Read the book: «Рымскі Юбілей»
Переводчик Максім Фоміч
Фотограф Gabriele Freihalter
© Герберт Цёрстан, 2026
© Максім Фоміч, перевод, 2026
© Gabriele Freihalter, фотографии, 2026
ISBN 978-5-0071-4934-1
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Ад перакладчыка
У ХХ ст. Каталіцкі Касцёл адсвяткаваў столькі Юбілеяў, як ні ў адно стагоддзе дагэтуль. Акрамя чатырох звычайных святых гадоў (1925, 1950, 1975 і 2000), было абвешчана яшчэ тры надзвычайныя (1933, 1966 і 1983). Ужо ў нашым стагоддзі Папа Францішак абвясціў дадатковы Юбілей ў 2016 г., і, несумненна, пасля нашага Юбілею 2025 г. нас чакае яшчэ адзін надзвычайны — у 2033 г.
Год вялікага прабачэння, які раней быў для кожнага верніка ўнікальнай падзеяй на ўсё жыццё, перастаў быць рэдкасцю, але магія моманту застаецца. Тут і цяпер гэты год успрымаецца як адзіны і рэдкі, а таму ствараецца адчуванне, што варта ўвекавечыць яго калі не пілігрымкай у Рым, то хаця б перакладам кнігі.
Англійскі езуіт Герберт Цёрстан (1856—1939) прысвяціў хрысціянскаму Юбілею дзве кнігі. Адна з іх, даўжэйшая, носіць назву «The Holy Year of Jubilee» (Святы юбілейны год, 1900). Першапачаткова яна задумвалася як кампіляцыя вядомых аўтарытэтаў па тэме Юбілею, але неабходнасць сістэматычна адаптаваць матэрыял ператварыла яе ў фактычна арыгінальную працу. У 1925 г. была выдадзена скарочаная версія гэтай кнігі пад назвай «The Roman Jubilee» (Рымскі Юбілей). Яна і лягла ў аснову гэтага перакладу, фрагменты якога публікаваліся анлайн на працягу Юбілею 2025 г.
Пра змест кнігі дастаткова сказаць толькі тое, што гэта адзін з нямногіх даступных нам сістэматычных аглядаў на тэму Юбілею. Паслядоўная і лагічная структура, тыповая для грунтоўных прац, напісаных езуітамі старога выхавання, цудоўна дапаўняецца цытаваннем шматлікіх сведчанняў відавочцаў і крытычных і з’едлівых выказванняў апанентаў. Тым самым аўтар ставарае жывое апісанне юбілейных абрадаў і рымскай дабрачыннасці ў даўнія часы, што робіць кнігу цікавай для свайго галоўнага адрасата — каталіцкага верніка, які не заўсёды асабіста дабярэцца да Рыма, але, несумненна, заўсёды захоча адчуць дух хрысціянскага Юбілею і глыбока перажыць святы год.
1. Ранняя гісторыя Юбілею
Ужо немагчыма сумнявацца, асабліва пасля якасных даследаванняў д-ра Нікалауса Паўлуса ў яго нядаўняй кнізе «Geschichte des Ablasses im Mittelalter»1, што першы святы год, пра які вядома гісторыі, быў абвешчаны ў 1300 г. Папам Баніфацыем VIII. У выдадзенай ім буле слова «юбілей» не выкарыстоўваецца, але многія людзі ў той час асацыявалі гэты тэрмін з адпустам, і гэтая асацыяцыя захавалася з тых часоў. Таму мы кажам сінанімічна або пра юбілейны адпуст, або пра адпуст святога года.
Перад тым як пайсці далей, варта зазначыць, што і назва, і ідэя Юбілею ўзята з таго, што мы чытаем пра стары закон у кнізе Левіт. Лічба пяцьдзясят не бярэцца з нейкай дзесятковай сістэмы злічэння і не азначае палову стагоддзя, а з’яўляецца проста наступным лічэбнікам пасля сямі поўных сямёрак. Дарэчы, той самы прынцып даў нам юдэйскую Пяцідзясятніцу — свята пяцідзясятага дня, а таксама яго хрысціянскі адпаведнік, вядомы як свята Спаслання Святога Духа. Юдэі адлічвалі «сем тыдняў гадоў», гэта значыць сорак дзевяць гадоў, а пяцідзясяты год быў юбілейным. Глеба павінна была заставацца неабробленай, землі і дамы павінны былі вярнуцца да сваіх першапачатковых уладальнікаў і іх нашчадкаў, а рабы атрымлівалі свабоду. Пераймаючы гэты старазапаветны правобраз, хрысціянскі Касцёл таксама ўстанавіў свой Юбілей, калі ён абвяшчае «год даравання» карных наступстваў граху. Першапачаткова юбілейны адпуст можна было атрымаць толькі пры наведванні Рыма, але ўзамен за гэтую пабожную пілігрымку, якая тады была звязана з вялікім высілкам і небяспекай, наступнікі св. Пятра, у руках якіх знаходзіцца ўлада звязваць і развязваць, удзялялі пілігрыму, які належным чынам паспавядаўся і знаходзіўся ў стане скрухі, поўнае адпушчэнне ўсяго часовага пакарання за грахі. Паколькі да гэтага адпушчэння пакаранняў далучаліся таксама асаблівыя прывілеі, згодна з якімі некаторым спаведнікам давалася права адпускаць амаль любыя віды грахоў, нават самыя цяжкія і зарэзерваваныя ў адваротным выпадку за Святой Сталіцай, юбілейны адпуст і іншыя адпусты падобнага маштабу сталі вядомымі як прабачэнні віны і пакарання — a culpa et pœna. Гэты выраз пазней выклікаў пэўныя цяжкасці, але цяпер у нас няма магчымасці яго абмяркоўваць. Вызначаліся таксама іншыя ўмовы, такія як малітва на працягу канкрэтнай колькасці дзён у важнейшых касцёлах Рыма, і з цягам часу, калі ўзнікла практыка вызваляць у некаторых выпадках ад фактычнага наведвання Вечнага горада, стала накладацца падменная практыка, якая часта набывала форму ахвяравання на крыжовыя паходы супраць туркаў або на адбудову таго ці іншага касцёла ці базілікі. Але вернемся да пытання першага святога года.
У 1299 г., напярэдадні Божага Нараджэння, на Нешпары ў базіліцы св. Пятра сабраўся вялікі натоўп. Сярод сабраных былі не толькі рымляне. Прысутнічала вялікая колькасць іншаземцаў, якіх, як аказалася, у Рым прывабіла навіна, што кожны, хто на працягу наступных дванаццаці месяцаў наведае магілы свв. апосталаў Пятра і Паўла, зможа атрымаць вялікія адпусты. Чуткі гэтыя набывалі розныя фантастычныя формы, але ўсе яны аднагалосна сцвярджалі, што ў першы год наступнага стагоддзя (больш канкрэтна час не акрэсліваўся) можна здабыць адпуст таго ці іншага роду. Некаторыя казалі, што поўны адпуст даецца ўсім, хто памоліцца пры магілах апосталаў 1 студзеня; іншыя сцвярджалі, што той самы адпуст будзе даступны ў любы дзень года; яшчэ іншыя абмяжоўвалі магчымасць атрымання адпусту да ста дзён, але меркавалі, што яго атрыманне можна будзе паўтараць кожны дзень года, калі штодзённа прамаўляць малітву ў храмах двух вялікіх апосталаў і апекуноў святога горада. На працягу тыдня колькасць пілігрымаў павялічылася яшчэ больш; розныя чуткі адносна ўмоў атрымання адпусту станавіліся ўсё больш шматлікімі і супярэчлівымі; магілы апосталаў кожную гадзіну абложвалі натоўпы вернікаў, а на вуліцах стала так цесна, што даўні аўтар пісаў: «Немагчыма было прайсці праз горад, хоць ён быў вялікі і шырокі»2.
Тым часам Папа штодзённа назіраў з вокнаў Латэранскага палаца, як вернікі напаўняюць базілікі. Ён чуў пра прычыну, якая сагнала ў ягоную сталіцу столькіх людзей, захапляўся пабожнасцю і добрымі паводзінамі верных, але не ўжыў ніякіх захадаў, каб або стрымаць, або падтрымаць гэты рух. Здаецца, што яшчэ ў тыя дні рымскі двор дасканала валодаў мастацтвам чакання, і толькі ў ІІ нядзелю пасля Аб’яўлення, а менавіта 17 студзеня 1300 г., калі для публічнага ўшанавання выстаўлялася хустка св. Веранікі3, Папа па дарозе ў базіліку раптоўна пабачыў старога чалавека ста сямі гадоў, ураджэнца Савоі4, якога неслі ў касцёл на руках двое ці трое ягоных сыноў. Уражаны гэтым відовішчам, Папа паклікаў іх да сябе і ў прысутнасці некалькіх кардыналаў спытаўся ў старога чалавека, у чым была прычына таго, што ён выправіўся ў падарожжа ў такім пажылым узросце. «Я памятаю, — адказаў пілігрым Яго Святасці, — як у пачатку мінулага стагоддзя мой бацька, які быў рабочым, прыехаў у Рым і жыў там, каб атрымаць адпуст, столькі, колькі дазвалялі яму сродкі. Ён прасіў мяне не забыцца прыехаць у пачатку наступнага стагоддзя, калі я дажыву, хоць ён і не думаў, што так станецца». Тады Папа спытаўся, што за адпуст ён спадзяваўся атрымаць сваім прыездам у Рым. «Сто дзён адпусту за кожны дзень года», — адказаў той. Гэты аповед пацвердзілі двое іншых людзей з дыяцэзіі Бавэ5, якім таксама было больш за сто гадоў. Падобныя сведчанні пра гэтую традыцыю давалі і старыя пілігрымы з розных частак Італіі. Папа зацікавіўся гэтымі гісторыямі і даручыў некалькім кардыналам праверыць старажытныя запісы і па магчымасці сабраць вусныя доказы адносна вераванняў вернікаў пра духоўныя даброты, якіх яны чакалі ад наведвання Рыма ў першы год новага стагоддзя. Вынік расследавання пацвердзіў існаванне агульнай веры ў тое, што можна атрымаць нейкі адпуст, але ніякага пісьмовага дакумента ў яе падтрымку знайсці не атрымалася6. Не жадаючы, каб паства засталася без таго, дзеля чаго ўзяла на сябе такія вялікія нязручнасці, Папа выдаў 23 лютага наступную булу:
«Баніфацый, біскуп, слуга слуг Божых, на вечную памяць.
Аповед продкаў верна сцвярджае, што тым, хто набліжаецца да шанаванай базілікі Князя апосталаў у Рыме, удзяляюцца вялікія прабачэнні і дараванні грахоў. Таму, па доўгу служэння ахвотна стараючыся і клапоцячыся аб збаўленні кожнага, Мы лічым гэтыя прабачэнні і дараванні ўсе разам і паасобку дзейснымі і пажаданымі, апостальскай уладай пацвярджаем іх і ўхваляем, а таксама ўзнаўляем і дадзеным лістом умацоўваем сваім заступніцтвам. Каб жа святыя апосталы Пётр і Павел атрымалі большае ўшанаванне ад таго, што іхнія базілікі ў Рыме будуць больш пабожна наведвацца вернікамі, а самі вернікі дзякуючы такому наведванню адчувалі сябе больш напоўненымі шчодрасцю духоўных дароў, Мы, пакладаючыся на міласэрнасць усемагутнага Бога, на заслугі і аўтарытэт тых жа Ягоных апосталаў, на параду Нашых братоў і паўнату апостальскай улады, усім, хто ў гэты 1300 г., ад мінулага, нядаўна адзначанага свята Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста, сапраўды раскаяўшыся і паспавядаўшыся, з пашанай наведвае гэтыя базілікі, і ўсім, хто ў любы наступны соты год, сапраўды раскаяўшыся і паспавядаўшыся, будзе іх наведваць, ва ўказаны цяперашні год і любы наступны соты год удзелім і ўдзяляем не толькі поўнае і шчодрае, але і найпаўнейшае прабачэнне ўсіх іхніх грахоў. Пастанаўляем, што тыя, хто пажадае атрымаць удзелены Намі адпуст, павінны наведваць гэтыя базілікі: калі яны рымляне, то на працягу прынамсі трыццаці дзён, у тым ліку з перапынкамі, хаця б адзін раз на дзень; калі ж яны пілігрымы або іншаземцы, то падобным чынам пятнаццаць дзён. Кожны, аднак, больш заслужыць і з большым поспехам атрымае адпуст, калі наведае гэтыя базілікі часцей і з большай пабожнасцю. Такім чынам, ніводнаму чалавеку не дазваляецца гэты выраз Нашага пацвярджэння, ухвалення, узнаўлення, умацавання і пастанаўлення парушаць або легкадумна яму пярэчыць і працівіцца. Калі б жа хто асмеліўся замахнуцца на гэта, няхай ведае, што накліча на сябе гнеў усемагутнага Бога і святых апосталаў Пятра і Паўла.
Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 23 лютага 1300 года, у шосты год Нашага пантыфікату».
Палітычная дзейнасць Баніфацыя VIII нажыла яму сярод сучаснікаў шматлікіх жорсткіх ворагаў. Крытыкі пазнейшых стагоддзяў часта асуджалі яго за ганарыстасць і сквапнасць. Сучасныя аўтары, якія займаюць бесстароннюю пазіцыю, схільныя выдаваць больш прыхільны вердыкт, чым звычайна выдавалі пяцьдзясят гадоў таму. Аднак, што б ні думалі пра матывы і паводзіны Папы пры абвяшчэнні Юбілею, няма ніякага сумневу, што на ўсіх сведак гэтая падзея аказала глыбокі рэлігійны ўплыў. З усіх частак Еўропы ў Рым накіраваліся патокі пілігрымаў, сярод якіх былі жыхары не толькі Францыі і Германіі, але і далёкай поўначы і ўсходу. Гэта былі бедныя і багатыя, маладыя і старыя, здаровыя і хворыя, мужчыны і жанчыны. Падарожнічаць па Італіі было бяспечна: пілігрымам з усіх народаў дазвалялі свабодна прыходзіць і вяртацца дадому. Наплыў народу быў вельмі вялікі, і, хоць разліў Тыбра ў пэўны момант пагражаў узнікненнем голаду, дзякуючы высілкам Папы Баніфацыя і дзяржаўнай улады Рыма ніякіх беспарадкаў не ўзнікла. «Гэта было цудоўнае відовішча, — пісаў фларэнтыйскі храніст Джавані Вілані7. — У горадзе пастаянна знаходзілася больш за 100 тысяч пілігрымаў без уліку тых, што прыходзілі і сыходзілі кожны дзень. Тым не менш усе — і людзі, і коні — атрымлівалі апеку і неабходны правіянт, і ўсё гэта адбывалася ў абсалютным парадку, без нейкага замяшання і канфліктаў». Іншы храніст Гульельма Вентура8 піша: «Натоўп мужчын і жанчын быў вялізны. Я бачыў яго на свае ўласныя вочы, таму што правёў у горадзе чатырнаццаць дзён. На рынку прадавалася дастаткова мяса, рыбы і аўса. Сена было вельмі дарагім, як і жыллё, так што мой ложак і стойла для каня каштавалі мне адзін турскі грош у дзень. Калі ў вігілію Божага Нараджэння я ад’язджаў з Рыма, дарогі былі загрувашчаны мноствам пілігрымаў, якіх ніхто не мог палічыць, але сярод рымлян казалі, што ў цэлым у горад прыйшло больш за 2 мільёны мужчын і жанчын. Пастаянна даводзілася бачыць, як мужчын і жанчын затоптваюць у таўкатні, і сам я не раз з цяжкасцю пазбег той жа небяспекі».
Да нас дайшлі таксама кранальныя апісанні паводзін пілігрымаў. Яны прыбывалі ў пілігрымскай вопратцы або ў нацыянальных строях сваіх краін, да якіх належалі. Яны ішлі пешшу, ехалі на конях, на вазах, бралі з сабою пажылых і хворых, а таксама багаж. Там былі старыя людзі, якім было па сто гадоў і якіх вялі дзеці; былі таксама маладыя, якія неслі сваіх бацьку ці маці ў Рым на плячах. Яны размаўлялі на розных дыялектах, але літаніі спявалі на адзінай мове Касцёла, і ўсе іх шчырыя жаданні былі скіраваны да адной і той жа мэты. Яшчэ здалёк, пабачыўшы першыя абрысы веж святога горада ўздоўж шырокай Кампаньі, яны выбухалі радаснымі крыкамі: «Roma, Roma», як маракі, якія пасля доўгага плавання зноў пабачылі сушу. Затым яны на момант падалі на калені і ўздымаліся з натхняльным воклічам: «Святыя Пётра і Паўле, ласкава выслухайце нас». Пры брамах іх сустракалі землякі ці знаёмыя, каб правесці іх да жытла, але спачатку яны кіраваліся да базілікі св. Пятра, каб на каленях падняцца па прыступках пярэдняга двара, і іх не цікавілі ніякія цялесныя патрэбы, пакуль яны не атрымлівалі магчымасці ў захапленні кінуцца ніцма да магілы апосталаў.
Ад Стэфанескі9 можна зачэрпнуць цікавыя веды, якія ілюструюць рымскія звычаі тых часоў. Ён піша, згадваючы гэта як штосьці, што яўна не было на той час звычайным, што магчымасць наведаць дзве базілікі была нават у маладых незамужніх дзяўчат. «Не бракавала незамужніх, якія днём з-за дзявочай сарамлівасці заставаліся дома, каб не трапляць на вочы мужчынам, а ноччу, пад надзейнай аховай матронаў, ішлі ў святыя дамы апосталаў»10.
Ці ішоў з пілігрымкай у Рым падчас нейкай часткі 1300 г. сам Дантэ, дакладна не вядома. З таго, што мы ведаем пра яго афіцыйную занятасць у Фларэнцыі і пра жорсткую варожасць, з якой ён ставіўся да Папы Баніфацыя, адказ напрошваецца адмоўны. Але ён тым не менш згадвае меры, якія былі прыняты для захавання парадку ў натоўпе і якія наўрад ці мог выдумаць хтосьці, хто не быў іх відавочцам:
Вось так і рымляне, калі прыходзіць юбілейны год,
Знаходзяць спосаб, каб хутчэй расчысціць
Натоўпы тых, хто ціснецца праз мост:
Да Замка тварам усе плятуцца па адным баку,
Кіруючыся ў храм апостала Пятра,
А па другім — да той гары, што ёсць насупраць11.
У «Чыстцы» знаходзіцца яшчэ адна спасылка на гэтую вялікую падзею, прычым яна з’яўляецца цікавай для даследчыкаў Дантэ, таму што заключае ў сабе падказку для карэктнага датавання паэмы. Аўтар паказвае душы падчас гэтага года ласкі, якія Божы анёл перапраўляе ў чысцец праз ваду:
Нягледзячы на складанасці з пракормам такіх вялікіх натоўпаў, праблема з правіянтам, здаецца, была ў цэлым вырашана паспяхова. Першыя тры месяцы правізіі было больш чым дастаткова, але пазней сталі ўзнікаць страхі, што запас ежы скончыцца: існавала меркаванне, што, хоць збожжа павінна было хапіць, можа ўзнікнуць дэфіцыт млыноў і печаў. Насамрэч жа збожжа аказалася дастаткова, а таксама былі ўжыты дадатковыя захады, і жыхароў прылеглых гарадоў папрасілі падвозіць ужо спечаны хлеб, тады як сяляне прывозілі ўсю даступную гародніну і садавіну. На шчасце, ураджай быў добры, а з вінных прэсаў няспынна цякло віно. У кастрычніку цэны крыху пайшлі ўгару, але на пабожнасць людзей гэта ніяк не паўплывала.

Адкрыццё святых дзвярэй Кліментам Х у 1675 г.
З барэльефа ягонай грабніцы ў базіліцы св. Пятра
Перад тым як скончыць аповед пра Юбілей Баніфацыя VIII, здаецца патрэбным падкрэсліць дзве рэчы. Па-першае, з аповеду Стэфанескі добра бачна, што ўся падзея насіла выразна рэлігійны характар. Пілігрымка ў Рым была не падарожжам ці прагулкай, а сапраўдным стымулам для пабожнасці, і з вачэй вернікаў ні на момант не знікала абсалютная неабходнасць сардэчнай скрухі як умовы атрымання адпусту. Акрамя свайго празаічнага твора, Стэфанескі таксама напісаў на тэму Юбілею кароткі верш, у якім у паэтычнай форме прывёў умовы папскай булы:
…І будуць змыты кожнаму грахі
Не ў поўнай, але ў найпаўнейшай меры13,
Калі ў сваёй ласкавай дабрыні
Бог выбачыць ахвотна ўсе правіны.
Хай толькі той, хто неразважліва грашыў,
Забрудзіўшы віною Божы вобраз,
З глыбокім жалем вызнае свае грахі
І ў Бога прабачэння шчыра просіць.
Таксама ў адной з нямецкіх хронік, надрукаваных у выданні «Monumenta Germaniæ» Г. Г. Перца14, прыводзіцца тагачаснае тлумачэнне булы Баніфацыя Antiquorum. Яго напісаў нейкі рымскі кананіст, якога, відавочна, папрасілі растлумачыць, што азначае гэты новы і нечуваны адпуст. Само тлумачэнне мала чым адрозніваецца ад простага пераказу булы, але аўтар праводзіць таксама сувязь з біблейскім Юбілеем, з годам даравання ў старым законе. Ён, як і Папа, падкрэслівае, што гэтыя адпусты ўдзяляюцца толькі тым, хто сапраўды раскаяўся і паспавядаўся. Насамрэч гэта рэч, якую наўрад ці варта трэба зазначаць асобна, хіба што ў якасці адказу такім крытыкам, як д-р Генры Чарльз Лі15, які паўтараў, што падобныя фармуліроўкі былі не больш чым фармальнасцю і заўсёды заставаліся пахаванымі пад слоем шматслоўя, так што ніхто на іх не звяртаў увагі.
Другая справа, пра якую варта сказаць, гэта пытанне міласціны з боку пілігрымаў. Фраза храніста Вентуры, які апісвае (відавочна, з пэўным рытарычным перабольшваннем) дваіх духоўных, якія ўдзень і ўначы стаялі пры алтары св. Паўла і граблямі зграбалі бясконцыя сумы грошай, аказала глыбокае ўражанне на праціўнікаў рымскіх адпустаў. Але тут таксама элемент з аповеду кардынала Стэфанескі дапамагае растлумачыць справу ў правільным святле. Апісаныя такім чынам ахвяраванні былі не дарамі багатых, не кавалкамі золата ці срэбра, а міласцінай на карысць самых бедных, якую складалі тагачаснымі манетамі з найменшым наміналам. Зноў жа, гэта былі цалкам дабравольныя ахвяраванні, і яны ніякім чынам не ставіліся ў якасці ўмовы атрымання адпусту. Не былі рымскія касцёлы і тымі славутасцямі, дзе за ўваход з наведвальнікаў збіралі плату і дзе існаваў спецыяльны служыцель, які падганяў іх ад алтара да алтара. Больш за тое, хоць агулам у дзвюх базіліках св. Пятра і св. Паўла сабралі прыблізна 50 тысяч залатых фларынаў, Стэфанескі сцвярджае, што гэта не нашмат перавышала падвоеную суму ахвяраванняў у звычайныя гады16. Ад яго і ад іншых аўтараў мы даведваемся, што гэтыя грошы прама ці ўскосна ішлі на ўтрыманне рымскіх касцёлаў і на ўласныя патрэбы духавенства, якое было з імі звязана. Так ці інакш, здаецца, што ніякая частка гэтай міласціны не дайшла да папскай скарбніцы.
Першы Юбілей не асабліва адзначыўся статусам тых, хто наведаў Рым, каб узяць удзел у святкаванні. Там знаходзіўся Карл Мартэл Анжуйскі17, сын неапалітанскага караля, якога туды, імаверна, прывабіла надзея схіліць Папу, каб той падтрымаў ягоныя прэтэнзіі на венгерскі трон. З падобнымі інтарэсамі туды прыбыў і Карл дэ Валуа18, брат Філіпа IV Прыгожага, які жадаў стаць гаспадаром Канстанцінопаля і імператарам Усходу. Ні ў тым, ні ў іншым выпадку Баніфацый, як здаецца, не зрабіў асаблівых крокаў, каб паспрыяць гэтым просьбам. З іншага боку, нас, безумоўна, найбольш цікавіць дэлегацыя, якая, паводле Тосці19, была выпраўлена ў Рым ад палітычнай плыні гвельфаў20, што дамінавала ў Фларэнцыі. Каб падкрэсліць свайго роду роўнасць з манархамі Еўропы, на якую прэтэндаваў гэты дэмакратычны горад, прадстаўнікі гэтай дэлегацыі з’явіліся ў вобразе розных манархаў. Так, Варміліа Альфана прадстаўляў імператара Захаду, Сімонэ дэі Росі — імператара Усходу, Мусчата Франчэзі — караля Францыі, Угаліна дэ Чэркі — караля Англіі, Рамэра Фрыгінела — караля Багеміі, Гвічарда Бастара — хана Татарыі і г. д. Дэлегацыя была выдатна экіпіравана, а пасланнікі, зразумела, была апрануты ў строі, якія адпавядалі іх персанажам. Па дарозе іх суправаджала кавалькада з пяцісот коннікаў21.
Кім быў Угаліна дэ Чэркі, які прадстаўляў караля Англіі, даведацца немагчыма. Ці ёсць нейкая імавернасць, што гэта той самы Угаліна, пра візіт якога на Юбілей у Фларэнцыі XVII ст. захавалася вельмі цікавае сведчанне ў форме надпісу на Віа дэла Фонья? Надпіс можна перакласці наступным чынам:
«На вечную памяць. Няхай кожнаму, хто глядзіць на гэтую пліту, будзе добра вядома, што Усемагутны Бог у 1300-ы год Пана нашага Езуса Хрыста ўдзяліў хрысціянам асаблівую ласку. Бо Ягоная магіла, якая тады знаходзілася ў руках сарацынаў, была адваявана татарамі і аддадзена назад хрысціянам. І ў той жа самы год, паколькі Папа Баніфацый удзяліў усім, хто наведае Рым, урачыстае адпушчэнне ўсіх грахоў, гэта значыць як віны, так і пакарання22, многія — і хрысціяне, і татары — пайшлі ў Рым па вышэйзгаданы адпуст; і пайшлі туды таксама Угаліна і ягоная жонка».
Апошнія словы, вылучаныя курсівам, напісаны на пліце па-італьянску. Яшчэ іншы тагачасны надпіс, які кажа пра Юбілей, знаходзіцца ў катэдральным касцёле Сіены. Грубы леанінскі гекзаметр можна перакласці неяк так:
Соты год надзейна — у Рыме юбілейны;
Дарма прабачаецца ўсё таму, хто каецца;
Баніфацый так рашыў, цвёрда так пастанавіў23.
Нельга забывацца пра самую важную памятку першага юбілейнага года — карціну Джота, на якой выяўлены Папа Баніфацый. Яна дагэтуль захавалася ў базіліцы св. Яна на Латэране. Прынята лічыць, што яна паказвае Баніфацыя падчас абвяшчэння Юбілею. Два ўпрыгожванні, падобныя да цыновак, якія звісаюць па баках і амаль што здаюцца часткай убрання двух духоўных, маюць на сабе хвалістыя стужкі — герб Баніфацыя (Бенедэта Каэтані). Менавіта з-за гэтых хвалістых стужак ён запісаны ў фальшывым прароцтве Малахіі пад дэвізам «Ex undarum benedictione» (ад благаслаўлення хваль).
Калі надышла вігілія Божага Нараджэння 1300 г. і вызначаны час Юбілею скончыўся, Баніфацыя сталі прасіць падоўжыць яго працягласць да Вялікадня. Ён дазволіў крыху падоўжыць яго дзеля карысці тых, хто ўжо пачаў выконваць умовы, але Юбілей ва ўласцівым сэнсе, як першапачаткова і планавалася, скончыўся вігіліяй Божага Нараджэння. Гэтая практыка распачынаць Юбілей днём Нараджэння Пана, а не першым днём года захавалася і цяпер. Яна з’яўляецца цікавым следам старога звычаю весці датаванне ад Божага Нараджэння, а не ад студзеньскіх календаў. Адна з даўніх кніг, якая разглядае гісторыю адпустаў, прыводзіць цікавы прыклад распаўсюджанасці гэтага звычаю ў часы Аляксандра VI. Гэта праца, якую напісаў нейкі Стэфан экс Ноціс напярэдадні Юбілею 1500 г. Праз пэўныя інтэрвалы аўтар дапісваў дакладныя даты, у якія па меры стварэння твора зноў браўся за работу. Калі прапусціць уступ, які з’яўляецца пазнейшым дадаткам, то ў верхняй частцы першай старонкі мы бачым такі тэкст: «In nomine Domini nostri Jesu Christi; die 3 Novembris, 1498. Hic liber est defensivus a crudeli morbo desperationis et ductivus in vitam æternam»24.

Баніфацый VIII абвяшчае Юбілей.
Фрагмент карціны Джота ў Латэранскай базіліцы
25 верасня 1499 г., «у 23:00», ён знаходзіўся прыкладна на сярэдзіне; апошнія сказы тэксту былі запісаны ў дзве гадзіны ночы 16 студзеня 1500 г., а 18 студзеня ён пачаў пісаць прысвячэнне і змест, так што ўсё было скончана ў 20:00 26 студзеня 1500 г. «Хвала Богу», — дадае аўтар. На жаль, друк гэтай працы заняў каля дзесяці месяцаў, і яна выйшла ў свет толькі 1 снежня 1500 г., калі Юбілей амаль скончыўся. З набліжэннем працы да завяршэння ён ставіў шматлікія адзнакі часу, па якіх можна прасачыць прагрэс. Так, бачна, што 24 снежня 1499 г. ён напісаў даволі вялікі фрагмент, затым узяў два дні адпачынку (пісаў ён, варта зазначыць, у Мілане), і наступны допіс прыпадае на 27 снежня, і пры ім сказана: «27 снежня, пры пачатку 1500 г., які пачаўся са свята Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста ў гэтым, значыць, 1500 г.» Можна дадаць, што Іаган Буркард25 у сваім «Дзённіку» таксама мяняе 1499 год на 1500, калі пераходзіць ад 24 да 25 снежня. Такім чынам, свята Нараджэння Пана, як і ў хрысціян ранніх стагоддзяў, лічылася першым днём новага года.
Калі судзіць па бедных запісах у нашых уласных манаскіх хроніках, то ў Англіі Юбілей Баніфацыя VIII не выклікаў вялікай зацікаўленасці. Адзін з італьянскіх аўтараў, які пакінуў апісанне гэтага Юбілею, выразна зазначае, што сярод пілігрымаў было вельмі мала англічан. З іншага боку, Стэфанескі кажа нам, што разважлівасць паўночных народаў вельмі годная пахвалы, таму што «яны, чакаючы, каб у Рыме настала адпаведная пара года, а надвор’е стала такім жа, як у іхніх краінах, прыбывалі пад канец восені і ў пачатку зімы». Нам вядомы адзін факт, які мог у некаторай ступені перашкодзіць свабодзе паездак англійскіх джэнтльменаў і важных прадстаўнікоў духавенства ў Рым: кароль Эдуард І строга забараніў вывозіць з каралеўства грошы і срэбра. Вынікам гэтага стала тое, што кожны вядомы чалавек, які хацеў паехаць за мяжу і падарожнічаць хоць з нейкім камфортам, практычна быў вымушаны прасіць дазволу ў караля. Дагэтуль захаваліся пісьмовыя ўказанні караля, выдадзеныя біскупу Уінчэстэра і іншым, дзе было сказана, што яны выязджаюць за мяжу па справах караля, а таму вызваляюцца ад выканання закона, які забараняе вывозіць грошы.
Другі па ліку Юбілей святкаваўся пры Кліменце VI у 1350 г. У пачатку гэтага стагоддзя Клімент V перанёс папскі двор у Авіньён, і ў 1342 г., пры ўзыходжанні на трон Клімента VI, у гэты горад скіравалася дэлегацыя з васямнаццаці членаў знатных рымскіх сем’яў, каб папрасіць яго вярнуцца ў Рым і таксама адсвяткаваць чарговы Юбілей. У якасці матыву прыслухацца да другой з гэтых просьбаў Кліменту назвалі кароткую працягласць людскога жыцця і тое, што, калі Юбілей святкуецца толькі раз на сто гадоў, атрымаць з яго карысць можа вельмі малая колькасць вернікаў. Кажуць, што просьбы пасланнікаў былі падмацаваны лістом св. Брыгіты Шведскай, у аб’яўленнях якой мы чытаем, што па Божым загадзе яна перадала Кліменту наступнае пасланне: «Я ўзняў цябе вышэй за іншых у славе; устань жа і прыміры караля Францыі з каралём Англіі, а затым вярніся ў Італію, каб абвясціць год збаўлення і Божай любові».
Паэт Петрарка, якога суправаджаў Кола дзі Рыенца26, таксама ездзіў у Францыю, каб паспрабаваць пераканаць Папу вярнуць папскі двор у Рым і скараціць інтэрвал паміж Юбілеямі. Петрарка адрасаваў Папу Кліменту паэтычнае пасланне27, якое пачынаецца словамі: «Spes mihi longa nimis pater, o sanctissime patrum». Ніжэй прыведзены вольны пераклад той часткі верша, якая больш непасрэдна датычыцца нашай тэмы:
Сярод дароў, што ад душы прашу, —
Каб круг святочны прабягаў хутчэй
Святы і збаўчы юбілейны год,
Каб боль свой лек здабыў лягчэй,
А грэх — надзею прабачэння;
Як бура ўздыме шэраг лютых хваль,
Каб, знішчаныя караблекрушэннем,
Зайшлі мы ў ціхі порт і каб у даль
Нас не панёс імклівы, бурны вір
І мы не згінулі ў прыбоі марна.
Хто пройдзе дальнюю мяжу жыцця
І хто сабе налічыць сотню цалкам,
Калі і дзень праходзіць нібы міг?
Таму хай вернецца хутчэй той час,
Што змые свету грэх, прабачыць віны
І скіне кайданы няволі з нас,
Ні просьбе нашай не чужы,
Ні Божаму Пісанню.
Беспадстаўным з’яўляецца сцвярджэнне28, што адкрыць Юбілей Папу прымусіла чорная смерць — чума, якая ў 1348—1349 гг. спусташала і Рым, і астатнюю Еўропу. Була Unigenitus з абвяшчэннем Юбілею была выдадзена ў 1343 г., і матывы, якія кіравалі Пантыфікам, ясна называюцца ў яе тэксце. Падаўшы зачэрпнутыя са Святога Пісання прычыны для ўшанавання пяцідзясятага года, Папа дадае: «…чуючы заклік нашага ўласнага рымскага народа, які пакорна просіць і праз асаблівых і важных, адмыслова вызначаных для гэтага пасланнікаў на ўзор Майсея і Аарона моліць Нас за ўвесь хрысціянскі люд, кажучы: Пане, адкрый ім скарбніцу тваю, крыніцу вады жывой… жадаючы, каб удзельнікамі гэтага адпусту стала як найбольшая колькасць людзей, бо нямногія з увагі на невялікую працягласць людскога жыцця могуць дажыць да сотага года, Мы з парады Нашых братоў вырашылі па вышэйзгаданых і іншых справядлівых прычынах скараціць перыяд удзялення адпусту да пяцідзесяці гадоў».
Папа разаслаў копіі гэтай канстытуцыі многім патрыярхам, арцыбіскупам і біскупам, загадаўшы ім абнародаваць яе ў сваіх дыяцэзіях. Ён таксама паслаў кардынала Анібальда Гаэтані дзі Чэкана29, біскупа Фраскаці, сваім легатам у Рым, надзяліўшы яго ўсімі паўнамоцтвамі ў справе святкавання Юбілею.
Юбілей 1350 г., як кажуць, быў настолькі папулярны, што паміж Божым Нараджэннем 1349 г. і Вялікаднем 1350 г. святы горад наведала 1,2 мільёна асоб. Аўтар «Жыцця Рыенца» зазначае: «У той год увесь хрысціянскі свет сышоўся ў Рым, каб атрымаць адпуст»30. Таксама італьянскі храніст Матэа Вілані31 піша: «У свята Нараджэння Пана 1349 г. распачаўся святы адпуст для ўсіх, хто пілігрымаваў у Рым, наведваючы, як загадана святым Касцёлам, базілікі св. Пятра, св. Яна на Латэране і св. Паўла за мурамі32. Мужчыны і жанчыны ўсіх саслоўяў і станаў у вялікай, нечуванай колькасці спяшаліся па гэтае прабачэнне (у многіх месцах нядаўна назіралася або дагэтуль трывала высокая смяротнасць з-за эпідэміі 1348 г.). Яны праводзілі сваю пілігрымку з вялікай пабожнасцю і пакорай, цярпліва зносячы ўсялякага роду фізічны дыскамфорт, які вынікаў з моцнага холаду, марозу, снегу, паводак, разбітых і пакручастых дарог і недахопу жытла. Немцы і венгры натоўпамі праводзілі ночы на адкрытым паветры, збіраючыся разам і распальваючы вялікія вогнішчы, каб сагрэцца. Гаспадары гасцініц былі вельмі занятыя, але не тым, каб падаваць хлеб, віно і іншую ежу, а тым, каб браць грошы, якія ім давалі. Палічыць людзей не было ніякай магчымасці, але, паводле ацэнак, ад Божага Нараджэння да Пасхі ў Рыме пастаянна знаходзілася ад 1 да 1,2 мільёна чалавек, а на Унебаўшэсце і Спасланне Святога Духа — 800 тысяч. У разгар лета лічбы зменшыліся: часткова паўплывала гарачыня, а часткова — праца на полі. Але натоўп заставаўся. Наведванне трох касцёлаў, калі ўлічваць выхад і вяртанне да месца, дзе чалавек жыў, прадстаўляла сабою падарожжа ў 18 кіламетраў. Дарогі былі настолькі запоўнены, што ўсе пілігрымы, ішлі яны пешшу ці ехалі на кані, рухаліся вельмі павольна»33.
Хустка св. Веранікі, якую, як лічыцца, яна падала нашаму Збаўцу і на якой захаваўся адбітак Яго святога аблічча, выстаўлялася ў базіліцы св. Пятра кожную нядзелю і свята, і тады натоўпы, якія запаўнялі касцёл, былі настолькі шматлікімі, што многіх душылі або тапталі насмерць. Цікава зазначыць, наколькі глыбокае пачуццё пабожнасці выклікала дэманстрацыя гэтай рэліквіі, хоць яе аўтэнтычнасць, на жаль, застаецца больш чым сумнеўнай. Падложны, але тагачасны дакумент, які цытуе Альберык дэ Разатэ34 і які прэтэндуе на ролю юбілейнай булы Клімента VI, паказвае ўшанаванне святой хусткі як вяршыню ўсёй пілігрымкі. Ён нават кажа, што благаслаўленне хусткай з’яўляецца адной з неабходных умоў атрымання адпусту. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што тое глыбокае ўражанне, якое пілігрым атрымліваў, калі пасля месяцаў цяжкасцей і пакут нарэшце мог угледзецца ў адбітак святых рыс Збаўцы, Петрарка ўвекавечыў адным са сваіх самых прыгожых санетаў:
Паломнік згорблены, з сівою галавой
Пакінуў месца мілае, дзе жыў гады,
Пакінуў бедную сям’ю, што праз мальбы
Ўяўляе, як без сіл цяжар нясе ён свой.
А ён стаіць з хістаннем на слабых нагах
У дні апошнія, што скончаць пуць зямны,
І з новай сілай бачыць у душы матыў,
Хоць прытаміў узрост, хоць змучыў доўгі шлях.
Таму, дайшоўшы ў Рым за заклікам любві,
Шукае ён абраз Збавіцеля свайго,
Якога хоча скора стрэць у вышыні.
Так сярод іншых форм шукаю я душой
Хоць нейкі шарм, што сэрцу дасць святло,
Хоць неяк блізкі ладнай грацыі тваёй.
Хрустальную скрыню, упрыгожаную срэбрам з пазалотай, у якой дагэтуль захоўваецца хустка св. Веранікі, падарылі на гэты Юбілей тры знатныя венецыянцы: Нікола Валенціні, Бандзіна Гарцоні і Франчэскіна ін Глостра35.
Пра іншых выбітных наведвальнікаў звестак не засталося. Св. Брыгіта Шведская тады жыла ў Рыме. Самога Петрарку наўрад ці можна лічыць чужынцам у святым горадзе. Самай значнай асобай, якая прыбыла здалёк, быў кароль Людовік Венгерскі36, які штодзённа абыходзіў базілікі пешшу, а перад тым, як вярнуцца, ахвяраваў пры алтары базілікі св. Пятра чатыры тысячы залатых крон.
Але тым не менш Юбілей прынёс шматпакутнаму гораду пэўнае захаванне спакою і нейкі дабрабыт. Наступны ўрывак з кнігі Маргарэт Оліфэнт «Творцы сучаснага Рыма» апісвае, якое зямное дабро ён прынёс з сабой. Трэба памятаць, што Рым у той час знаходзіўся ў гушчы праблем, звязаных з паўстаннем вялікага трыбуна Колы дзі Рыенца.
«Вялікімі і шматлікімі былі праблемы ў гэтыя сем гадоў. Рым зноў трапіў у старыя рукі: Арсіні і Калона, Калона і Арсіні. Часовае зацішша прыпала на год Юбілею (1350), калі ўвесь свет накіраваўся ў Рым, каб атрымаць адпуст і каб усе яго грахі былі змыты шчодрым патокам папскага прабачэння. Кажуць, што сам Рыенца патаемна вярнуўся, каб атрымаць гэты адпуст, але зрабіў гэта, не раскрываючы сваёй асобы. Грамадзяне ж былі вельмі зацікаўлены ў міры, а перад абліччам гасцей, якія неслі грошы ў горад, неабходна было захоўваць пэўную стрыманасць і парадак, таму наступіла часовае зацішша. Ад Вялікадня да Божага Нараджэння горад быў адной вялікай гасцініцай. Гараджане былі ўвесь час заняты гасцямі і ўдзелам у пастаянных святых абрадах гэтых дзён. Іхнія кішэні напаўняліся багаццем, якое заўсёды аказвае заспакойлівы ўплыў. Юбілей прынёс з сабою не толькі натоўпы пабожных пілігрымаў з усіх частак свету, але і бясконцыя судовыя іскі. Вырашаць праблемныя пытанні сумлення і грамадскія спрэчкі павінен быў заняты кардынал, які сядзеў замест Папы і штодзённа слухаў, што прынёс яму той ці іншы заяўшчык. Быў таксама пабудаваны новы часовы мост, які мусіў вырашыць праблему вялікага натоўпу і дапамагчы пазбегнуць затораў на старым мосце св. Анёла, які Дантэ апісвае ў сваім «Пекле», калі пілігрымы сабраліся і ледзь не разбурылі адну з арак. У працэсе разгляду былі таксама іншыя вялікія падрыхтоўчыя працы, у тым ліку тэрміновыя.
Капітолій трэба было адрамантаваць, іншыя старыя касцёлы асвяжыць; горад неабходна было ўпрыгожыць драпіроўкамі і габеленамі. Таму прынамсі на год народ быў заняты думкамі аб тым, як надаць усяму найлепшы выгляд, часова прыпыніць унутраныя беспарадкі і прыняць усе неабходныя меры для стварэння камфортных умоў, як часта робіцца ў сям’і, калі важныя госці несвядома накладаюць на ўсіх збаўчае самаўтаймаванне. Так і тут было сто матываў захаваць знешне добрыя паводзіны і належную прыгажосць на вачах свету»37.
Што датычыцца Юбілеяў, якія адзначаліся ў часы Вялікага заходняга расколу38, то з імі звязана некаторая нявызначанасць. Прамежкавы перыяд быў скарочаны да трыццаці трох гадоў, і святы год, як здаецца, адзначаўся ў 1390 і 1423 гг. Таксама з папскага ліста, які быў напісаны ў 1420 г. і надрукаваны ў «Annales Ecclesiastici»39 Адарыка Раінальдзі, вынікае, што Марцін V звярнуўся з дакорам да арцыбіскупа Кентэрберыйскага за тое, што той прысвоіў сабе правы, якія належаць толькі Святому Айцу, калі падчас панавання Генрыха VI абвясціў у Англіі адпуст, аналагічны святому году, і даў тым пілігрымам, якія наведаюць катэдральны касцёл у Кентэрберы, тое ж адпушчэнне кар, якое можна атрымаць падчас Юбілею ў Рыме.
Наступны Юбілей 1450 г. пры ўладаранні Мікалая V быў вельмі знакамітым і абагнаў па сваёй урачыстасці і наведвальнасці ўсе папярэднія святкаванні. У сваёй буле ад 19 студзеня 1449 г. Папа Мікалай скасаваў устанаўленне Урбана VI адносна часу святкавання Юбілеяў і вярнуў даўжэйшы інтэрвал у пяцьдзясят гадоў, устаноўлены Кліментам VI.
«Залаты год» адкрыўся ў свята Нараджэння Пана 1449 г., і з кожнай краіны Еўропы ў Рым накіраваліся вялікія натоўпы пілігрымаў. Адзін сведка40 параўноўваў групы пілігрымаў з палётам шпакоў і маршам тысяч мурашоў. Энеа Сільвіа Пікаламіні41, які ў 1459 г. сам стаў Папам і ўзяў імя Пій ІІ, прыводзіць ацэнку, што ў Рым штодзённа прыходзіла 40 тысяч людзей. Храніст з Брэшыі Крыстафора да Сольда кажа: «Ні на водзін іншы Юбілей не збіралася такога вялікага натоўпу хрысціян: каралі, князі, маркізы, графы і феадалы — словам, хрысціянскія асобы ўсіх рангаў — штодзённа прыбывалі ў Рым у такой колькасці, што ў горадзе знаходзіліся мільёны. І гэта працягвалася ўвесь год, за выключэннем лета, бо тады жыцці незлічоных ахвяр забрала чума. Але, як толькі наступіў халодны сезон і яна скончылася, паток вернікаў узнавіўся»42.
Адной з найважнейшых падзей гэтага Юбілею была кананізацыя св. Бернардына Сіенскага 24 мая43, у свята Спаслання Святога Духа44. Базіліку св. Пятра з гэтай нагоды цудоўна ўпрыгожылі. Для Папы ўзвялі высокі трон; яго акружалі ўсе кардыналы, якія тады былі ў Рыме, а таксама многія арцыбіскупы і біскупы. Кожная дэталь абраду кананізацыі выконвалася з найвышэйшай урачыстасцю і бляскам, а сам Папа прачытаў пахвальную прамову ў гонар святога. Гарэла дзве сотні васковых свечак, а агульныя выдаткі дасягнулі 7 тысяч дукатаў: гэтую суму аплацілі гарады Сіена і Акуіла. Згодна з «Cronaca di Bologna», прысутнічала чатырнаццаць кардыналаў, дваццаць чатыры біскупы і больш за дзве тысячы братоў-абсервантаў, усіх з якіх запрасілі за кошт Папы.
Шматлікія пілігрымы размясціліся ў канвенце базілікі Санта-Марыя-ін-Арачэлі. Сярод іх быў іспанец Дыега з Алькалы, які пазней быў кананізаваны. Вялізныя натоўпы, якія ішлі з пілігрымкай у Рым, асабліва падчас гэтых юбілейных гадоў, былі нагодай для ўзнікнення многіх устаноў, якія прымалі хворых і стомленых. Узнікненне нямецкай гасцініцы Божай Маці ў Кампа-Санта каля базілікі св. Пятра прыпісваецца Юбілею 1300 г. Другая нямецкая гасцініца пры касцёле Санта-Марыя-дэль-Аніма была заснавана ў 1350 г. З нагоды Юбілею 1450 г. біскуп горада Радрыга Альфонса Парадзінас адкрыў іспанскую гасцініцу, якая разам з касцёлам была пасвячана ў гонар св. Якуба. Існавалі таксама брацтвы, падобныя да заснаванага пазней св. Філіпам Неры архібрацтва Святой Тройцы, якія давалі дапамогу і прытулак патрабуючым пілігрымам, асабліва ў гады Юбілею.
Рымскі храніст Паала дэла Мастра пакінуў вельмі жывое і прастадушнае апісанне гэтага Юбілею 1450 г. Працытуем некалькі ўрыўкаў45.
«Я ўспамінаю, што яшчэ ў пачатку месяца Божага Нараджэння ў Рым на Юбілей прыйшло шмат людзей. Пілігрымам трэба было наведваць чатыры галоўныя касцёлы: рымлянам — увесь месяц, італьянцам — чатырнаццаць дзён, а тым, хто жыве па той бок Альп, восем дзён. У Рым раптоўна прыйшло столькі пілігрымаў, што млыны і пякарні не спраўляліся з нарыхтоўкай хлеба. А колькасць пілігрымаў штодня павялічвалася, па прычыне чаго Папа загадаў выстаўляць хустку св. Веранікі кожную нядзелю, а галовы свв. апосталаў Пятра і Паўла — кожную суботу. Іншыя ж рэліквіі рымскіх касцёлаў былі выстаўлены пастаянна. Папа ўдзяляў урачыстае благаслаўленне ў базіліцы св. Пятра кожную нядзелю. Паколькі няспынны наплыў вернікаў ствараў усё большы дэфіцыт самых неабходных рэчаў, Папа даў поўны адпуст кожнаму пілігрыму пры ўмове раскаяння, споведзі і наведвання касцёлаў на працягу трох дзён. Вялікі сход пілігрымаў працягваўся ад Божага Нараджэння на працягу ўсяго студзеня, а потым зменшыўся настолькі, што гаспадары гасцініц сталі выказваць незадаволенасць і ўсе падумалі, што ніхто больш не прыйдзе, калі ў сярэдзіне Вялікага посту зноў з’явілася такое мноства пілігрымаў, што пры добрым надвор’і імі былі запоўнены ўсе вінаграднікі і яны не маглі нідзе знайсці сабе начлег. На Вялікім тыдні натоўпы, якія кіраваліся ў базіліку св. Пятра або выходзілі з яе, сталі такімі аграмаднымі, што яны праходзілі мост праз Тыбр да другой ці трэцяй гадзіны ночы. Людзей было так шмат, што жаўнерам каля моста св. Анёла разам з некаторымі маладымі людзьмі (я і сам там часта бываў) прыходзілася спяшацца на месца і расчышчаць праход палкамі, каб пазбегнуць сур’ёзных інцыдэнтаў. Уначы можна было бачыць, як многія бедныя пілігрымы спяць у галерэях, тады як іншыя блукаюць у пошуках згубленых бацькоў, сыноў ці таварышаў, так што на іх шкада было глядзець. І гэта працягвалася да свята Унебаўшэсця, калі натоўпы зноў зменшыліся, таму што ў Рым прыйшла чума. Многія людзі, асабліва з пілігрымаў, тады памерлі. Усе касцёлы былі поўныя хворых і паміраючых. Людзі ляжалі на заражаных вуліцах, як сабакі. Сярод тых, хто з вялікім цяжкасцямі, апалены гарачынёй і пакрыты пылам, выходзіў з Рыма, шмат хто станавіўся ахвярай жахлівай пошасці, і нават у Таскане і Ламбардыі можна было бачыць магілы ўздоўж дарог»46.
Мані кажа нам, што адміністрацыя шпіталя Санта-Марыя-Нуова ў Фларэнцыі аказвала вялікую міласэрнасць да пілігрымаў, якія заражаліся ў дарозе, пасылаючы мулаў і пагоншчыкаў нават у Сіену, каб даставіць тых, каго ўдавалася знайсці, у шпіталь, дзе ім аказвалася дапамога. Сам Папа пераехаў з Рыма ў Фабрыяна47, але вярнуўся ў верасні, калі з халаднейшым надвор’ем пошасць спынілася і пілігрымы прыехалі зноў. Але вернемся да нашай хронікі:
«У Рым прыехала столькі людзей, што горад не мог змясціць іншаземцаў, хоць кожны дом і стаў гасцініцай. Пілігрымы малілі з любові да Бога пусціць іх пажыць, але гэта было немагчыма. Ім прыходзілася начаваць на дварэ. Многія гінулі ад холаду; на іх страшна было глядзець. Але натоўпы ўсё адно былі такія, што горад сапраўды галадаў. Кожную нядзелю мноства пілігрымаў пакідала Рым, але да наступнай суботы ўсе дамы зноў былі занятыя. Калі хто хацеў пайсці да базілікі св. Пятра, то да яе немагчыма было дабрацца з-за таго, што вуліцы былі напоўнены натоўпамі людзей. Касцёлы св. Паўла, св. Яна на Латэране і св. Марыі Вялікай былі абложаны вернікамі. Увесь Рым быў настолькі забіты, што прайсці па ім было ўвогуле немагчыма. Калі Папа ўдзяляў урачыстае благаслаўленне, усе адкрытыя плошчы ў ваколіцах базілікі св. Пятра, у тым ліку прылеглыя вінаграднікі, з якіх можна было бачыць лоджыю, былі шчыльна запоўнены пілігрымамі. Але яшчэ большая колькасць прысутных увогуле не магла нічога бачыць, і так працягвалася да Божага Нараджэння»48.
Сярод тых, хто сабраўся ў Рыме ў гэты год, было шмат дастойных наведвальнікаў. Там былі святыя і грэшнікі, свецкія ўладары і людзі касцёльнай годнасці, гуманісты і тыя, каго гуманісты называлі варварамі. Сярод першых можна згадаць знакамітага св. Яна Капістрана, св. Якуба з Марке і св. Дыега49. Людзей Касцёла наўрад ці можна пералічыць, але мала хто прыцягнуў такую ўвагу, як арцыбіскуп Трыра Якаб фон Зірк, які прыбыў у суправаджэнні ста пяцідзесяці князёў. Сярод свецкіх уладароў, якія выйшлі ў пілігрымку, можна назваць Альбрэхта VI50, герцага Аўстрыі, брата імператара; Уільяма, графа Дугласа51, і некалькіх нямецкіх уладароў52.
Аднак 19 снежня53 адбылося жахлівае здарэнне, калі ў базіліцы св. Пятра сабраўся незвычайна вялікі натоўп, каб ушанаваць святую хустку. Каля шаснаццатай гадзіны Папа паслаў паведаміць, што сёння благаслаўленне ўдзяляцца не будзе, і людзі паспяшаліся дадому праз мост св. Анёла. Некаторыя коні і мулы раптоўна спужаліся, і пачалася цісканіна. Многія пілігрымы былі задушаны, затаптаны або ўпалі ў Тыбр. Кастэлян распарадзіўся закрыць брамы моста, каб больш ніхто не ўвайшоў, але згубная даўка працягвалася яшчэ гадзіну. Памерлых перанеслі ў касцёл св. Цэльса. «Я сам перанёс дванаццаць цел, — піша храніст Паала дэла Мастра, — і сто семдзесят два целы прадстаўлялі сабою смутнае відовішча. Плач і галашэнне тых, хто сярод памерлых знайшоў сваіх бацькоў, сыноў і братоў, працягваліся на вуліцах ажно да поўначы. Сапраўды, сумна было назіраць за беднымі людзьмі, якія са свечкамі ў руках аглядалі шэрагі цел, што ляжалі там». Апоўначы па загадзе Папы сто дваццаць восем цел перанеслі ў Кампа-Санта каля базілікі св. Пятра, дзе яны заставаліся ўсю нядзелю для апазнання. Астатнія целы паклалі ў касцёле Санта-Марыя-дэла-Мінерва або пахавалі пры касцёле св. Цэльса. «Іхнюю вопратку аддалі на адказнае захоўванне майму бацьку Бенедэта, — кажа Паала, — і склалі ў адной частцы касцёла. Многа хто з людзей прыходзіў, шукаючы сваіх, і дазнаваўся пра сваю страту»54. Папа быў вельмі засмучаны гэтай жахлівай катастрофай, і, каб папярэдзіць будучыя здарэнні, шэраг дамоў перад мостам прыбралі, стварыўшы дадатковую адкрытую прастору. Пры ўваходзе на мост узвялі дзве капліцы, прысвечаныя адпаведна св. Марыі Магдалене і свв. Немаўлятам, і там штодзённа служылася Імша за душы ахвяр. Клімент VII замяніў гэтыя капліцы статуямі святых апосталаў, якія і цяпер там стаяць.
Пілігрымы прыносілі з сабою ў якасці ахвяраванняў вялікія сумы, і мы даведваемся, што грошай у той час не хапала, таму што «ўсе яны цяклі ў Рым на Юбілей». Мікалай V карыстаўся атрыманымі рэсурсамі, каб аднавіць грамадскія будынкі і паспрыяць адукацыі і мастацтву. Але пры размеркаванні багаццяў не былі забыты і жабракі55. У пачатку наступнага года Папа — зазвычай па просьбе адпаведных суверэнаў — накіроўваў у некаторыя замежныя краіны сваіх легатаў, каб пашырыць юбілейны адпуст на тых вернікаў, якія не змаглі наведаць Рым56. Умовы яго атрымання найчасцей уключалі ў сябе наведванне або серыю наведванняў катэдральнага касцёла дыяцэзіі і ахвяраванне міласціны на тыя ці іншыя мэты. Адным з такіх легатаў быў кардынал Мікалай Кузанскі, вельмі святы іерарх, які сваёй працай і пропаведдзю ў Германіі шмат зрабіў для выпраўлення злоўжыванняў, якія тады былі частымі ў Касцёле.
Кожны, хто чытае аповед пра ягонае прапаведаванне падчас Юбілею ў Пастара або Янсэна, можа бачыць наколькі вялікае дабро павінна была прынесці гэтая магчымасць ласкі. «Мікалай Кузанскі, — кажа Людвіг Пастар, — глядзеў на справу касцёльнай рэформы як на пытанне ачышчэння і аднаўлення, а не руйнавання і разбурэння. Ён лічыў, што чалавек павінен не дэфармаваць тое, што з’яўляецца святым, а хутчэй сам перамяняцца пад яго дзеяннем. І таму ён перш за ўсё і галоўным чынам быў рэфарматарам сам. Ягонае жыццё было адлюстраваннем кожнай хрысціянскай і святарскай цноты. Справядліва перакананы, што абавязкам кожнага, хто займае высокія пасады ў Касцёле, з’яўляецца служэнне прапаведавання, ён усюды абвяшчаў Божае слова як духавенству, так і свецкім, а ягоныя ўчынкі адпавядалі ягонай пропаведзі. Ягоны прыклад быў нават мацнейшы за казанні. Пагарджаючы ўсякай раскошай, ён падарожнічаў на сваім муле ў суправаджэнні толькі некалькіх рымлян, і яго цяжка было пазнаць, хіба што па срэбраным крыжы, які даў яму Папа. Яго насадзілі на дрэўка і насілі перад ім. Прыбываючы ў нейкі горад, ён найперш кіраваўся ў касцёл, дзе горача прасіў нябеснага благаслаўлення на тую справу, якую меўся выконваць. Многія князі і багатыя людзі прыносілі яму цудоўныя падарункі, але ён устрымліваўся ад таго, каб іх прымаць. Сярод ягоных кампаньёнаў быў святы і адукаваны Дыянісій Картузіянец — чалавек, поўны самага гарачага запалу ў справе аднаўлення манаскага жыцця»57.
Дэтальны разгляд гісторыі шаснаццаці Юбілеяў, якія адбыліся пасля Юбілею Мікалая V, выходзіць за межы гэтай невялікай кнігі. Дастаткова сказаць, што канстытуцыяй Папы Паўла II, апублікаванай у 1470 г., інтэрвал паміж святымі гадамі быў скарочаны да чвэрці стагоддзя. Гэтае правіла так і выконваецца з тых часоў. Толькі адзін Пантыфік кіраваў Касцёлам дастаткова доўга, каб мець магчымасць адсвяткаваць два прылеглыя Юбілеі. Гэта быў Пій ІХ, які стаў Папам у 1846 г., а памёр у 1878 г. Але з увагі на палітычныя прычыны тых часоў аказалася немагчымым запрасіць вернікаў сабрацца ў Рыме ні ў 1850, ні ў 1875 г. Адпаведна, у гэтыя два гады ў Рыме святы год не адзначаўся ў тых формах, якія перадала традыцыя.
2. Святыя дзверы
Кардынал Нікалас Уайзман у сваіх «Успамінах пра чатырох апошніх Папаў» пакінуў нам кароткае апісанне сцэны адкрыцця Юбілею 1825 г. Гэта адбылося ўсяго стагоддзе таму, і ён сам быў сведкам гэтай падзеі.
«Наведвальнік Рыма, — піша ён, — мог лёгка заўважыць, што з пяці вялікіх дзвярэй, якія вядуць з галерэі ў касцёл, найбліжэйшая да палаца замуравана і мае на сабе пазалочаны металічны крыж, моцна пацёрты вуснамі пілігрымаў. На пытанне яму адкажуць, што гэта porta santa, або святыя дзверы, падобныя да каралеўскай брамы ў Ерузалеме, якая ніколі не адкрываецца, акрамя як для самых урачыстых уваходаў.
Гэтыя дзверы адчыняюць толькі падчас юбілейнага года, і менавіта з мэтай іх адкрыцця ў якасці сімвалічнага жэста на пачатак Юбілею Папа спусціўся ў вестыбюль. Вялізны касцёл унутры пусты, таму што яго дзверы былі ўвесь дзень зачынены. Незлічонае мноства пілігрымаў, пачынаючы ад знатных князёў і заканчваючы самымі беднымі пілігрымамі з паўднёвай Італіі, нецярпліва чакалі ў галерэі і на прыступках звонку. Пасля ўступных малітваў, добра падабраных са Святога Пісання, Папа спускаецца са свайго трона і, узброіўшыся срэбраным малатком, ударае ў сцяну ў дзвярным праёме. Яе ўжо загадзя адрэзалі па перыметры ад вушакоў і перамычкі, і яна адразу падае ўнутр; яе адразу ж прыбіраюць актыўныя санп’етрына58.
Затым Папа без галаўнога ўбора і са свечкай у руках59 уваходзіць праз гэтыя дзверы, а за ім уваходзяць кардыналы і іншыя служыцелі. Яны ідуць да галоўнага алтара, пры якім, як звычайна, спяваюцца першыя Нешпары свята Нараджэння Пана. Абрады таго дня вельмі добра адбіліся ў маёй памяці, і з гэтым звязана адно невялікае здарэнне. Маючы магчымасць з усёй пашанай і пабожнасцю прайсці праз святыя дзверы адным з першых, я памятаю, з якімі эмоцыямі ўбачыў першага клерыка, які ў нашыя часы адмовіўся ад годнасці і лёгкага жыцця ў якасці цаны за сваё навяртанне. У гэтым акце пілігрыма яго акружала або суправаджала ягоная сям’я, якая ішла за ім у ягонай пілігрымцы ласкі. У тыя дні такая асоба была рэдкасцю і чымсьці абсалютна выключным; мы і не думалі, што нашыя вочы некалі прызвычаяцца бачыць многіх такіх людзей»60.

Галерэя базілікі св. Пятра, у якой адбываецца абрад адкрыцця святых дзвярэй; самі дзверы можна бачыць справа. Удалечыні знаходзіцца статуя Карла Вялікага, узведзеная да Юбілею 1725 г.
Так, калі коратка, выглядае абрад, які, несумненна, выконваўся пры адкрыцці святых дзвярэй з пачатку XVI ст. Але тады ўзнікае пытанне: як узнікла гэтая цырымонія і ў чым заключаецца яе сувязь з удзяленнем вялікага юбілейнага адпусту ў пачатку святога года? Згодна з меркаваннем, якое ўжо доўгі час лічыцца агульнапрынятым, увесь абрад быў вынаходніцтвам Іагана Буркарда, знакамітага цырымоніймайстра Папы Аляксандра VI, і ніколі не здзяйсняўся ні ў якім выглядзе да Юбілею 1500 г. пры пантыфікаце гэтага Папы. Гэтую гіпотэзу наўрад ці можна лічыць карэктнай, таму што зразумела, што цэнтральная ідэя расчынення дзвярэй як сімвала праліцця Божай міласэрнасці, мае значна даўнейшае паходжанне і не магла ўзнікнуць пры пантыфікаце такога злога чалавека, як Аляксандр VI.
Але паглядзім у дзённіку самога Буркарда, што ён кажа пра гэтую справу. Ягоны аповед перадае наступнае.
У 1499 г., у трэцюю нядзелю Адвэнту, Папа склікаў звычайных пенітэнцыярыяў на нараду ў базіліку св. Пятра, каб абмеркаваць умовы адпусту, удзяленне паўнамоцтваў і іншыя меры, якія неабходна было прыняць з набліжэннем Юбілею. Папа пажадаў, каб яны абдумалі гэтыя пытанні, а потым паведамілі яму. 18 снежня, у сераду, Аляксандр у другой палове дня прыбыў у базіліку, каб паслухаць, што яны вырашылі. «І тады, — кажа Буркард, — я выкарыстаў магчымасць паказаць Яго Святасці тое месца ў капліцы св. Веранікі, якое канонікі базілікі абвясцілі так званымі залатымі дзвярыма, якія павінны адкрывацца Папамі кожны соты год Юбілею61, пра што я сам часта чуў у народзе. Яго Святасць палічыў, што гэтыя дзверы трэба такім жа чынам адкрыць і ў гэты Юбілей, і распарадзіўся дзеля ўпрыгожвання выразаць і размясціць вакол дзвярэй блокі мармуру, паклаўшы іх на такой шырыні і вышыні, каб самі дзверы аказаліся ўнутры. Ён таксама загадаў цалкам прыбраць сцены спераду і збоку ад згаданай капліцы, каб людзі маглі свабодней праходзіць»62.
Затым Буркард апавядае, што Папа загадаў прызначыць чатырох мужчын, двое з якіх павінны былі ахоўваць базіліку ўдзень, а двое іншых — уначы, назіраючы, каб не адбылося нічога дрэннага, таму што залатыя дзверы не павінны былі закрывацца ні ўдзень, ні ўначы на працягу ўсяго наступнага юбілейнага года, і тое самае павінна было адбывацца ў астатніх трох базіліках63.
«Таксама былі дадзены распараджэнні галоўнаму муляру Тамаза Матараці, каб ён у межах залатых дзвярэй зняў слой сцяны, так што засталося б чатыры-пяць пальцаў таўшчыні, але нельга было праламаць дзірку. І, калі б Яго Святасць падчас служэння Нешпараў вігіліі Нараджэння Пана прыклаў да яе руку, яна лёгка і без затрымкі ўпала б, адкрываючы ўсім свабодны праход.
Прыняўшы ўсе рашэнні, Папа вярнуўся ў палац і сказаў галоўнаму муляру брацца за даручаную яму працу па аздабленні дзвярэй… і тады было высветлена64, што на гэтым месцы ўвогуле не было ніякіх дзвярэй, што сцяна была цэльнай і тоўстай, неаддзельнай ад іншых частак сцяны злева і справа. На тым месцы, якое мы лічылі дзвярным праёмам, быў толькі алтар. Але, паколькі народ трымаўся такой думкі, мне не хацелася парушаць іхнюю веру, якая магла толькі паспрыяць пабожнасці».
Апісваючы цырымоніі адкрыцця Юбілею ў базіліцы св. Пятра, Буркард кажа, што ў тры іншыя базілікі былі дэлегаваны тры кардыналы, каб яны і там «адкрылі залатыя дзверы». Адносна гэтага Буркард зазначае: «Я даў Яго Эмінэнцыі арцыбіскупу Рагузы копію вершаў і малітвы (якія ён, Буркард, уклаў адмыслова для гэтай нагоды) для ягонай інфармацыі і разумення, паводле якога абраду трэба адкрываць залатыя дзверы ў базіліцы св. Паўла. Але ні абат, ні манахі не мелі паняцця, якія дзверы ў гэтай базіліцы з’яўляюцца залатымі. Таму, як я даведаўся пазней, ён адкрыў трое папярэдне замураваных дзвярэй у пярэдняй частцы касцёла, хутчэй каб праветрыць касцёл, чым па нейкай іншай прычыне. Але гэта не надта істотна, бо дурным для збаўлення хопіць і веры. Мне, аднак, здалося дзіўным, што ўсе манахі гэтага кляштара заставаліся ў няведанні адносна такой важнай справы»65.
З гэтых апошніх слоў здаецца зразумелым, што сам Буркард цвёрда верыў у традыцыю залатых дзвярэй. Ён ніколі не стаў бы займацца такой складанай містыфікацыяй, запісваючы ўсё гэта ў свой дзённік, калі б ведаў, што на той час не існавала ніякай традыцыі залатых дзвярэй, акрамя той, што ён выдумаў сам. Існаванне нейкай агульнай чуткі можна прыняць як факт; цяжка, аднак, вызначыць, наколькі гэтая чутка мае рэальныя падставы. Важна зазначыць, што меркаваныя залатыя дзверы ў капліцы св. Веранікі базілікі св. Пятра павінны былі адкрывацца толькі кожныя сто гадоў. Такім, прынамсі, быў погляд Аляксандра VI, і ён не толькі ўнёс у сваю булу ад 20 снежня сцвярджэнне, што ён мае намер адкрыць у базіліцы св. Пятра дзверы, якія прынята адкрываць на Юбілей сотага года66, але і прымусіў Буркарда дадаць слова «centesimus» у напісаную для гэтай нагоды малітву разам са спасылкай на меркаваную практыку адкрыцця такіх дзвярэй. З іншага боку, здаецца пэўным, што ў папярэдні соты год — 1400-ы — у Рыме не праводзілася фармальнага Юбілею. Пілігрымы прыходзілі пераважна з тых краін, якія прызнавалі ўладу антыпапы: Баніфацый ІХ аказаў ім ласкавы прыём, але, як здаецца, ніякай юбілейнай булы не публікавалася, і тым больш малаімаверным здаецца, каб праводзіўся нейкі ўрачысты абрад, падобны да адкрыцця залатых дзвярэй. Зноў жа, яшчэ за сто гадоў да таго, у 1300 г., адбылося першае абвяшчэнне юбілейнага адпусту, аднак нічога ў абставінах таго абвяшчэння, пра якія ўжо было сказана, і ў маўчанні Стэфанескі і храністаў не ўказвае на правядзенне такой цырымоніі. Таму здаецца натуральным дапусціць, што рымская традыцыя залатых дзвярэй сотага года была фікцыяй і што да часоў Буркарда не існавала ніякага абраду, які ўключаў бы ў сябе адкрыццё замураваных дзвярэй.

Выгляд святых дзвярэй у базіліцы св. Пятра знутры. L’illustrazione Italiana, №1, gennaio 1900
Калі ж, аднак, мы пяройдзем да пытання, ці існуе нейкая прычына, ранейшая за XVI ст., якая звязвала б юбілейны адпуст з цырымоніяй адкрыцця дзвярэй, то акажамся зусім у іншай плоскасці. Пакінуўшы на момант па-за ўвагай усе пытанні сімволікі, а таксама біблейскія алюзіі, якія могуць лёгка натхніць такую цырымонію, мы можам спачатку звярнуцца да аднаго ці двух супадзенняў, якія абапіраюцца на пэўнае сведчанне і з’яўляюцца даволі цікавымі.
Сярод тых, хто прыйшоў у Рым на другі вялікі Юбілей 1350 г., праз пяцьдзясят гадоў пасля Юбілею Баніфацыя VIII, быў знакаміты кананіст па імені Альберык дэ Разатэ. У адным з артыкулаў свайго вялікага «Лексікона кананічнага і грамадзянскага права» ён кажа, што разам з жонкай і трыма дзецьмі ён з Божай ласкі прысутнічаў на вышэйзгаданым адпусце 1350 г. і ўсе яны па Божай міласці шчасліва вярнуліся дадому. Альберык прыводзіць копію таго, што ён лічыў аўтэнтычнай булай Клімента VI з абвяшчэннем Юбілею, але дадае таксама і другі дакумент, пра які зазначае: «Што датычыцца вышэйзгаданага адпусту, у мае рукі трапіла і іншая формула. Ці сапраўды яна з’яўляецца папскім дакументам, я сказаць не магу, але гэта прыгожы тэкст, таму я далучаю яго сюды». Меркаваная була апавядае пра тое, што да Клімента з Рыма прыйшла дэлегацыя, каб папрасіць аб скарачэнні прамежку паміж Юбілеямі са ста гадоў да пяцідзесяці. «І паколькі, — кажа Папа, — гасцям было шмат чаго расказаць, Мы распарадзіліся, каб кансісторый склікалі назаўтра. Але ўначы перад кансісторыем Мы мелі бачанне пэўнай шанаванай асобы з двума ключамі ў руцэ, якая звярнулася да Нас з наступнымі словамі: „Адкрый дзверы і пашлі з іх агонь, якім зможа абагрэцца і асвятліцца ўвесь свет“. На наступны дзень Мы адслужылі Імшу ў гонар святой Дзевы, просячы, каб гэтае бачанне, калі яно праўдзівае, з’явілася другі раз, а калі яно фантазія ці ілюзія, каб яно знікла назаўсёды. Памаліўшыся так, Мы пабачылі тое самае зноў на наступную ноч».
Што яшчэ больш цікава, іншы тэкст той жа фальшывай булы, які прыводзіць Аморт, нават ясней кажа пра гэтую прапанову адкрыць дзверы. «Мы схілілі і агалілі калені, — кажа Папа пра сябе, — і ўзнялі рукі да неба, і тады Мы адчынілі, і адкрылі для грэшнікаў святыя дзверы раю наступным чынам»67. Няма нічога дзіўнага, што, калі распрацоўваецца цырыманіял для адкрыцця Юбілею, такія словы могуць запомніцца і аказаць свой эфект. Акрамя таго, хоць аб аўтэнтычнасці гэтай булы мова не ідзе, яна, несумненна, з’яўлялася сучасным дакументам, і многія яе цікавыя дэталі ўказваюць на настрой таго часу. Ва ўсякім разе, гэты дакумент быў шырока вядомы. Яго падсумаванне можна знайсці ў хроніках абацтва Мо ў Ёркшыры68, дзе яно спалучана з надзвычай непрыемным аповедам пра жыццё яго меркаванага аўтара Клімента VI. Хоць само падсумаванне даволі кароткае, словы бачання: «Адкрый дзверы…» — захаваныя.
Другое сведчанне яшчэ больш цікавае. Яно знаходзіцца ў «Дыялогу пра юбілейны год», напісаным у чаканні Юбілею 1450 г. юрыстам Феліксам Хемерлінам69. Тон аўтара насмешлівы і незадаволены70, і ён рыхтуе чытача да больш адкрытага нападу на папства, які той жа аўтар апублікаваў ў сваім «Сціслым паўтарэнні», калі неўзабаве вярнуўся да тэмы. Але на дадзены момант характар меркаванняў Хемерліна не адыгрывае істотнай ролі. Нас цікавіць толькі ягоная згадка «залатых дзвярэй».
Цытуючы Евангелле св. Мацвея, адзін з двух суразмоўцаў у «Дыялогу» зазначае: «Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе. А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе. Вось жа, вельмі добрую аналогію тут можна правесці з залатымі дзвярыма ў Рыме, якія будуць адкрыты пры святкаванні нашага Юбілею ў касцёле св. Яна на Латэране і ў базіліцы св. Пятра, князя апосталаў, улічваючы, што апошнія пяцьдзясят гадоў яны стаялі надзейна замураванымі»71.
У спалучэнні з прамым сцвярджэннем Буркарда, што існуе «месца ў капліцы св. Веранікі, якое канонікі базілікі абвясцілі так званымі залатымі дзвярыма, якія павінны адкрывацца Папамі кожны соты год Юбілею», гэты фрагмент ад Хемерліна нельга не прызнаць вельмі істотным. Але ёсць і яшчэ больш значнае сведчанне. Нікола дэла Туча72 ў сваёй «Хроніцы Вітэрба» ў сувязі з Юбілеем, які святкаваўся пры Марціне V у 1423 г., недвухсэнсава заяўляе, што Марцін «загадаў расчыніць дзверы ў касцёле св. Яна на Латэране»73. Гэты выраз схіляе Пастара зрабіць выснову, што, магчыма, гэтыя «залатыя дзверы» на Латэране адкрывалі яшчэ ў першы святы год пры Баніфацыі VIII. Медаль з бюстам гэтага Папы і выявай латэранскіх дзвярэй яўна намякае на тое самае, але зазвычай гэты медаль лічаць фальшывым, ды і здаецца пэўным, што падчас першага Юбілею ў 1300 г. ніякіх наведванняў касцёла на Латэране не прадпісвалася. Яшчэ ў брашуры пад назвай «Рэліквіі горада Рыма і адпусты» можна прачытаць наступнае яснае сцвярджэнне: «Таксама ў згаданым касцёле на Латэране ёсць пэўныя дзверы, якія называюцца залатымі. Яны адкрываюцца на юбілейны год. Там кожны чалавек, які раскайваецца, атрымлівае прабачэнне ўсіх грахоў, г. зн. у тым, што датычыцца пакарання і віны»74. Гэтаму сведчанню, аднак, можна запярэчыць, таму што яно мае нямецкае паходжанне і, магчыма, не можа засноўвацца на рымскай традыцыі. Але такога нельга сказаць пра сведчанне фларэнтыйскага купца Джавані Ручэлаі, які сам ездзіў на Юбілей 1450 г. і пакінуў нам апісанне таго, як ён убачыў святы горад75. Ён па парадку апісвае галоўныя базілікі і іншыя святыні і ў нататцы пра касцёл св. Яна на Латэране, кажучы пра пяць дзвярэй, праз якія ў яго можна ўвайсці, зазначае: «З гэтых пяці дзвярэй ёсць адна, якая пастаянна замуравана, акрамя як у юбілейны год, калі на Нараджэнне Пана, разам з пачаткам Юбілею, яе выломваюць. Да цаглін і цэменту, з якіх яна зроблена, народ мае такую пабожнасць, што людзі амаль адразу іх разбіраюць, а іншаземцы забіраюць іх дадому як святыя рэліквіі. Кажуць, што праз гэтыя дзверы прайшло аблічча нашага Пана Езуса Хрыста, якое віднеецца над галоўным алтаром гэтага касцёла, і з пабожнасці кожны, хто атрымлівае адпуст, праходзіць праз гэтыя дзверы, якія замуроўваюцца па заканчэнні Юбілею»76.
«Гісторыя адпустаў у Сярэднявеччы». Гэта найбольш аўтарытэтная і дакладная праца з усіх, што напісаны на тэму адпустаў. Адносна Юбілею гл. т. 2, с. 103 і далей, 175 і далей; т. 3., с. 181 і далей. Кніга публікавалася ў 1922—1923 гг. Ф. Шонінгам з Падэрборна.
[Закрыть]
Platina. De vitis Pontificum.
[Закрыть]
Хустка св. Веранікі — гэта кавалак тканіны, якім, як лічыцца, яна выцерла твар нашага Пана, калі з некаторымі іншымі святымі жанчынамі сустрэла Яго па дарозе на Кальварыю (Лк 23:27). Наш Пан вярнуў ёй хустку з адбіткам свайго аблічча на ёй.
[Закрыть]
Гістарычная вобласць на паўднёвым усходзе Францыі, каля падножжа Альп — Заўв. пер.
[Закрыть]
Горад на поўначы Францыі. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Пра гэтыя дэталі мы даведваемся пераважна з трактата «De centesimo seu jubileo anno liber», напісанага кардыналам Гаэтані Стэфанескі, сучаснікам гэтых падзей. Значна лепшы тэкст за той, што быў надрукаваны ў «Maxima Bibliotheca Patrum», выдадзены Кватрокі ў «Bessarione», 1900, т. 7, с. 291 і далей.
[Закрыть]
Джавані Вілані (італ. Giovanni Villani, каля 1274/1280 — 1348) — фларэнтыйскі храніст, гісторык, дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Вядомы сваім творам «Новая хроніка». — Заўв. пер.
[Закрыть]
Гульельма Вентура (італ. Guglielmo Ventura, 1250 — 1325/1326) — італьянскі храніст, гандляр прыправамі і гарадскі чыноўнік з Асці (П’емонт). Аўтар «Летапісу дзеяў грамадзян Асці і многіх іншых гарадоў». — Заўв. пер.
[Закрыть]
Джакама Гаэтані Стэфанескі (італ. Giacomo Gaetani Stefaneschi, каля 1270 — 1343) — італьянскі кардынал. Аўтар «Кнігі пра соты, або юбілейны, год» і «Кнігі абрадаў Рымскай курыі». — Заўв. пер.
[Закрыть]
Stefaneschi. De Jubileo, p. 538.
[Закрыть]
Дантэ. Пекла, песня XVIII.
[Закрыть]
Дантэ. Чысцец, песня II.
[Закрыть]
«…не толькі поўнае і шчодрае, але і найпаўнейшае прабачэнне ўсіх іхніх грахоў» (була Antiquorum).
[Закрыть]
Георг Генрых Перц (ням. Georg Heinrich Pertz, 1795—1876) — нямецкі гісторык. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Генры Чарльз Лі (англ. Henry Charles Lea, 1825—1909) — амерыканскі гісторык і грамадскі дзеяч. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Пар. Tosti. Storia di Bonifazio VIII, vol. II, p. 288.
[Закрыть]
Карл Мартэл Анжуйскі (італ. Carlo Martello d’Angiò, 1271—1295) — сын Карла ІІ Неапалітанскага і дачкі караля Венгрыі Стэфана V Марыі Венгерскай. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Карл дэ Валуа (фр. Charles comte de Valois, 1270—1325) — французскі граф, тытулярны імператар Лацінскай імперыі, тытулярны кароль Арагона. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Луіджы Тосці (італ. Luigi Tosti, 1811—1897) — манах-бенедыктынец, гісторык. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Палітычная плынь у Італіі ХІІ—ХVI стст., якая выступала за абмежаванне ўлады імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і ўзмацненне ўплыву Папы. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Tosti. Storia di Bonifazio VIII, vol. II, p. 73. Тосці, здаецца, не заўважыў апісання гэтай дэлегацыі, якое дае ў сваёй хроніцы св. Антанін Фларэнтыйскі. Святы сцвярджае, што Баніфацый у сувязі з гэтай дэлегацыяй сказаў: «Дзеля славы імені Фларэнцыі, я заяўляю, што фларэнтыйцы ўтвораць новую сілу ў кіраванні светам». Chronicon (Lyons, 1586), III, p. 240.
[Закрыть]
Solemnis remissio omnium peccatorum, videlicet culparum et pœnarum.
[Закрыть]
Annus centenus Romæ semper est jubilenus. Omnia laxantur, cui penitent ista donantur, Hæc decrevit Bonifacius et roboravit.
[Закрыть]
«У імя Пана нашага Езуса Хрыста. 3 лістапада 1498 г. Гэтая кніга з’яўляецца абаронай супраць жорсткай хваробы адчаю і правадніком да жыцця вечнага».
[Закрыть]
Іаган Буркард (ням. Johannes Burckard, 1445/1450 — 1506) — апостальскі пратанатарый Святой Сталіцы і цырыманіярый Рымскай курыі. Вядомы аўтар літургічных кніг. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Кола дзі Рыенца (італ. Cola di Rienzo, 1313—1354) — італьянскі палітычны дзеяч. — Заўв. пер. У выд. Papencordt. Cola di Rienzo e il suo Tempo, pp. 65, 324 сцвярджаецца, што дэлегацыі было дзве: адна ў 1342 г., а другая ў 1343 г. Рыенца, паводле аўтара, быў членам другой дэлегацыі, а Петрарка — першай.
[Закрыть]
Epistolarum carmine scriptarum, lib. II, cap. 5.
[Закрыть]
Выказанае а. Гансала дэ Ільескасам у кнізе «Historia Pontifical».
[Закрыть]
Анібальда Гаэтані дзі Чэкана (італ. Annibaldo Caetani di Ceccano, каля 1282—1350) — італьянскі кардынал, арцыбіскуп Неапаля, затым біскуп Фраскаці. — Заўв. пер.
[Закрыть]
«Historia Anglicana» Уолсінгема, «Chronicon de Melsa» і некаторыя іншыя англійскія хронікі звяртаюць увагу на Юбілей. Эдуард ІІІ, аднак, паставіў перад ахвочымі пілігрымамі ўсе перашкоды з-за асцярогі, што з краіны вывезуць грошы. Некаторым англічанам усё ж удалося паехаць у Рым.
[Закрыть]
Матэа Вілані (італ. Matteo Villani, 1283—1363) — італьянскі гісторык, брат гісторыка Джавані Вілані. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Да двух касцёлаў, якія былі вызначаны раней, Клімент VI дадаў базіліку св. Яна на Латэране. Наведванне базілікі св. Марыі Вялікай было пазней уведзена Грыгорыем ХІ у канстытуцыі Salvator noster (1373), хоць сам ён не дажыў да святкавання Юбілею.
[Закрыть]
Villani. Lib. I, cap. 55.
[Закрыть]
Альберык дэ Разатэ (італ. Alberico da Rosciate, 1290—1354/1360) — італьянскі юрыст, літаратар і пасол. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Cancellieri. De secretariis, t. II.
[Закрыть]
Людовік Венгерскі (1326—1382) — кароль венгерскі, кароль польскі.
[Закрыть]
Oliphant. The Makers of Modern Rome, pp. 399—400.
[Закрыть]
Раскол у Каталіцкім Касцёле ў 1378—1417 гг., калі адразу два, а затым тры прэтэндэнты абвясцілі сябе сапраўднымі Папамі. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Гісторыя першых дванаццаці стагоддзяў хрысціянства ў дванаццаці тамах, напісаная Бароніем і Раінальдзі і апублікаваная паміж 1588 і 1607 гг. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Manetti. Vita di Nicolai V, 924. Гл. Pastor, vol. II, p. 77. Аповед пра гэты і наступны Юбілеі заснаваны на апошнім выданні.
[Закрыть]
Historia Friderici III, p. 172.
[Закрыть]
Ist. Bresc., 867.
[Закрыть]
Pastor. Vol. II, p. 81.
[Закрыть]
Vittorelli. Historia de’ Giubilei Pontificii, p. 292.
[Закрыть]
Cronache Romane, pp. 16—20. Гл. Manni. Pp. 63—66; Pastor. Vol. II.
[Закрыть]
Cronache Romane, p. 74.
[Закрыть]
Каля 200 км на поўнач ад Рыма. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Cronache Romane, p. 18.
[Закрыть]
Manni. Pp. 60—61.
[Закрыть]
Альбрэхт VI (1418—1463) — эрцгерцаг Аўстрыі. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Уільям, 8-ы граф Дуглас (1425—1452) — шатландскі барон з роду Дугласаў. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Ахоўная грамата, выдадзеная Генрыхам VI Уільяму, графу Дугласу, і ягонай свіце з правам перасячы праліў Кале, захоўваецца лагэтуль. Гл. Calendar of Documents relating to Scotland, vol. IV, №1229.
[Закрыть]
Manni і Cronache Romane называюць дату 18 снежня, але гэта памылка. Гл. Pastor. Vol. II, p. 96 і далей.
[Закрыть]
Яшчэ адзін аповед пра гэтае здарэнне знаходзіцца ў ананімным дзённіку ў Брытанскім музеі (MS. Addit. 8434, fol. 29).
[Закрыть]
Manetti. Chronica di Perugia, 924 і далей. Гл. Manni. Pp. 70—72. Müntz. Les Arts à la Cour des Papes, Nicholas V, pp. 68, 92.
[Закрыть]
Дадатковыя дэталі прыводзяцца ў выд. Noethen. Geschichte aller Jubeljahre, p. 63.
[Закрыть]
Pastor. Popes, vol. II, pp. 107—108.
[Закрыть]
Гэта група рабочых «на ўсе рукі», якія знаходзяцца на пастаянным заробку ў базіліцы св. Пятра і носяць адмысловую вопратку. Яны ўтрымліваюць касцёл у дасканалым тэхнічным парадку і прыгожым стане амаль без усякай знешняй дапамогі. Іх дзейнасць і розум вартыя пахвалы. — Заўв. кард. Вайзмана.
[Закрыть]
Свечку ён трымае ў левай руцэ, а ў правай руцэ знаходзіцца crux hastata — крыж з доўгім дрэўкам, які служыць яму замест ферулы. На адным з медалёў, выпушчаных да дадзенага Юбілею Льва ХІІ, паказана гэтая дэталь абраду. Насуперак таму, што сцвярджае кардынал Уайзман, Папа там паказаны ў мітры, але гэтую недакладнасць дапусціў мастак.
[Закрыть]
Cardinal Wiseman. Recollections of the Last Four Popes, pp. 270—271.
[Закрыть]
Quæ singulo centesimo jubilei anno consuevit per summos pontifices aperiri.
[Закрыть]
Diarium (ed. Thuasne), vol. II, p. 582.
[Закрыть]
Burchard. Vol. II, p. 583.
[Закрыть]
У выданні сказана «co-opertum», хоць, відавочна, мелася на ўвазе «compertum».
[Закрыть]
Burchard. Vol. II, p. 600.
[Закрыть]
«Quo tempore (г. зн. на першыя Нешпары свята Нараджэння Пана) portam dicte Basilice Beati Petri centesimo quoque anno jubilei pro majore fidelium devotione aperiri solitam…» (Burchard. Vol. II, p. 586). Варта зазначыць, што Буркард не сцвярджае, што залатыя дзверы на Латэране адкрываліся толькі кожны соты год.
[Закрыть]
«Genibus flexis et denudates et manibus compositis versus cœlum aperuimus peccatoribus sanctam portam paradisi et reseravimus per hunc modum». Amort. De origine indulgentiarum, 1738, p. 70. Адносна гэтага фальшывага дакумента гл. Paulus. Geschichte des Ablasses, II, p. 115—116.
[Закрыть]
Chronicon Monasterii de Melsa, vol. III, p. 88.
[Закрыть]
Фелікс Хемерлін (ням. Felix Hemmerlin, 1388/9 — каля 1460) — швейцарскі святар, юрыст, аўтар, удзельнік Канстанцкага (1414—1418) і Базельскага (1431—1449) сабораў. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Д-р Пастар, як ні дзіўна, выказаў адносна прыхільную ацэнку ў адрас «Dyalogus de anno jubileo» Хемерліна. Гл. Geschichte der Päpste (4-e выд.), vol. I, p. 416.
[Закрыть]
«Dyalogus de anno jubileo», надрукаваны ў Базелі ў 1497 г., sig. P2, V°. Важныя словы: «Ad hanc igitur portam faciemus applicationem congruissimam ad Romæ portam auream, quæ aperietur in nostre jubilationis solemnitate apud S. Joannem Lateranensem et beati Petri principis apostolorum basilicam pro nunc prout per quinquaginta annos steterat muris firmissimis obstructa».
[Закрыть]
Нікола дэла Туча (італ. Niccola della Tuccia, 1400—1472) — храніст з Вітэрба. — Заўв. пер.
[Закрыть]
Pastor. Geschichte, vol. I, p. 416.
[Закрыть]
«Item in dicta ecclesia lateranensi est quædam porta quæ dicitur aurea porta et ista aperitur in anno jubileo; ibi cuilibet penitenti remittuntur omnia peccata scilicet a parte pena et culpa» (sic), — Reliquiæ Rhomanæ Urbis atque Indulgentiæ, col. 10. Паводле сп. Проктара, гэтая кніга была надрукавана Іаганам Амербахам у Базелі. Яна не мае даты, але па выкарыстаных там вобразах можна лічыць, што яна належыць да самых ранніх кніг гэтага друкара і была надрукавана каля 1483 г.
[Закрыть]
Гэтае сведчанне пацвярджае нямецкі «Rombüchlein» — блокбух, надрукаваны ў 1475 г. ці раней, увагу на які звяртае д-р Паўлус у выд. «Zeitschrift f. k. Theologie», vol. XXIV, p. 174. У гэтым даведніку апісваецца не толькі «gulden phort» на Латэране, але і залатыя дзверы ў ватыканскай капліцы св. Веранікі.
[Закрыть]
Marcotti. Il Giubileo dell’anno 1450 // Archivio di Storia Patria, vol. IV, pp. 569—570.
[Закрыть]