстоўваю і істотна пашыраю колькасць падрадковых тлумачэнняў, каб адаптаваць тэкст для сучаснага чытача.

Паколькі Ігнат Ходзька вучыўся ў базыльянскай школе і пісаў пра Барунскую ўніяцкую (грэка-каталіцкую) царкву, то я палічыў, што сэнс і дух яго цудоўнай працы лепш і больш дакладна перадасць пераклад слова «ксёндз», якое ўжывае аўтар, як «святар», а слова «касцёл» – як «царква».

Пераклад выкананы з нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.

Наша выданне мемуараў Ігната Ходзькі ажыццяўляецца ў двухсотую гадавіну іх першай публікацыі ў 1825 г.

Выданне мае дадатак – два даследчыя артыкулы. Спецыяліст па гісторыі Уніяцкай царквы Беларусі (1596—1839) Святлана Марозава ў артыкуле «Барунская базыльянская школа i яе выхаванцы», напісаным на багатай базе гістарычных крыніц, расказала пра школьнае жыццё ў мястэчку часоў Ігната Ходзькі і Антона Адынца. У артыкуле «Духоўна-культурная спадчына Барунаў і яе рэпрэзентацыя ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі» Сяргей Марозаў, які спецыялізуецца на даследаванні беларускай гістарычнай палітыкі, паказаў Баруны як знакавае «месца памяці» беларускага народа.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік

Ігнат Ходзька. Б а р у н ы

Кніга прысвячаецца майму аднакласніку Антону Адынцу

Далятае да мяне гук далёкіх званоў,

Краіна вобраз Літвы мне ўзнаўляе,

Успамінаю гады дзяцінных сноў

І свае дзіцячыя малітвы прамаўляю!2

Адынец. Разважанні ў Італіі.

І.

Пад апекай слыннай сваімі цудамі Маці Божай Барунскай штогод у школе раслі і вучыліся некалькі сотняў дзяцей. Бацькі з далёкіх і блізкіх ваколіц Ашмянаў, якія прывезлі і пакінулі тут сваіх сыноў, вялі іх да алтара Багародзіцы, са слязьмі прасілі Яе ласкі, ускладалі на галовы дзяцей сваё пяшчотнае дабраслаўленне, а потым вярталіся дадому з супакоеным сэрцам. Неаднойчы з апошняга ўзгорка за Барунамі, з якога быў бачны толькі крыж касцёла, заплаканая маці яшчэ раз выходзіла з брычкі і адпраўляла гарачыя малітвы туды, дзе пакінула самае дарагое, дзе пакінула душу сваёй душы. А вучань, разлучаны з маці, плакаў, стоячы на вуліцы, і глядзеў на дарогу, на якой знікла брычка і на якой сустракаліся іх узаемныя тужлівыя ўздыхі!

Ці бываў зараз хтосьці з маіх барунскіх калег у спустошаных3 Барунах? Ах, напэўна ж, не. А ці глядзеў ён калісьці на сляды сваёй маладосці тут з такім жа пачуццём, як я? Ці з такім жа чароўным і сумным пачуццём ён падаў на калені перад тым самым абразом, перад якім калісьці па-чарзе кленчыў і я з іншымі? Ці адчуў ён душою гэтую вялікую розніцу ў часе і гэтую яшчэ большую розніцу паміж сваім юнацкім і старым сэрцам? Ці адчуваў ён глыбокі жаль да самога сябе, з якім чалавек бачыць сваё жыццё перад вачыма таго, хто яго дае, і з якім просіць яго прыхільнага позірку, як дзіця кліча да сябе маці, якая гадуе яго?

Баруны знаходзяцца ў лясной частцы Ашмянскага павета:

 
«Дзе было логава мядзведзя,
І дзе ласі пасуцца,
Там грэшнік жыве ежай нябеснай» і г. д.
 

– гаворыць старадаўняя песня, складзеная ў гонар цудоўнага Барунскага абраза. Напэўна, і сапраўды глухая была пушча ў той час тут, калі сціплыя законнікі св. Базыля выбралі тут для сябе такое бязлюднае месца. Пазней на гэтым месцы, ужо славутым ласкамі Дзевы Марыі, былі пабудаваны святыня і вялікі кляштар. Нарэшце пустыня ажыла з-за мноства дзяцей, якія кожную нядзелю спявалі тут пра гісторыю і славу гэтага месца.

З узбуджаным уяўленнем і гарачым сэрцам я выйшаў з царквы на рынак у Барунах, на які пад'ехаў адразу. Цудоўны летні вечар. Ужо цямнела і мне здавалася, што вось-вось з усіх дамоў, якія акружалі рынак, пасыплецца мноства вясёлых мальцаў і пачуюцца іх галасы. Пачуецца рытмічнае рэха ад удараў мяча аб вежы і сцены, якія атачаюць царкву, што святары-прафесары паціху выйдуць з кляштара і з імі нават сам дабрадзей святар-прэ-фект, што некаторы час яны з задавальненнем будуць глядзець на агульную мітусню, на гэты яркі вобраз весялосці, на мала-дзейшых і жвавейшых за іх і ў рэшце-рэшт не вытрымаюць, як не ўтрымалі яны свае годныя пасады і станы, але ў братэрскай роўнасці згуртуюцца і ад ўсяго сэрца пачнуць займацца нявіннымі студэнцкімі сваволямі! Колькі разоў, напрыклад, святар-фізік ці святар-красамоўца, закруціўшы габіт4 ля чаравікаў, як лось, бег да фінішу або ўтыкаўся сваёй шырокаю далонню ў сцяну каб пацэліць скураным мячом, або з палкай на плячы замест карабіна муштраваў войска выбранцаў-рыцараў, узброеных так жа, як і ён!

Але мае абуджаныя падманам чаканні не вярнулі мінулага і не змянілі цяперашняй рэчаіснасці. Напаўразбураныя хаты не кішэлі дзецьмі, па могілках сунуўся пануры манах, па вуліцах цягнулася абарваная галата, на рынкавай плошчы, толькі перад капліцай, сядзела баба ў лахманах і сярод аглушальнай цішыні мармытала вячэрнюю малітву, якая адпавядала гэтаму вобразу няшчасця і жалобы. Можа гэта паўтаравекавая Радуцына, падумаў я – пострах і забава былых вучняў? Напэўна ж, не! Але, гэтая баба займае звычайнае і ўлюбёнае месца былой Радуцыны, чыя постаць, рысы і ўчынкі – той сапраўднай Радуцыны, зараз захапілі маё ўяўленне.

Гэта была сапраўдная Мегмярыліс5 барунская: баба старая, але худая і высокая, часта напаўп’яная, часта напаўвар’ятка. Калі яна, шырока раскінуўшы лахманы, ішла па рынкавай плошчы з высока паднятай галавой, размахваючы чорным агузам6 і спяваючы хрыплым голасам нейкую бязбожную песню, а дзеці збягалі перад ёй з дарогі і крычалі: «Чараўніца! Радуцына-чараўніца!». Але калі ўвечары яна ціха і сумна сядзела на сваім камені ля капліцы, прывабіўшы да сябе аднаго са сваіх смялейшых фаварытаў, і пачынала расказваць яму цікавую гісторыю пра прывід, які штоноч вылазіў вось з гэтага самага склепа з-пад царквы і адразу ішоў на могілкі, а потым зноў вяртаўся ў склеп, як яму потым адсеклі галаву, і ён больш не з’яўляўся. Як ляцела саранча, што аж сонца не было відаць, і на кожным яе крыльцы было напісана па-яўрэйску, што гэта Божая кара. Як была маравая чума і ўсе памерлі. Як потым муравалі гэтую царкву, і Радуцына падавала цэглу, і адзін з муляраў зваліўся з даху, але праз цуд Маці Божай Барунскай падняўся з зямлі жывы і здаравюткі. І як гэта ўсё было сто гадоў таму… Калі яна так расказвала, хутка збіралася ўсё большае і большае кола слухачоў, пра Радуцыну-чараўніцу забываліся, а беднай старой Радуцыне пакавалі ў чорную торбу і кішэні медзякі, пірагі і абаранкі.

– Дзякуй, Ясю! Дзякуй, Антосю, Леанардку, дзякуй вам, – казала яна. – Дайце мне свае лапкі, паваражу вам за гэта.

Адразу некалькі рук высоўвалася наперад і неспакойная цікавасць была бачна на тварах малых. Радуцына па-чарзе брала рукі, глядзела ў вочы і са злараднай усмешкай імправізавала прароцтва:

– Ты будзеш! Ах! Табе будзе добра на свеце! Ты будзеш эканомам. – Баба ведала, што гэта пан маршалковіч.

– Антось – эканом! Антось – эканом! – крычала ўся чарада, а маршалковіч апускаў нос да долу.

– А ты! Хоць ты цяпер і худы пахолак7, шляхцюк з Паленікаў, але будзеш… генералам.

– Лявось – генерал! Віват! Лявось – генерал! – зноў крычаў і скакаў хор сведкаў гэтай сцэны.

– А я? А я? – крычалі яны ўсе разам, тоўпіліся адзін перад адным і наперад гвалтам працягвалі далоні.

– Ты! Ты будзеш спяваць імшу, свентаблівы Ясю!

– Віншуем цябе, брава! Свентаблівы, свентаблівы!

І Ясь не ведаў, радавацца яму ці плакаць над сваім лёсам!

– А ты, паніч! Табе ў суботу розгі, а ў нядзелю пірагі!

Радуцына нядаўна вярнулася з вандроўкі па ваколіцах. Усюды ў бацькоўскіх хатах барунскую бабу сустракалі ахвотна і ветліва, і таму яна ведала, што маці Тадэвушка будзе тут у нядзелю, яна ведала, што Тадэвушак, галоўны вісус, напэўна, не пазбегне суботняй кары. Раптам жанчына ўставала, грозна выпроствалася і хрыпла раўла:

 
– Упэўнены, багаты,
З золата, срэбра палаты,
І занадта дарагія шаты,
Меў аксаміт і пурпуры,
А ў мяне латы і дзюры8.
 

Постаць, твар, голас і мятла пекара, на якую яна абаперлася, вярнулі Радуцыну-чараўніцу. Спалоханы натоўп у імгненне вока разбегся, і шмат хто з пераляканых зухаў не мог заснуць, бо яшчэ да поўначы панура і ціха неслася песня пра Лазара з-пад капліцы, як з магілы.

Дзённае святло згасла, неба ўсыпалася зоркамі, прыгожая і ціхая ноч дадавала маім думкам новай прывабнасці, і кожнае месца, кожны мой крок, усе залатыя імгненні майго дзяцінства аднаўляліся ў маёй памяці. Тады праз гумніскі і платы кожную зіму пралягаў небяспечны ледзяны акоп. Колькі снегу трэба было накапаць, каб як след падняць і ўмацаваць яго! Перад ім, на варце, як перад зачараваным палацам Амадыса9, стаяў магутны волат: галава сфінкса з вачыма з двух чорных вуглёў, цела Бахуса і ногі Радоскага калоса. У руцэ ён трымае дубіну Геркулеса, і гора таму, хто дакранецца да яе! Кожны вечар, калі з-за вільготнага паветра было добра ляпіць снежкі і лядышкі, гэты акоп павінен быў вытрымаць моцныя штурмы. Рынак і Менская вуліца наступаюць на вуліцу Віленскую, з аднаго боку камандуе пан Лявон, нядаўна прызначаны Радуцынай генералам, з другога – пан Юстын, стары інфіміст10, трохгадовы ветэран 1-га класа, хоць і не цвёрды ў доказах таго, што «розумам і мовай людзі адрозніваюцца ад жывёл», але добры гулец у карты, першы рыцар на слізгаўцы і самы адважны важак у снежкі.

З«явіліся ахвотнікі: адтуль і адгэтуль яны —

Адразу для забавы, потым для вайны»11.

Град снежак лётае ў паветры, і хоць вечаровыя прыцемкі засланяюць бойку, аднак хаос, крыкі і агульная мітусня ўзмацняюцца. Пан Стэфан бачыць, што справа ідзе дрэнна, што пан Лявон топча яго войскі, як кавалерыст разбітую пяхоту, што большая частка яго войска коціцца па снезе, і падае каманду:

– Адступаць! За акоп, панове! За акоп!

Крычыць:

– Хто ведае, можа небяспечны вораг з’явіцца з боку кляштара!?

…І ў гэты момант усе ўбачылі з боку кляштара святло знаёмага ліхтара!

– Святар-прэфект! Святар-прэфект!

Гэтую засцярогу чуюць два бакі: бітва скончана, святло на-бліжаецца! І адразу град снежак і кавалкаў лёду паляцелі з абодвух бакоў у гэтую добра бачную цэль. І ўсе разбегліся! Паранены некалькі разоў, з разбітым ліхтаром, святар-прэфект знаходзіць толькі пустку. Пачынаецца праверка вучняў па ква-тэрах12. Марная спроба знайсці вінаватых. Мальцы ціха сядзяць за сталамі, хаваюць вушы, лыпаюць вачыма і голасна зубраць: «Былі такія, былі такія Анёлы, Анёлы, Анёлы, якія з Богам вая-валі»13 і г. д.

II

Дваццаць гадоў таму каля Барунаў жыў апошні пустэльнік Літвы. Толькі таму, што я ведаў, колькі крокаў ад мястэчка да яго пустэльні, мне ўдалося знайсці гэтае месца. У некалі пустым яго садзе раслі пышныя дрэвы, пустазелле-паразіт распаўзлося па дзёрне цеснага панадворка, і невялікі грудок друзу пазначаў месца былой хаткі. Месяц лагодным ззяннем абліваў гэты маленькі краявід, сярод якога я, вандроўнік здалёк, прамовіў шчырую і простую малітву за душу сябра з майго дзяцінства:

 
Вечны адпачынак
Дай ім, Пане…
 

Пачцівы стары! Як ён любіў барунскіх дзяцей! Ён быў суддзёй у нашых справах і часта гарантам перад дырэктарам або прэфектам. Ён быў лідэрам ў зборы зімовых запасаў арэхаў, яблыкаў і лясных грушак, якіх у сябе меў невычэрпны запас для штодзённых гасцей. Раніцай ён сустракаў узыходзячае сонца песняй «Вітаю ранішнюю зару», рэха якой даносілася да мястэчка. Калі айцец-пустэльнік з’яўляўся на вуліцы, яго атачалі дзеці і, падскокваючы, з радасцю віталі і вялі ў царкву на вучнёўскую імшу, на якую ён нязменна прыходзіў кожны дзень. На яго састарэлым твары, аздобленым густой і сівой барадой, бачыўся тады сапраўдны выраз той руплівасці і глыбокай веры, каторай гарэла да Бога яго простая душа. Слёзы каціліся па яго бледным твары, калі ён, укленчыўшы з паднятымі рукамі, далучаў свой дрыготкі голас да хору дзяцей і спяваў:

 
– Святы Божа,
Святы Моцны,
Святы Несмяротны,
змілуйся над намі!
 

Так у неба ўзносіліся малітвы адразу з абодвух памежжаў чалавечага жыцця – надзеі на жыццё і надзеі на жыццё пасля смерці, малітвы дзіцячых просьбаў, пакланення і славы – чыстыя, жывыя, ззяючыя, нібы алмазы высыпаныя на алтар, каб упрыгожыць карону Панны Марыі, і малітва жабрачай пакоры, скрухі, а можа, і пакуты, глыбокая і важкая, як кавалак валуна, з цяжкасцю падняты і пакладзены ў ахвяру на прыступкі алтара.

Пакаянныя малітвы айца Ануфрыя, напэўна, не былі горкімі. Згрызоты сумлення не цягнулі яго людскую істоту ў адзіноту, але і не перашкаджалі яго самотнасці. Яго мінулае, так бы мовіць, не ішло па вострых расколінах жыцця, падзеі якога прывялі яго да пустэльніцтва, але яны маглі б паслужыць асновай для рамантычнага рамана. Шляхціц, у маладосці вайсковец, потым дваранін аднаго з літоўскіх магнатаў, нарэшце гаспадар на ўласным малым кавалку зямлі, ён ажаніўся і жыў з каханай жонкай ціхім жыццём, па звычаях нашай простай і сумленнай шляхты. Уцеха іх сталага ўзросту і надзея на старасць – іх адзіны сынок, да сямі гадоў рос жывым і здаровым. Аднойчы ён ехаў на коніку па полі, і бацькі з вішнёвага саду глядзелі на яго:

– Моцны хлопчык! – сказаў бацька.

– Любае дзіця! – прамовіла маці.

– Што з яго будзе?

– Будзе пачцівы чалавек, Тарэза! Аддамо яго ў школу.

– А потым?

– А потым, калі вывучыцца, вернецца да нас!

– А потым, маё сэрца?

– Потым, мая душа… што потым? Сёння няма ўжо такіх двароў, у якіх я ў маладосці служыў. … Пойдзе ў войска.

– Аднаго яго маем, хто ж будзе клапаціцца пра нашу старасць?

– Яшчэ праз нейкі час ажэнім яго.

– А потым?

– Ах, смешная ты мая Тарэзю, потым мы будзем гадаваць нашых унукаў, Антось будзе гаспадарыць, працаваць на сваёй дзялцы і на сваіх бацькоў.

– А потым, маё сэрца, будзем жаніць нашых унукаў.

– О, мая душа, ты б жадала жаніць усіх нашых нашчадкаў да сёмага калена! Не, мая Тарэзю, потым мы будзем старыя, ты бу-дзеш унучкам лялькі апранаць, а я буду ўнукам конікаў стругаць, і будзем мы спакойныя і шчаслівыя!

– Так, будзем шчаслівыя! – паўтарыла жонка, сагрэтая мацярынскімі пачуццямі. Мы будзем шчаслівыя! … О Божухна! – раптам закрычала яна і ўпала без прытомнасці!

Конь Антося спалохаўся нейкага куста, раптоўна скінуў з сябе вершніка і паляцеў як страла… Маці больш нічога не бачыла, але бацька ў імгненне вока пераскочыў цераз агароджу і пабег за канём, які цягнуў любага Антося за нагу, заціснутаю ў стрэмі. Нарэшце конь заграз у балоце, а няшчасны бацька прыпаў да збітага і акрываўленага сына, які не падаваў прыкмет жыцця!

Гэта чалавечыя надзеі! Гэта чалавечае шчасце! – Зайздроснік людзей, невядомы вораг роду нашага – сатана, чакаў апошніх слоў усцешанай маці, яе самых дарагіх надзей: «Вось так мы будзем шчаслівыя», – схапіў ён гэтыя словы ў свае кіпцюры, люта раструшчыў, расцерушыў і кінуў пад ногі… Які жаль! Гэтыя словы больш ніколі не паўтарылі яе вусны.

Дрыготкі і заплаканы бацька прынёс любімае дзіця дадому і паклаў яго на ложак, жонку прынеслі з саду, яна хутка ачнулася, і першыя словы яе былі:

– Сын мой! Мой Антось!

Яна ўбегла ў другі пакой, дзе муж, схіліўшыся над ложкам, спыняў кроў з ран Антося і ажыўляў яго ўсімі магчымымі сродкамі. На крык жонкі ён падняў галаву, абодва, як аглушаныя, сталі над сынам, і глядзелі адзін на аднаго! Ах! Гэты позірк, які я не магу сабе ўявіць, вочы бацькоў над трупам свайго дзіцяці!

Напалеон Орда. Баруны. 1879 год.


Гэта працяла іх да глыбіні, скаланула ўсю іх істоту і, нарэшце, здабыла з аслупянелых вачэй крывавыя слёзы. Хата напоўнілася плачам абодвух бацькоў і енкамі вернай прыслугі… І праз некалькі дзесяткаў гадоў айцец Ануфрый, расказваючы пра гэтыя пакуты свайго жыцця, не мог стрымацца. Ён замаўкаў, цяжар у грудзях спыняў яго дыханне і крэмпаваў язык, і толькі пасля доўгай хвіліны здранцвення, калі слёзы ўжо коцяцца па яго твары, ён пачынаў зноў дыхаць і заканчваў расказ.

Антось аджыў, але паўсядзённая радасць бацькоў неўзабаве перайшла ў паўсядзённы смутак, бо падзенне іх сына ператварылася ў працяглую хваробу. З-за небяспечнага ўдару ў грудзі дзіця ссохла і прыкметна схуднела. Дарэмна кожны дзень ужываліся доктарскія і хатнія лекі. Часам з’яўляўся пробліск надзеі: хлопчыку на некалькі дзён станавілася лепш – тады бацькі зноў пачыналі жыць, але іх жыццё згасала разам з ім. Калі неўзабаве прыйшла яшчэ больш цяжкая хвароба, прыйшоў і яшчэ большы смутак. Неспакойная маці туліла да грудзей сваё любімае дзіця і, як магла, супакойвала яго пакуты. Часам, трымаючы яго на руках, падала перад абразом Маці Божай і са слязамі і малітвамі ўспамінала мацярынскі смутак Марыі падчас смерці Яе Сына на крыжы. Потым бацька браў хворага з рук маці і насіў яго, лашчыў, цалаваў, нібы хацеў аддаць яму сваё здароўе. Хлопчык тады забываўся пра сваю хваробу, абдымаў бацьку за шыю, клаў сваю бледную галаву яму на плячо і цешыў яго, кажучы: «Не плач, тататчка! А буду здаровы, мне ўжо лепей». Ах! Тады разрывалася сэрца бацькі, які не меў ніякай надзеі, і ўсё ж здавалася яму, што смерць не зможа вырваць сына з яго рук, і ён насіў яго, прыціснуўшы да грудзей, як мага даўжэй і з цяжкасцю на сэрцы клаў яго на ложак, ад якога бацькі не адыходзілі.

Нарэшце, маці, з’яднаная сваім уласным жыццём з жыццём дзіцяці, пастаянна змучаная горкімі клопатамі, знясіленая бяссоннымі начамі, захварэла сама і заняла ложак побач з сынам. «Альбо дай мне Бог устаць разам з ім, альбо дай мне памерці разам з ім!» – прасіла яна і, слабеючы з кожным днём, і нібыта ўгадвала свой лёс.

Пры такім сумным становішчы спраў аднойчы вечарам хворы, які ляжаў у другім пакоі, пачуў з першага:

– Слава Ісусу Хрысту, – а адразу пасля: – Вітае вас святы Юстын!

– Хто там, – слабым голасам адазвалася гаспадыня.

– Падарожнік, бедны і ўбогі: хаджу па святых і цудоўных месцах, прашу ў Бога здароўя для маіх дабрадзеяў. Вяртаюся з Мядзела ад св. Юстына14, а іду ў Баруны. «Kyrye elejson! Chryste elejson!»15 і г. д.

Хворая адразу ўстала з ложка і, увайшоўшы ў першы пакой, убачыла старую бабу, якая стаяла там, апранутая ў звычайнае адзенне вандроўных дзявотак16. Паўпаліто з грубага сукна, чорнае, добра пацёртае, з-пад яго доўгі шнурок, на канцы якога крыжык з некалькімі меднымі медалікамі. На грудзях вялікі скапуляры17, а на плячы як бы знак жабрачага цэху, ад якога яе адрознівала толькі залатаная, але добра нагружаная торба і дарожная палка, якая пасавала б хутчэй моцнаму мужчыну, чым беднай і слабой жанчыне. Акрамя таго, каптур на галаве злёгку быў задраны ўверх, глядзела яна смела і з цікаўнасцю, постаць мела высокую і прамую. Такая фігура стаяла ў канцы цёмнага пакоя і панурым голасам мармытала малітву, гэта напаўняла хворую тым самым пачуццём трывогі і страху, які старая часта выклікала ў барунскіх студэнтаў сваім абліччам чараўніцы. Гэта была знаёмая нам Радуцына. У сваім падарожным і ўрачыстым убранні яна вярталася са свентаблівых вандровак, якія штогод рабіла ў розныя мясціны, не каб маліцца, а хутчэй каб наведаць знаёмыя сядзібы, сабраць навіны за ўвесь год і дарыць потым шчодрую міласціну падчас адпустаў.

– Ах! Мая бабуленька, памаліцеся за здароўе майго сына, – сказала асмялеўшая гаспадыня дома.

– Добра, дабрадзейка, але, здаецца, і ты не надта здаровая! – адказала Радуцына.

– Так, мая бабулька! Але не зважай на мяне!

– Бог з вамі, дабрадзейка, як не зважаць? Я буду маліцца і за маці, і за сына, я ведаю неабходную малітву. Толькі раскажы пра хваробу, як, што? І адкуль гэта ліха ўзялося? Можа, каўтун, можа, чары, ці ўрок хто?

– Не, мая бабуленька, – і тут яна расказала ўсю гісторыю Антосевай хваробы і нават завяла бабульку ў алькоў і паказала ёй хворага.

– Дрэнна зрабіла, дабрадзейка, што адразу пасля падзення не ахвяравала сына святым месцам: Жыровіцам, Будзе, Барунам. Ах! У Баруны, дабрадзейка, у Баруны! Неаднойчы я бачыла хворага, які ледзьве сам туды прывалокся, але, дзякуючы ласцы і цудам нашай барунскай Апякункі, вярнуўся здаровы, як рыбка! Вязіце свайго сына ў Баруны, дабрадзеі!

Бліснула надзея, і зачапіліся за яе няшчасныя бацькі. Пасля кароткай нарады, пастанавілі пад кіраўніцтвам Радуцыны пайсці ў пабожную пілігрымку ў Баруны і шлях пачаць на раніцы. Бабулю пачаставалі шчодрай вячэрай і паклалі на свежым сене ў адрыне.

На наступны дзень, як толькі заспяваў певень і абвясціў світанне, пан Ануфрый ужо рыхтаваў падарожны воз. Радуцына выйшла з адрыны са шнурком у руцэ і хадзіла па гумніску, малілася на ружанцы, часам перапыняла малітвы заўвагамі аб прыпасах, неабходных для хворых і здаровых. Нарэшце парабак вынес хворага Антося, за ім выйшла і яго нямоглая маці. Яны абодва размясціліся ў возе, парабак сеў за вазніцу, пан Ануфрый пайшоў побач пешкам18, а Радуцына наперадзе павяла караван. Ужо вырушылі ў дарогу, калі высыпалася верная і сумленная чэлядзь, і, абступіўшы павозку, яны пачалі цалаваць рукі пані, паніча і пана, са слязьмі даручалі іх Богу і зычылі добрай дарогі. Пан Ануфрый, які даверыў ім сваю худобу (быдла – Л. Л.) і свой дом, таксама заплакаў. Антось развітваўся са сваёй заплаканай карміцелькай, а сабака Разбой поўзаў і ласціўся каля ног сваіх гаспадароў, нібы просячы дазволу ісці разам з імі. Радуцына сядзела на ганку каля спіжарні, упіралася рукамі і падбароддзем у палку і часам калі-нікалі сумна ківала галавой.

– Едзем, – сказала нарэшце больш за ўсіх заплаканая пані Ануфрава, – бывайце здаровыя, прасіце ў Бога, каб мы да вас вярнуліся… а калі не вернемся, дык маліцеся за нашы душы!

І рушылі.

– Трымай сабаку, – сказаў пан Ануфрый.

Разбоя схапілі за шыю, але заўсёды лагодны сабака на гэты раз аказаўся сапраўдным разбойнікам – люта гаркнуў, вырваўся з рук хлопчыка, які яго трымаў, пераскочыў цераз зачыненую браму і далучыўся да падарожнікаў. Пан Ануфрый не меў сэрца прагнаць яго і ласкава пагладзіў сабаку, а Разбой падскочыў і радасна пабег наперад. Пазней ён быў адзіным таварышам і вартаўніком свайго гаспадара ў пусташы, а таксама ўлюбёнцам і гадаванцам усёй Барунскай школы. Колькі разоў я гладзіў яго ўласнай рукой! Ён ледзь не кожны дзень наведваў сяброў у мястэчку, наведваў святара-канафара19 ў кляштары, потым прыходзіў да нас на кватэры і, нібы інстынктыўна, заўсёды рабіў гэта тады, калі нехта толькі што атрымаў перадачу ад матулі. Гэтак, паклаўшы пысу на калені мальцу, які раздаваў прысмакі і ласункі сваім сябрам, Разбой спакойна чакаў сваёй порцыі, і яго порцыя ніколі не была самай малой.

На трэці дзень, пад заход сонца, Радуцына, якая ішла наперадзе, упала на калені на дарозе. Здзіўленыя падарожнікі на-блізіліся да яе, убачылі крыж барунскага храма і зрабілі тое самае. О! Хiба маглі быць больш гарачымі малітвы, чым малітвы бацькі і маці, якія прасілі аб здароўі для свайго адзінага дзіцяці і з глыбокай верай узносілі малітвы да Апякункі няшчасных! На вазку паднялі і Антося, каб і ён мог памаліцца, але бацькі жахнуліся, калі ўбачылі слабасць дзіцяці. Ён не меў сілы прамовіць малітву, але сутаргава схапіў бацьку і маці за шыі і, выказваючы ў апошні момант адзінае пачуццё ўсяго свайго кароткага жыцця, сказаў:

– Маці! Бацька! Як я вас моцна люблю! Як я вас люблю!

І ўпаў у павозку. Паспешліва рушылі да мястэчка, спадзеючыся на паратунак, але калі прыехалі, Антося ўжо не было… Жудасным быў выгляд гэтага воза. Маці не плакала. Не слёзы, а само жыццё, апошнія кроплі яго ўпалі на труп дзіцяці, з пасінелым тварам і аслупянелымі вачыма яна трымала на каленях светлую галаву нябожчыка, беражліва баронячы, каб яна не стукнулася ад трасяніны воза. Няшчасная! Яна была ўпэўненая, што яе сын памёр, але ўсё яшчэ песціла яго!.. Бацька, у якога ад гэтага раптоўнага і страшнага ўдару сціснула сэрца, вусны і павекі, упаў на сярэдзіну воза ў ногі дзіцяці. Перапалоханая і амаль што непрытомная Радуцына сядзела побач з возчыкам. Убачыўшы яе бледны і ссохлы твар, растрапаныя валасы, схуднелую і дзікую постаць, убачыўшы, як яна выцягнула наперад свае доўгія і сухія рукі і падганяла каня бегчы, вы б сказалі, што гэта сама смерць загрузіла цэлы воз сваімі ахвярамі і гвалтоўна прэ іх да магілы.

На наступны дзень на катафалку маці паклалі побач з сынам, а бацьку ў ложак у святара-аптэкара. Хто б змог столькі бяды вытрываць!

Час, намаганні і рэлігійныя суцяшэнні, якімі пачцівыя законнікі штодзённа падсалоджвалі долю няшчаснага, вярнулі здароўе яго целу і нейкі спакой у душы. Але бадай болей за ўсё, і хто мог гэтага чакаць, на яго падзейнічалі частыя размовы з Радуцынай, якая амаль што кожны дзень, нібыта атрымлівала весткі з таго свету ад яго жонкі і сына і расказвала свае сны пра іх ці выказвала яму свае думкі і гэтак рабіла на яго неабходны ўплыў.

– Дабрадзей! Сёння ў сне бачыла Яемосць нябожчыцу з Антосем у садзе. Памілуй, Пане, іх душы! Абодва ў белым, але які сад, дабрадзей! Як рай. Ходзіць Яемосць, зрывае кветкі і ўпрыгожвае імі паніча. Падыходжу, дабрадзей, дае мне кветку і якую? Ключыкі! (першацвет – Л. Л.). Занясі, кажа, майму мужу, я ўзяла кветачку і… прачнулася. А што ж гэта значыць? Беспярэчна, дабрадзею, яна з сынам у раі і перадае нам ключы ад раю.

1.Пераклад паводле: Chodźko Ignacy. Boruny. Warszawa, 1908; Chodźko Ignacy. Boruny. Lwów-Warszawa-Kraków, 1925.
2.Dalekich dzwonów dźwięk mię dolata, Kraj przypomina obraz Litwy, Wspominam moje dziecinne lata, Mówię dziecinne moje modlitwy! Odyniec. Dumanie we Włoszech.
3.Школу ў Барунах зачынілі пасля паўстання 1831 г.
4.Звычайная вопратка манаха. – Л. Л.
5.Мегмерыліс – постаць, вядомая з аднаго з раманаў шатландскага пісьменніка Вальтэра Скота (1771—1832).
6.Прыстасаванне для вымятання хлебнай печы.
7.Пахолак – тарчатрымальнік ці зброяносец, у дадзеным выпадку – бедны чалавек. – Л. Л.
8.Pewny sobie bogaty, W złoto, srebro, szarłaty, I zbyt kosztowne szaty, Miał aksamit, purpury, A na mnie łaty, dziury! Песня пра святога Лазара.
9.Амадыс – герой фантастычнага іспанскага рыцарскага рамана, вельмі папулярнага ў XV—XVI ст.
10.Вучань інфімы – першага класа. – Л. Л.
11.З «Амфітрыёну» Мальера.
12.Вучні здымалі кватэры ў мястэчку.
13.З царкоўнай гісторыі для першага класа.
14.Мядзельскі касцёл пад вызнаннем Маці Божай Скаплернай меў мошчы св. Юстына, а таксама кавалачак дрэва св. Крыжа і ампулку з Найсвяцейшай крывёй. Кармеліты заснавалі тут кальварыю з 21 мураванай капліцай і 8 драўлянымі брамамі. Пры кляштары працавала школа і бібліятэка з 500 кніг. Кармеліты працавалі добра, і Мядзел стаў цэнтрам рэлігійнага жыцця ў сваім наваколлі. Захаваліся сляды іх дзейнасці ў выглядзе выяваў (гравюр на медзі) святых, на адной з якіх намаляваны св. Юстын на фоне Старога Мядзела – бачны касцёл з купалам і возера Мястра з чаўнамі, на іншых намаляваны слынныя пацыфікалы (літургічная рэч у каталіцкім касцёле, мае выгляд простакутнай ці авальнай таблічкі з ножкай, якую даюць вернікам для пацалунку). – Л. Л.
15.«Госпадзе, памілуй», «Хрысце, памілуй».
16.Дзявотка, пабожная кабета, у ХХ ст. слова стала сінонімам празмерна пабожнай жанчыны. – Л. Л.
17.Скапуляры (от лат. scapulae), ці малы скапуляры, уяўляе з сябе два змацаваныя шнурамі прастакутныя кавалкі тканіны ці іншага матэрыялу з рэлігійнымі выявамі ці тэкстамі. Звычайна насіўся на целе пад адзеннем такім чынам, што адзін вобраз знаходзіцца на спіне, другі – на грудзях. Слова паходзіць ад лацінскага scapulare (наплечнік). Пачаткова быў верхняй вопраткай для захавання кляштарнага ўбрання падчас работ у полі, потым сам стаў кляштарнымі шатамі, якія з плячэй звісалі ажно да зямлі. Сябры рэлігійных брацтваў насілі больш кароткі, так званы малы скапуляры. — Л. Л.
18.Пабожныя пілігрымы павінны былі ісці да святыні пешкам.
19.Святар, які мае нагляд за кухняй і спіжарняй.

The free sample has ended.

Age restriction:
12+
Release date on Litres:
23 July 2025
Volume:
102 p. 5 illustrations
ISBN:
9785006759091
Download format: